Траціна беларускіх камерцыйных банкаў могуць спыніць існаванне

Беларускія банкі, якія не выканалі да 2015 года патрабаванне да велічыні ўласнага капіталу, могуць быць ператвораныя ў нябанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі. Адпаведную прававую базу для стварэння небанкаўскіх арганізацый фармуе Нацбанк.



santa_money.jpg

Згодна з беларускім заканадаўствам, з 1 студзеня 2015 уласны (нарматыўны) капітал ўсіх камерцыйных банкаў Беларусі павінен складаць не менш за 25 млн. еўра ў эквіваленце. Аднак паводле апошніх справаздачных дадзеных (на 1 ліпеня 2014 года), 11 камерцыйных банкаў Беларусі не адпавядалі гэтаму патрабаванню. Усяго ж у Беларусі існуе 31 камерцыйны банк.

Камерцыйныя банкі, якія да канца бягучага года не змогуць павялічыць нарматыўны капітал да патрабаванага нарматыву, могуць страціць статус банка і быць ператвораныя ў небанкаўскія крэдытна-фінансавыя арганізацыі (НКФА). Паводле інфармацыі банкіраў, у бліжэйшы час павінна з’явіцца афіцыйнае рашэнне аб велічыні статутных фондаў НКФА.

Мяркуецца, што статутныя патрабаванні да НКФА будуць істотна ніжэй, чым для камерцыйных банкаў. Разам з тым магчымасці для камерцыйнай дзейнасці ў небанкаўскіх арганізацый таксама будуць абмежаваныя.

«Пераход банка ў шэраг небанкаўскай арганізацыі мае на ўвазе выключэнне магчымасці абслугоўваць рахункі кліентаў. Для кліентаў такія змены фактычна азначаюць, што банк спыняе існаванне, бо апошні, будучы пераназваным у небанкаўскую арганізацыю, не зможа ажыццяўляць шэраг фінансавых аперацый», — растлумачыў БелаПАН сітуацыю топ-менеджэр аднаго з камерцыйных банкаў.

Шэраг банкаў, па наяўных дадзеных, праводзяць падрыхтоўчую працу для таго, каб выканаць да пачатку 2015 патрабаванне да велічыні ўласнага капіталу.

«Адзін з магчымых механізмаў выканання банкамі новых патрабаванняў да нарматыўнага капіталу — зліццё банкаў. Таму адзінкавыя здзелкі па зліцці банкаў, паміж якімі існуюць партнёрскія адносіны, магчымыя», — лічыць дырэктар інвестыцыйнай кампаніі «Юнітэр» Раман Восіпаў.

На думку эксперта, у залежнасці ад сітуацыі, у якой знаходзіцца банк, магчымыя некалькі сцэнароў развіцця сітуацыі. «Банкі, велічыня ўласнага капіталу якіх блізкая да выканання новых патрабаванняў, знойдуць магчымасць яго павялічыць. Лічаныя мільёны долараў — як правіла, не з’яўляюцца для банкіраў праблемай. У той жа час банкі, якія не змогуць павялічыць капітал і не знойдуць магчымасці аб’яднацца з іншымі, сапраўды могуць быць вымушаны перайсці ў разрад нябанкаўскіх крэдытна-фінансавых арганізацый», — кажа Раман Восіпаў.

Банкаўскі сектар Беларусі ўключае 31 камерцыйны банк і лічыцца высокаканцэнтраваным. На долю пяці найбуйнейшых банкаў прыпадае каля 80% банкаўскіх актываў, пры гэтым тры з пяці найбуйнейшых банкаў з’яўляюцца дзяржаўнымі банкамі — «Беларусбанк», «Белаграпрамбанк» і «Белінвестбанк». Па дадзеных на 1 студзеня 2014 года, уласны капітал у 13 банкаў складаў менш за 25 млн. еўра, на 1 ліпеня 2014 года такіх банкаў было 11.