У Беларусі закрываюць аптэкі з «няправільнымі» цэнамі
У Беларусі прыпыненая праца 28 аптэк у Мінску, Гомелі, Бабруйску і Жодзіне «за парушэнні патрабаванняў заканадаўства», што выяўляецца ў «неабгрунтаваных цэнах» на мясцовыя і імпартныя лекі.
«Камітэтам дзяржкантролю сумесна з зацікаўленымі ведамствамі працягваюцца кантрольна-аналітычныя мерапрыемствы ў аптэчнай сетцы па пытанні абгрунтаванасці цэн на айчынныя і імпартныя лекавыя сродкі, а таксама выканання патрабаванняў заканадаўства пры ажыццяўленні фармацэўтычнай дзейнасці. У лютым — пачатку сакавіка маніторынгі праведзены ў 130 аптэках, якія належаць суб’ектам гаспадарання рознай формы ўласнасці. Устаноўлена, што практычна паўсюдна адбылося павелічэнне рознічных цэн на лекавыя прэпараты», — цытуе паведамленне КДК АФН.
«Пэўныя меры па стрымліванні рознічных цэн на лекі прынятыя ў тым ліку за кошт увядзення аптэчнымі сеткамі скідак, памяншэння памеру гандлёвых надбавак, якія прымяняюцца. У той жа час некаторыя арганізацыі праігнаравалі рэкамендацыі аб абмежаванні рознічных цэн на лекі», — сказана ў паведамленні.
Дзяржкантроль папярэджвае ўладальнікаў аптэчных сетак, што ў выпадку выяўлення фактаў «неабгрунтаванага павышэння цэн на лекі да суб’ектаў гаспадарання будуць прымяняцца адпаведныя меры рэагавання аж да прыпынення дзейнасці аптэк».
Нагадаем, што ў Беларусі са студзеня ўрад змяніў стаўкі падатку на дададзеную вартасць на ўвоз і продаж лекаў і медвырабаў, а таксама сыравіну і матэрыялы для іх вытворчасці. З гэтага часу тыя партыі тавару, якія ўвозіліся ў краіну, павінны абкладацца ПДВ у 10%, а на ўвезеныя да гэтага года лекі і медвырабы трэба было перагледзець цэны да 1 лютага. У аптэчных сетках распавядаюць, што ўжо ўключаюць ПДВ у 10% у рознічныя цэны на новыя партыі лекаў ад пастаўшчыкоў.
МАРГ і Міністэрства аховы здароўя толькі 1 лютага апублікавалі рэкамендацыі аптэкам, як прымяняць павялічаны ПДВ на лекі і медвырабы. Калі коратка, то ведамствы «рэкамендавалі» знізіць аптовыя і гандлёвыя надбаўкі і ладзіць зніжкі. У адваротным выпадку абяцалі ўстанавіць столь па гранічных рознічных цэнах.
Праз тры тыдні ўрад увёў істотныя абмежаванні па росце цэн на некаторыя з прэпаратаў. У спісе аказалася 50 пазіцый. Сярод іншага, гэта амаксіцылін, азітраміцын, анальгін, арпетол, ксіліт, амепразол, эсенцыкапс пэўных вытворцаў. Так, да канца лютага вытворцам, пастаўшчыкам і гандлю забаранілі падымаць цэны, а з 1 сакавіка — не больш за чым на 0,2% у месяц.