У чаканні складаных часоў

«Што рускаму добра, тое немцу — смерць», — гэтая прымаўка працуе ў абодва бакі. Падаецца, Расію бліжэйшым часам чакаюць жорсткія выпрабаванні. А разам з ёй і Беларусь — таму што не трэба было ўлазіць у Саюзную дзяржаву і зацыклівацца на нафтаперапрацоўцы.

Фота www.vedomosti.ru

Фота www.vedomosti.ru

На тыдні кошт расійскай нафты Urals у Паўночна-Заходняй Еўропе ўпаў да 13 долараў за барэль. Гэта мінімальны ўзровень з сакавіка 1999 года, паведамляе агенцтва «Аргус». Падавалася б, нам ад гэтага даволі добра — мы можам цяпер ціснуць на ўсходніх «партнёраў», якія ўсё яшчэ трымаюцца за звышпрыбыткі і патрабуюць нейкіх прэміяў за пастаўкі нафты ў Беларусь.

Нагадаем, што ўсе нафтавыя праблемы нашага «стратэгічнага саюзніка» з’явіліся з-за яго сквапнасці. Расія ў даволі рэзкай форме адмовілася скараціць здабычу сваёй нафты дзеля падтрымання сусветных цэнаў на яе. У выніку пагадненне АПЕК+ спыніла сваю дзейнасць з 1 красавіка 2020 года. Яшчэ раней Саудаўская Аравія і іншыя нафтавыя гульцы рэзка абвалілі кошт нафты на сусветных рынках.

Аднак нам не трэба ў сувязі з гэтым вельмі моцна радавацца. Справа ў тым, што бюджэт Расіі разлічаны на цану 42,4 долара за барэль расійскага гатунку Urals. Адпаведна, ВУП Расіі ў гэтым годзе будзе «ніжэй за плінтус». Ёй давядзецца вельмі істотна падтрымліваць сваю эканоміку, і ў далейшым можна чакаць абвалу расійскага рубля.

Прычым, кампенсаваць такое падзенне цэнаў на нафту за кошт нейкіх іншых рэсурсаў у «сусветнай бензакалонцы» не атрымліваецца. Разам з нафтай абваліліся і цэны на газ. З-за цёплай зімы і паставак звадкаванага прыроднага газу ў еўрапейскіх падземных сховішчах засталіся рэкордныя рэшткі газу. Гэта апусціла спотавыя цэны на газ у Еўропе да ўзроўню аж унутрырасійскіх!

У аўторак, 31 сакавіка, кошт паліва на галандскай TTF і брытанскім газавым хабе National Balancing Point усталяваўся на ўзроўні 82 долары за тысячу кубаметраў. У заходніх расійскіх рэгіёнах — Ленінградскай і Смаленскай абласцях — газ каштуе 59 долараў за тысячу кубоў. Калі дадаць да яго велічыню экспартнай мытнай пошліны ў 30%, атрымліваецца 84–85 долараў, што перавышае цану на еўрапейскіх пляцоўках.

Беларусь пакуль купляе расійскі газ па цане 127 долараў за тысячу кубаметраў, а гэта прыкладна ў паўтара разы даражэй бягучых еўрапейскіх рынкавых коштаў. Зразумела, мы лічым такі кошт завышаным, і знайшлі ў гэтым саюзнікаў. У аўторак Лукашэнка паразмаўляў з прэм’ерам Арменіі Ніколам Пашынянам. Згодна з паведамленнямі прэс-службы беларускага кіраўніка, «Лукашэнка і Пашынян у тэлефоннай размове сышліся ў меркаванні, што цэны на расійскі газ з’яўляюцца завышанымі». Мажліва, у бліжэйшы час нас чакае чарговая «газавая вайна», якая будзе ініцыяваная беларускім бокам.

Між тым, Расія — галоўны знешнеэканамічны партнёр Беларусі. Менавіта туды мы пастаўляем 90% нашай сельскагаспадарчай прадукцыі, трактары, аўтамашыны і гэтак далей. Калі пакупніцкая здольнасць у нашай суседкі рэзка ўпадзе, пацерпяць і нашы экспарцёры — нават у першую чаргу.

«Трывожны званочак» з гэтай нагоды ўжо гучыць. Газета «Коммерсантъ» адзначае, што ў Расіі існуе дэмпферны складнік зваротнага акцызу на нафту. Гэты механізм закліканы згладжваць ваганні цэн на паліва на ўнутраным рынку. У агульных рысах, калі экспартная цана бензіну і дызпаліва вышэй унутрырасійскай, то дзяржава кампенсуе нафтакампаніям частку гэтай розніцы, каб яны не падвышалі цэны ў РФ. А калі расійскія цэны будуць вышэйшыя за экспартныя, то нафтавікі падзеляцца з дзяржавай часткай свайго звышпрыбытку.

Але гэты дэмпфер быў разлічаны на іншы дыяпазон коштаў на нафту. У сённяшняй жа сітуацыі для Расіі асабліва небяспечныя магчымыя пастаўкі паліва з Беларусі, піша выданне. Бо Беларусь можа атрымліваць бязмытную нафту і вырабляць паліва значна танней за еўрапейскія НПЗ. Таму крыніцы «Коммерсанта» лічаць, што Расія павінна ўвесці загара­джальную пошліну на імпарт паліва — у першую чаргу, нашага.

Калі такія захады будуць прынятыя, то, зразумела, нам гэта на карысць не пойдзе. Вось толькі цікавае пытанне — ці патаннее ў сувязі з «перавытворчасцю» бензін у Беларусі?

Наш экспарт можа таксама прасесці і з-за некаторых іншых рашэнняў у «саюзнікаў». На фоне ажыятажнага попыту краіны ЕАЭС, у які ўваходзіць і Беларусь, дамовіліся ўсталяваць часовую забарону на вываз з тэрыторыі саюза асобных відаў харчовых тавараў, паведамляецца на сайце Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Часовую забарону на вываз з краін Еўразійскага эканамічнага саюза ўвядуць на рэпчатую цыбулю, часнык, рэпу, жыта, рыс, грэчку, проса, крупы, муку грубага памолу і гранулы з зерня злакаў, абдзёртае грачанае зерне, гатовыя харчовыя прадукты з грэчкі, драблёныя і недраблёныя соевыя бабы і насенне сланечніку. Іх вываз забараняецца на перыяд да 30 чэрвеня.

На думку ініцыятараў гэтага захаду, увядзенне забароны дазволіць забяспечыць насельніцтва дастатковай колькасцю такіх тавараў падчас абвастрэння санітарна-эпідэміялагічнага становішча. Раней у Беларусі былі складанасці з пастаўкамі рысу і грэчкі з Расіі. Прычына — суседзі забаранілі экспарт круп, але пазней адмянілі гэтае рашэнне.

Канешне, клопат пра нацыянальную харчовую бяспеку, і нават наднацыянальную — гэта даволі добра. Але пры гэтым нам трэба клапаціцца і пра сваю эканоміку. Напрыклад, у ЕАЭС не ўваходзіць другі наш буйны і ці не самы лепшы партнёр па бізнесе на постсавецкай прасторы — Украіна. Рашэнне Еўразійскай эканамічнай камісіі азначае, што шматлікія кіеўскія крамы з надпісам «Прадукты з Беларусі» могуць быць значна абмежаваныя ў асартыменце. Канешне, экспартаваць ва Украіну «насенне сланечніку» даволі складана, аднак што тычыцца «гатовых харчовых прадуктаў з грэчкі» (то-бок, кансерваў кшталту «Сняданак турыста», проста незаменных для ўкраінскіх вайскоўцаў у Данбасе), то тут, як кажуць, мы можам моцна памыліцца.

Але ў нас будзе і ежа, і пітво. Паводле дадзеных Мінлясгасу, у Беларусі ўжо нарыхтавана 10 тысяч тон бярозавага соку. Сезон яго нарыхтоўкі завяршаецца, усяго па краіне насельніцтва ўжо выкупіла ў лясгасаў каля 2 тысяч тон соку і больш за 500 тон пастаўлена за мяжу.

Не прападзем!