У Беларусі абмяжуюць памер плацяжу за наяўныя сродкі
Па ўзгадненні з зацікаўленымі органамі дзяржаўнага кіравання на зацвярджэнне будзе вынесены гранічны памер платы за тавары і паслугі ў рознічным гандлі ў суме 1 500 базавых велічынь (у эквіваленце каля 17,5 тыс. долараў ЗША), звыш якога аплата павінна праводзіцца толькі ў безнаяўнай форме.
Як паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў Нацбанка Беларусі, гэта пытанне разглядалася 2 жніўня на пашыраным пасяджэнні кіраўніцтва банка.
Пры падрыхтоўцы гэтага пытання быў узяты пад увагу вопыт суседніх дзяржаў. Так, плануецца, што ў Расіі гранічны памер платы за тавары і паслугі ў рознічным гандлі складзе 600 тыс. рублёў, ці каля 20
тыс. долараў ЗША, ва Украіне ён ужо ўстаноўлены ў 150 тыс. грывен, ці каля 18 тыс. долараў ЗША.
Развіццё безнаяўных разлікаў, падкрэслівалася на пасяджэнні, з'яўляецца найважнейшым элементам рэгулявання грашова-крэдытнай сферы, які спрыяе павышэнню эфектыўнасці рэалізацыі манетарнай
палітыкі. Нацыянальны банк летась выступіў з ініцыятывай падрыхтоўкі і зацвярджэння плана сумесных дзеянняў дзяржаўных органаў і ўдзельнікаў фінансавага рынку па развіцці ў Беларусі сістэмы
безнаяўных разлікаў па рознічных плацяжах з выкарыстаннем сучасных электронных плацежных інструментаў і сродкаў плацяжу на 2013–2015 гады.
На 1 ліпеня 2013 года доля безнаяўнага грашовага абароту ў рознічным тавараабароце дасягнула 15,7%, павялічыўшыся на 2,5% за першае паўгоддзе, пры гэтым прырост за 2011 год склаў 1,4%, за 2012
— 3,7%, гэта значыць "нават першапачатковыя арганізацыйныя мерапрыемствы дазволілі павялічыць тэмпы прыросту".
Мэтавыя арыенціры дынамікі росту долі безнаяўнага грашовага абароту ў рознічным тавараабароце і аб'ёме платных паслуг насельніцтву да 1 студзеня 2016 года вызначаны на ўзроўні 50%.
"У мэтах дасягнення гэтага і іншых паказчыкаў развіцця безнаяўных разлікаў выбудавана шматузроўневая сістэма эфектыўнага ўзаемадзеяння ўсіх зацікаўленых удзельнікаў гэтага
рынку", — адзначылі ва ўпраўленні.
Створаны міжведамасны каардынацыйны савет па развіцці сістэмы безнаяўных разлікаў, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі Нацбанка, органаў дзяржаўнага кіравання, Асацыяцыі беларускіх банкаў, банкаў,
унутранай і міжнародных плацежных сістэм. Для забеспячэння аператыўнага ўзаемадзеяння і выпрацоўкі ўзгодненых рашэнняў у банкаўскай сістэме пры Асацыяцыі беларускіх банкаў створаны камітэт па
безнаяўных разліках.
Лакальныя мерапрыемствы па развіцці сістэмы безнаяўных разлікаў па рознічных плацяжах рэалізоўваюцца ў сістэме Нацыянальнага банка, у тым ліку сумесна з аблвыканкамамі на рэгіянальным
узроўні.
Цяпер асноўная ўвага па павелічэнні долі безнаяўных разлікаў сканцэнтравана ў трох кірунках: арганізацыйна-прававое забеспячэнне развіцця сістэмы безнаяўных разлікаў; папулярызацыя разлікаў у
безнаяўнай форме сярод насельніцтва; арганізацыя працы праграмна-тэхнічнай інфраструктуры ў сістэме безнаяўных разлікаў па рознічных плацяжах.
Марына Носава, БелаПАН