Уладзімір Карагін: Даручэнне павялічыць прысутнасць айчынных тавараў у Мінску да 85% пагражае разарэннем буйным гандлёвым цэнтрам
Даручэнне Мінгарвыканкама павялічыць удзельную вагу тавараў айчыннай вытворчасці ў магазінах і аб'ектах грамадскага харчавання сталіцы да 85% пагражае разарэннем буйным гандлёвым цэнтрам.
Фота telegraf.by
Такое меркаванне выказаў у гутарцы з журналістамі старшыня прэзідыума саюза юрыдычных асоб "Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва" Уладзімір Карагін.
Як паведамлялася раней, гэтае даручэнне было дадзена намеснікам старшыні Мінгарвыканкама Андрэем Дамарацкім на нарадзе 19 чэрвеня ў прысутнасці больш як 400 кіраўнікоў і заснавальнікаў гандлёвых
арганізацый сталіцы.
Гэтае даручэнне, на думку Карагіна, наўпрост звязана з выказваннямі прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, які днём раней на мінскім
ААТ "Трыкатажгандаль" заявіў, што аптымальныя суадносіны імпартных і айчынных тавараў на рынку Беларусі павінны складаць прыблізна 15 на 85%.
"На пасяджэнні Савета бяспекі прэзідэнт гаварыў, і многія выказалі асцярогі, маўляў, так, імпарт цісне айчыннага таваравытворцу, а спажывец схіляецца да імпартнага
тавару, — нагадаў кіраўнік РКП. — Але як прымусіць нашага спажыўца купляць сваё? Вядома, можна зрабіць так, як у Савецкім Саюзе — пакінуць толькі ў
ГУМе гэты тэлевізар, а яшчэ лепш зрабіць чэргі на айчынныя тэлевізары".
Развітыя ж краіны, сказаў ён, ідуць па больш складаным шляху, напрыклад "найлепшы тавар, які выпрацоўваецца ў Японіі, спачатку можа купіць толькі японец, і толькі потым,
калі рынак насычаны, тавар паступае на экспарт". "Вось такая палітыка — спачатку даць найлепшае свайму народу", — падкрэсліў Карагін. Ён дадаў,
што ў Беларусі ўласная "прадукцыя павінна быць больш высокай якасці пры больш нізкай цане", каб краіна пайшла па такім шляху.
Выключныя адміністрацыйныя метады ўмяшання ў функцыянаванне рынку, лічыць Карагін, дапушчальна прымяняць толькі часова і ў якасці індыкатара перавагі тавараў. Пастаяннае ж
рэгуляванне "адаб'ецца на эканоміцы прадпрыемстваў і іх тавараабароце", а спажывец будзе шукаць неабходны яму тавар "у Вільнюсе, Маскве,
Смаленску" або наогул "замовіць тавары поштай".
Старшыня прэзідыума РКП заявіў, што Мінгарвыканкам "не можа так жорстка ўмяшацца" і "ніякіх мер адміністрацыйнага спагнання" за тое, што даручэнне не будзе
выканана, не прадугледжваецца, бо гэтае даручэнне "разглядаецца як рэкамендацыя".
belapan.by