«Уралкалій» будзе беларускім?

Падобна, беларусы ажыццявілі рэйдарскі захоп буйной расійскай кампаніі. Атрымліваецца, што 40% акцый «Уралкалія» належыць як мінімум «сябрам Беларусі», калі не супрацоўнікам беларускага КДБ...

belaruskalij_livejournal_1.jpg

Група «АНЭКСІМ» Міхаіла Прохарава прадала сваю 20-працэнтную долю «Уралкалія». Пакупніком выступіў Дзмітрый Лабяк, уладальнік беларускай кампаніі «Юрас Ойл», афіцыйны дылер «Уралхіма» ў нашай краіне. Лабяк адразу ж заявіў, што выступае за аднаўленне альянсу «Уралкалія» з Беларускай калійнай кампаніяй (БКК).

Нагадаем, што да 2013 года значны аб’ём сусветнага гандлю калійнымі ўгнаеннямі — больш за 42% рынку — прыпадаў на БКК. Гэта было сумеснае прадпрыемства «Уралкалія» з «Беларуськаліем». Але затым «Уралкалій» пачаў «хімічыць» — прадаваць сваю прадукцыю па-за межамі БКК. Больш за тое, у расіян узнікла ідэя «рэфармаваць» БКК у «Саюзную калійную кампанію» з офісам у «ленінскіх мясцінах» — то бок у Швейцарыі. За такія махінацыі ў Беларусі быў затрыманы топ-менеджар «Уралкалію» Уладзіслаў Баўмгертнер, які, па падліках беларускага следства, увёў БКК у страты на $100 мільёнаў.

Скандал справакаваў абвал рынка, «Уралкалій» і «Беларуськалій» разышліся. Справа Баўмгертнера скончылася нічым — яго перадалі расіянам, якія спынілі пераслед бізнесоўца за адсутнасцю складу злачынства.

У гэтай гісторыі ёсць не вельмі прыемнае месца. Як пішуць, адной з умоў вызвалення Баўмгертнера з беларускай турмы быў продаж акцый «Уралкалію» асноўным яго акцыянерам, Сулейманам Керымавым. І сапраўды, Баўмгертнера выправілі ў Маскву роўненька праз два дні пасля продажу Керымавым сваёй долі Міхаілу Прохараву. Такім чынам можна сказаць, што беларускія ўлады спрычыніліся да «рэйдарскага захопу» кампаніі.

Зараз Прохараў прадаў сваю долю Лабяку. Яшчэ 20% «Уралкалія» — ва «Уралхіма». «Уралхімам» кіруе Дзмітрый Мазепін, які 18 красавіка сустракаўся з Лукашэнкам і папярэдне абмяркоўваў узнаўленне супрацоўніцтва ў межах БКК. Гэта дало магчымасць Лукашэнку на Усебеларускім сходзе сказаць, што амаль кожны месяц у Адміністрацыю прэзідэнта ідуць звароты з боку новых акцыянераў «Уралкалія»: «Прыміце нас, хаця б прыміце». «Я кажу: будуць прапановы, гатовы з вамі сустракацца... Сёння яны гатовыя з намі аб’ядноўвацца. Мы не супраць, але на нашых умовах. Умовы нармальныя для іх», — сказаў Лукашэнка.

Сапраўды, аднаўленне працы БКК у ранейшых умовах было б выгадна для абодвух кампаній. «Разлад у шляхетным сямействе» выклікаў падзенне рынку калійных угнаенняў. «Беларуськалій» здолеў выкараскацца з гэтага крызісу толькі дзякуючы дэмпінгу. Напрыклад, пры «агульнапрынятым» кошце паставак угнаенняў у Кітай па $335 за тону, «Беларуськалій» прадаваў туды тону за $305. На рынку Бразіліі беларусы таксама збілі кошт на $10 за тону. Гэтая стратэгія называецца «аб’ём вышэй за цану»: можна прадаць больш, але танней, нарасціўшы сваю долю на рынку.

Але гэта ж прыводзіць да падзення выручкі. У першым квартале гэтага года «Беларуськалій» саступіў лідарства па прыбытковасці дочкі «Газпрама» «Газпрам Трансгаз Беларусь». Ва «Уралкалія» сітуацыя яшчэ складаней — з-за затаплення шахты «Салікамск–2» у 2014-м годзе. А гэтая шахта давала 18% здабычы калію.


uralkalij.jpg


Такім чынам, аднаўленне дзейнасці БКК будзе карысным як «Уралкалію», так і «Беларуськалію». Да таго ж, пагадзіўшыся на офіс у Мінску, расіяне могуць мінімізаваць страты ад санкцый ЕС і ЗША, уведзеныя ў выніку ўкраінскай вайны.

Але, калі прыглядзецца да акцыянераў «Уралкалія» — не ўсё так проста. Дзмітрый Мазепін нарадзіўся 18 красавіка 1968 года ў Мінску, у 1985 годзе скончыў Мінскую сувораўскую ваенную вучэльню. Яшчэ год вучыўся на вайсковага перакладчыка. У 1986–1988 — Афганістан, перакладчык. У 1992 годзе закончыў эканамічны факультэт МГИМО, і ідзе, як ні дзіўна, на «нізавую працу» ў «Беларусьбанк», намеснікам дырэктара філіяла. У 1995 годзе выпраўляецца ў Расію, і ўжо ў 1997-м — віцэ-прэзідэнт Цюменскай нафтавай кампаніі, шчыльна сябруе з «Газпрамам». Паспяхова, з падачы «Газпрама», разбіраецца з «Сібурам». Пераносіць сваю цікаўнасць у хімічную галіну.

Дзмітрый Лабяк — аднакурснік Мазепіна па Мінскай сувораўскай вучэльні, яны нават служылі ў адной роце. Усе эксперты адзначаюць, што ў кампаніі Лабяка не хапіла б грошай выкупіць 20% «Уралкалія». Значыць, яму нехта дапамог. Хто — пытанне рытарычнае.

Атрымліваецца, што 40% акцый «Уралкалія» належыць як мінімум «сябрам Беларусі», калі не супрацоўнікам беларускага КДБ (вайсковыя перакладчыкі — іх «зона адказнасці»). РБК папярэджвае, што, калі Лабяк дзейнічаў у інтарэсах Мазепіна, то апошні можа сканцэнтраваць у сваіх руках і 50% акцый кампаніі. Але і сённяшнія 40% з’яўляюцца хоць і не кантрольным, але «блакуючым» пакетам акцый, які дазваляе ўплываць на дзейнасць і стратэгію прадпрыемства.

Тады зразумелым становіцца той самы непрыемны «манеўр з Сулейманам». Атрымліваецца, што беларусы ажыццявілі паступовы рэйдарскі захоп «Уралкалія». У такім выпадку мы чакаем хуткага ўзнаўлення дзейнасці БКК. На ўмовах Мінска, канешне.