Як будуць браць падатак за праграмы, музыку і гульні ў інтэрнэце?

Пакуль у Беларусі толькі збіраюцца браць падатак з анлайн-кантэнту. Але магчыма, што падатак прынясе дзяржаве толькі страты — або што раптам і плаціць яго абавяжуць не кампаніі, а карыстальнікаў.

kartka.jpg

Як стала вядома на пачатку ліпеня, беларускае Міністэрства падаткаў і збораў заплянавала ўвесці ў Падатковы кодэкс падатак на дададзеную вартасць (ПДВ) для замежных кампаніяў, якія рэалізуюць на тэрыторыі Беларусі мабільныя праграмы, музыку, электронныя фільмы і гульні.

Законапраекту яшчэ няма, але агульная ідэя — браць падатак з кампаніяў, якія прадаюць на тэрыторыі Беларусі інтэлектуальную ўласнасць і праграмныя прадукты праз інтэрнэт. Падатак мяркуецца спаганяць як з замежных кампаніяў, так і з «беларускіх платнікаў, якія могуць выконваць абавязанні за беларускія кампаніі».

Падобны закон набудзе сілу ў Расеі 1 студзеня 2017 году. Там падатак у 18% бяруць за продаж правоў доступу да базаў звестак, праграмнага забеспячэння, гульняў, музыкі, кніг, відэа і іншага электроннага кантэнту. Платнікамі выступаюць замежныя прадаўцы, а не пакупнікі.

Як менавіта будуць збіраць падатак у Беларусі? Беларускія IT-спэцыялісты неахвотна камэнтуюць Свабодзе ініцыятыву: пакуль няма законапраекту, няма чаго і камэнтаваць, заўважае адзін з іх.

Іншы беларускі распрацоўшчык праграмаў звяртае ўвагу на аб’ём рынку: на яго думку, утрыманне чыноўнікаў для збору падатку абыдзецца ў большыя сумы, чым тыя, што можна атрымаць. Беларускі рынак продажу мабільных праграмаў ён ацэньвае ў 100 тысяч даляраў на месяц, ня болей. Падатак з гэтага — 20 тысяч даляраў на месяц — «зядуць» зарплаты чыноўнікам, арэнда памяшканняў, наглядныя органы і юрысты, праграмы і абсталяванне.

«Такі падатак трэба ўводзіць на больш прыбытковых рынках, дзе зарплата ад 700 даляраў на месяц. Пакуль ніжэй — на маю думку, стратная задума, — мяркуе распрацоўшчык. — Але адно дакладна, з дзясятак-два працоўных месцаў забяспечана. Хоць і прыйдзецца выдаткоўваць з бюджэту».

Прадпрымальнік Аляксандар Кныровіч кажа Свабодзе: ён верыць, што замежныя кампаніі пагодзяцца плаціць, але хвалюецца, што падатак, магчыма, стануць браць і з карыстальнікаў:

«Адзіным, хто павінен быць платнікам такога падатку, павінен быць пастаўшчык — пастаўшчык паслугі, кантэнту ці, напрыклад, аўтамабіляў на тэрыторыі Беларусі. Тут ня можа быць узаемаадносінаў паміж пакупніком і дзяржавай. Павінны быць — паміж дзяржавай і Google Play, App Store ці іншымі кампаніямі, якія некаму нешта прадаюць у Беларусі.

І, я думаю, кампаніі могуць пайсці на тое, каб плаціць падатак. Калі гэта будзе ўрэгулявана паміж Беларуссю і месцам юрыдычнага размяшчэння прадаўцоў, будз то ЗША ці Кайманавы астравы, калі падатковае пытанне паміж юрысдыкцыямі будзе вырашана, кампаніям будзе ўсё роўна, куды плаціць. Пытанне ў тым, чые грошы.

Калі ў Беларусі прадаюцца аўтамабілі, неабходнасць плаціць увозны акцыз нікога не пужае. Страху, што прадаўцы сыдуць, у мяне няма. Магчыма, спэцыяльна для Беларусі падрастуць цэны на 20%. Але не сакрэт, што цэны ў іх і так розныя ў розных рэгіёнах. Магчыма, беларусы проста аднойчы пабачаць, што тое, што яны раней пампавалі за 1 рубель, цяпер будуць пампаваць за 1,20.

Але ў мяне няма настрою, нібы нас збіраюцца абрабаваць — у мяне больш прэтэнзіяў да таго ж закону аб дармаедах. Важна, каб гэтая спроба была граматна рэалізаваная. Каб падатковая пайшла ня шляхам найменшага супраціву — абкласці падаткам саму аплату, як тое было з кітайскімі пасылкамі. Каб не зрабілі падатковым агентам мяне ці вас, канкрэтнага грамадзяніна».