303 маладых бусла паляцяць з Беларусі ў Афрыку
Большасць кольцаў у гэтым сезоне закуплены ў рамках міжнароднай кампаніі «Жывая вясна», якую штогод праводзіць у Беларусі «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Палессе — самы бусліны рэгіён Беларусі. Дарэчы, у гэтым годзе арнітолагі адзначаюць, што поспех размнажэння ў белых буслоў вышэй.
Супрацоўнікі і памочнікі ДНВА «НЦП НАН Беларусі па біярэсурсах» у канцы чэрвеня — пачатку ліпеня праводзілі маніторынг буслоў у Брэсцкай і Гомельскай абласцях: кольцы атрымалі птушкі ў Івацэвіцкім, Пінскім, Столінскім, Жыткавіцкім, Калінкавіцкім, Хойніцкім раёнах, паведамляе прэс-служба АПБ.
У гэтым сезоне акальцавана 303 маладых бусла: 301 птушаня ў шасці раёнах на Палессі, яшчэ два буслы прамежкі ў Гродзенскім заапарку. У гэтым годзе поспех размнажэння ў белых буслоў вышэй: каля 2,5 птушанят на адну пару, а ў мінулым годзе ў іх было ўсяго па два птушаня. У гэтым годзе менш колькасць няўдалых пар — тых, што не прыступілі да размнажэння або страцілі мура альбо вывадкі.
На жаль, з-за засухі ў гэтым годзе бацькам прыходзілася скідаць з гнёздаў яйкі або птушанят, каб выкарміць астатніх. Арнітолагі бачылі, як буслы насілі ў дзюбах ваду і зачынялі крыламі ад спёкі сваіх маленькіх птушанят. Цяпер пайшлі дажджы, і спецыялісты спадзяюцца, што дарослыя птушкі паспяхова выкармяць тых, хто застаўся.
Кальцаванне дае навукоўцам інфармацыю аб перамяшчэнні птушак, працягласці іх жыцця, самым небяспечным пагрозам на шляху буслоў і іншыя звесткі, якія дапамагаюць у працы па вывучэнні і ахове птушак. З пачатку кальцавання ўжо атрымана чатыры замежных вяртання кольцаў ад нашых буслоў, пазначаных каляровымі кольцамі: Літва, Ізраіль, Егіпет і ПАР.
Дапамажыце арнітолагам!
Калі вы бачыце акальцаванага бусла, паспрабуйце разгледзець надпіс або сфатаграфаваць птушку такім чынам, каб была бачная інфармацыя на кальцы. Паведаміць інфармацыю трэба ў Беларускі цэнтр кальцавання (тэл. гар. 8 017 284 25 04).
Беларусь, Літва, Польшча, Украіна аб'яднаны ў адзіную схему каляровага пазначэння белага бусла. Кольцы адрозніваюцца толькі па першых літарах на зялёным пластыку:
- letter Z (Poland): ring@miiz.waw.pl
- letter A (Lithuania): zcentras@takas.lt
- letter X (Ukraine): polud@izan.kiev.ua
- letter E (Belarus): bym.minsk@gmail.com
Маніторынг белага бусла апошнія 2 гады праводзіцца ў рамках праекта, што фінансуецца Беларускім рэспубліканскім фондам фундаментальных даследаванняў. Гэта дапамагае арнітолагам выязджаць у экспедыцыі, збіраць і аналізаваць інфармацыю, важную не толькі для навукі, але і для аховы прыроды. Частка работ у экспедыцыі была падтрымана фондам «CICONIA» (Ліхтэнштэйн), які з 2013 г. спансіруе выдавецкую і папулярызатарскую дзейнасць Адукацыйнай праграмы «Бусел».