З Беларусі выдвараюць трох каталіцкіх святароў: Мінска-Магілёўская архідыяцэзія выказвае абурэнне
Курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі апублікавала заяву з нагоды неўзгадненні душпастырскай дзейнасці трох святароў з Польшчы.
«Радасныя святкаванні cярэбранага юбілею заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі, якія ўзначаліў спецыяльны пасланнік Святога Айца Францішка Яго Эмінэнцыя арцыбіскуп Вены кардынал Крыстаф Шонбарн ОР, былі азмрочаны рашэннем дзяржаўных уладаў аб неўзгадненні душпастырскай дзейнасці трох святароў з Польшчы: дамініканіна а. Рамана Шульца — пробашча парафіі Св. Казіміра ў Магілёве, канвентуальнага францішканіна а. Леха Баханэка — пробашча парафіі Св. Міхала Арханёла ў Івянцы, аблата а. Ежы Катоўскага — пробашча парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса і св. Крыштафа ў Калодзішчах (Мінскі р-н).
Аднак з вялікім жалем павінен паведаміць, што мы не даведаліся аб канкрэтных прычынах такога рашэння і пачулі рашучую адмову магчымасці іх далейшага служэння ў Беларусі.Гэтыя святары доўга і вельмі плённа служылі вернікам Беларусі — будавалі і рамантавалі касцёлы, катэхізавалі, займаліся хрысціянскім выхаваннем дзяцей і моладзі, дабрачыннасцю і г.д. Дастаткова толькі паглядзець на касцёл св. Міхала Арханёла ў Івянцы, які дзякуючы намаганням а. Леха Баханэка OFM Conv са знішчанага паўстаў нанова як шэдэўр сакральнай архітэктуры! А колькі дзяцей штодзённа прыходзіць на зробленую ім пры касцёле пляцоўку для іх! А якія магчымасці ён стварыў юнакам, дзяўчатам і дарослым займацца спортам і весці здаровы лад жыцця! Не толькі ў Беларусі, але і далёка па-за яе межамі вядомыя арганізаваныя ім Дні моладзі, «Музычныя майстэрні» і Парафіяды!», — адзначаецца ў паведамленне курыі каталіцкай архідыяцэзіі.
Зварот падпісаны Арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам з просьбай да святароў прачытаць яго вернікам 17 ліпеня падчас імшы ў касцёлах.
Паводле nn.by