Узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў Беларусі вырас

Паказчык дасягнуў на 1 красавіка 0,9 % ад эканамічна актыўнага насельніцтва.



images62.jpg

У гэтым годзе адзначаецца рост зарэгістраванага беспрацоўя: на 1 студзеня гэтага года гэты паказчык быў роўны 0,5 %, на 1 лютага — 0,7 %, на 1 сакавіка — 0,8 %. На 0,1 адсоткавага пункта павысіўся ўзровень беспрацоўя за сакавік у Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях (на 1 красавіка дасягнуў 1,1 %), а таксама ў Мінскай вобласці (з 0,7 % да 0,8 %). Зарэгістраванае беспрацоўе захавалася на ранейшым узроўні ў Гродзенскай вобласці (0,9 %) і ў Мінску (0,4 %), паведаміў начальнік упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Токун.

Прадстаўнік Мінпрацы і сацабароны не выключае, што ўзровень беспрацоўя працягне расці ў бліжэйшы час. Гэта звязана, у першую чаргу, з прыняццем дэкрэта №3 "Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства", які стаў стымулам для людзей, што доўгі час не працавалі, актыўна шукаць працоўнае месца. "Служба занятасці гатовая аказаць ім садзейнічанне і ў працаўладкаванні, і ў навучанні прафесіі, запатрабаванай на рынку працы, і ў адкрыцці прадпрымальніцкай дзейнасці", — сказаў Алег Токун, дадаўшы, што матывацыя да працы ў такіх людзей, як правіла, невысокая.


Калі на 1 сакавіка 2015 года ў рэспубліцы налічвалася 35,9 тыс. беспрацоўных, то на 1 красавіка — ужо 39 тыс. чалавек, што на 72,6 % больш, чым год таму. А колькасць вакансій знізілася практычна ў два разы: у рэспубліцы, зыходзячы з заявак наймальнікаў, налічваецца 26,5 тыс. вакансій (з іх 59,3 % прызначаныя для рабочых). Алег Токун падкрэсліў, што колькасць вакансій у параўнанні з 1 сакавіка практычна не змянілася — у папярэднія месяцы яна няўхільна зніжалася, цяпер стабілізавалася. У бліжэйшыя месяцы колькасць свабодных працоўных месцаў будзе ўзрастаць, пераважна ў сельскай гаспадарцы (пашырацца магчымасці сезоннага працаўладкавання).

БЕЛТА