Валютныя крэдыты ў Беларусі выдаюць усё радзей
Крэдыты — рухавік эканомікі. Яны паказваюць, наколькі добра яна працуе.
![_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1.jpg _hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1.jpg](/img/v1/images/_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Валютныя крэдыты за год сталі выдаваць значна радзей. А крэдыты ў еўра — наогул у 18 разоў радзей, чым годам раней, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».
Па колькасці крэдытаў і стане крэдытнага рынку можна меркаваць, што ў краіне адбываецца з эканомікай. Студзеньская статыстыка аб'ёму новых крэдытаў для юрыдычных асоб у гэтай сувязі вельмі паказальная: што б нам ні распавядалі пра «паспяховыя поспехі», лічбы кажуць пра адваротнае.
Крэдытаў у нацыянальнай валюце за студзень бізнес узяў на 6,9 млрд рублёў. Гэта — на траціну ніжэй за снежаньскія паказчыкі. Аднак канец мінулага года быў адзначаны вельмі высокім усплескам крэдытнай актыўнасці, а студзеньскі аб'ём новых крэдытаў у нацыянальнай валюце ў цэлым знаходзіцца на ўзроўні лістапада мінулага года.
![Адкуль узяліся шалёныя заробкі за снежань? Адказ — без аптымізму Адкуль узяліся шалёныя заробкі за снежань? Адказ — без аптымізму](/img/v1/images/_hroszy___infljacyja___zycce__fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Іншая сітуацыя з замежнымі валютамі, аб'ём новага крэдытавання ў доларах за першы месяц бягучага года склаў усяго $122 млн. Гэта на 47% ніжэй снежаньскага аб'ёму доларавага крэдытавання і на 69% ніжэй, чым аналагічны паказчык у пачатку мінулага года.
Але эпічней за ўсё выглядае спад крэдытавання бізнесу ў еўра. У студзені 2023 года новых крэдытаў у адзінай еўрапейскай валюце юрыдычныя асобы ўзялі ў 18 разоў менш, чым у студзені 2022 года — 50 млн еўра супраць 878 млн адпаведна. Гэта красамоўна адлюстроўвае спад гандлю з еўрапейскімі партнёрамі.
Крэдытаванне ў расійскіх рублі ў пачатку бягучага года аказалася таксама істотна ніжэйшае, чым у канцы папярэдняга. Калі ў снежні 2022 года бізнес узяў крэдытаў з банкаў на суму 41 млрд расійскіх рублёў, то ў студзені 2023-га на 48% менш – толькі на 21,5 млрд. Гэта ўсяго на 21% больш, чым годам раней. Па ўсёй бачнасці, беларускі бізнес недастаткова ўпэўнена адчувае сябе на расійскім рынку або не бачыць бліскучых перспектыў і асцярожнічае.