Вялікае «кідалава»? Ці здолее Беларусь выплаціць агромністы знешні доўг?

Нацбанк апублікаваў даныя аб графіку плацяжоў па знешнім доўгу і працэнтах па гэтай запазычанасці. Высветлілася, што сёлета беларускім бізнесу і дзяржаве трэба аддаць каля $12 мільярдаў (!) знешніх даўгоў.

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__logo.jpg


Агульная сума валавога знешняга доўгу на пачатак 2023 года (а гэта галоўным чынам даўгі дзяржавы, бізнесу і банкаўскай сферы) складае $49,4 мільярда.

Са звестак Нацбанка вынікае, што найбольш цяжкай у частцы выплат будзе першая палова года. Да 1 ліпеня аб'ём пагашанай запазычанасці павінен скласці $8,7 млрд, а ў другой палове года — каля $3,3 млрд.

На працягу 2024 года трэба будзе выплаціць $5,1 млрд, і яшчэ $12,6 млрд на працягу 2025-2027 гадоў, піша тэлеграм-канал «Нашы грошы».

Каля паловы валавога знешняга доўгу ўяўляюць сабой абавязацельствы дзяржсектара. Бізнес — гэта яшчэ траціна запазычанасці. Астатняя частка — запазычанасць банкаў і міжфірмовае крэдытаванне. Запазычанасць дзяржавы — доўгатэрміновая ў выглядзе даўгавых каштоўных папер, крэдытаў і пазык. А вось даўгі бізнесу па большай частцы кароткатэрміновыя, яны ўяўляюць сабой часцей гандлёвыя крэдыты і авансы.

Асаблівасць бягучай сітуацыі са знешняй запазычанасцю для Беларусі заключаецца ў тым, што дзяржава ў аднабаковым парадку вырашыла магчымым для сябе расплачвацца па знешнім доўгу ў беларускіх рублях. Але нават у гэтым выпадку замежным крэдыторам яшчэ трэба даказаць сваё права на доўг, адкрыць рахунак у беларускім банку і чакаць належных выплат. У выніку нават расійскія прыватныя трымальнікі беларускай дзяржаўнай запазычанасці кажуць, што зрабіць гэта вельмі нялёгка.

На гэтым фоне беларускі Мінфін рыхтуецца выпусціць новыя аблігацыі для расійскага рынку. Як вы лічыце, ці даверыць ім расійскі інвестар свае мільярды?


Нагадаем, Мінфін Беларусі 28 лютага «пагасіў» еўрааблігацыі на $800 млн, адначасова па іх быў выплачаны купон на $27,5 млн. Акрамя таго, у канцы лютага былі выплачаны даходы яшчэ па трох выпусках на $57,2 млн. Цяпер у абарачэнні застаюцца чатыры выпускі беларускіх еўрабондаў аб'ёмам $2,45 млрд. Гэтыя бонды размяшчаліся ў 2017-2022 гадах, а андэрайтарамі выступалі «Citi» і «Raiffeisen Bank International».

Праўда, валюты трымальнікі аблігацый не дачакаліся. Выплаты былі здзейснены ў беларускіх рублях на асобны банкаўскі рахунак, адкрыты ў ААТ «Беларусбанк».