Заіка: некаторыя дырэктары прадпрыемстваў вырашылі, што настаў час думаць пра сябе

Паводле звестак экспэртаў, замежная дэбіторская запазычанасць беларускіх прадпрыемстваў з пачатку года павялічылася амаль на 33% і складае 12,5 млрд рублёў. Кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка нагадаў, што падобная сітуацыя назіралася ў пачатку 1990-х, калі тавары масава пастаўляліся ў Расію на ўмовах адтэрмінаваных плацяжоў.

20101229_1311_leonid_zaiko_600.jpg


У перыяд «зорнай гадзіны» беларускага экспарту яго аб'ём, напрыклад, у 1994 годзе, у момант заходу праўлення Вячаслава Кебіча, складаў 75% ад ВУП.

У цяперашні час, не выключае Заіка, як і тады, рост дэбіторскай запазычанасці можа паказваць на рост карупцыі.

— З гэтай сумы траціна, відавочна, прыпадзе на «шэрую» эканоміку і карупцыю. Я думаю, што ўсе ўжо навучыліся, асабліва дырэктары, гуляць у гэтыя гульні. Тавар прадаў, потым кажаш: там запазычанасць, таму што яны не хочуць плаціць.

А два дырэктары, — той, які купляе трактар, і той, які прадае, — дамовіліся, што гэтыя грошы яны адправяць у банк пад працэнты, хоць бы на месяц, і так зарабляюць — патлумачыў эканаміст.

Ён упэўнены, што падобныя «карупцыйныя схемы» ў стрэсавыя для эканомікі краіны перыяды атрымліваюць асаблівае развіццё.

— Калі дырэктар кіруе магутным фінансавым патокам у мільёны долараў, натуральна, у яго ўзнікае пытанне: «А чаму б мне пару мільёнаў не зарабіць?» Тым больш цяпер, калі чыноўнікі, дырэктары бачаць, што прэзідэнцкая улада захісталася, як у часы Кебіча, яны вырашылі: «Спачатку падумаем пра сябе, а потым пра радзіму». У такі стрэсавы перыяд часу гэта цалкам натуральна.

Тэарэтычна магу даць прагноз, што менавіта ў гэты перыяд узрастае карупцыя. Калі з’яўляюцца «курсавыя нажніцы», інфляцыя і рознага роду магчымасці, — мяркуе Леанід Заіка.

Паводле Салідарнасці