17 арганізацый заклікалі да вызвалення ўсіх зняволеных беларускіх журналістаў

17 арганізацый, што працуюць у галіне свабоды выказвання меркаванняў і свабоды СМІ, заклікалі да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх беларускіх журналістаў і работнікаў СМІ, якія знаходзяцца ў зняволеньні, перадае «Свабода» са спасылкай на БелаПАН.

f8a8a272_9e88_4741_ba3f_ec3ac5b0987a_cx0_cy6_cw0_w1023_r1_s.webp

У сумеснай заяве, размешчанай на сайце фонду Justice for Journalists, адзначаецца, што амаль праз шэсць месяцаў пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка абвясціў пра пераканаўчую перамогу на выбарах, якія ў свеце былі шырока прызнаныя фальсіфікаванымі і асуджаныя, лідар апазіцыі Святлана Ціханоўская застаецца ў выгнанні, а тысячы пратэстоўцаў працягваюць выходзіць на вуліцы.

«Рэжым зрабіў усё магчымае, каб перашкодзіць сваім грамадзянам атрымліваць доступ да незалежнай інфармацыі. У агенцтваў навін адклікалі ліцэнзіі СМІ. У некаторых канфіскаванае абсталяванне. Рэдакцыям незалежных выданьняў забаронена друкаваць і прадаваць газеты праз нацыянальнага дзяржаўнага манапаліста», — гаворыцца ў заяве.

«У межах гэтай барацьбы ўлады таксама выкарыстоўвалі гвалт, пагрозы і адвольныя затрыманьні, каб запалохаць журналістаў і перашкодзіць ім выконваць сваю працу», — канстатуюць падпісанты.

«З набліжэннем Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю мы заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх журналістаў і работнікаў СМІ. Мы асуджаем абуральныя парушэнні іх правоў чалавека і яшчэ раз нагадваем беларускім уладам пра іх абавязкі паводле міжнароднага права», — падкрэсліваюць аўтары заявы.

Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у 2020 годзе прадстаўнікоў СМІ ў Беларусі затрымлівалі 480 разоў. Яны правялі за кратамі больш за 1200 дзён, часта без паведамлення, якія абвінавачванні ім прад'яўленыя.

Цяпер у турмах па крымінальных артыкулах знаходзяцца дзевяць прадстаўнікоў беларускіх медыя і «Прэс-клуба». Ім пагражаюць вялікія турэмныя тэрміны па палітычна матываваных абвінавачаннях.

Найбліжэйшы такі працэс пачнецца ў Мінску 9 лютага — карэспандэнтак тэлеканала «Белсат» Кацярыну Андрэеву і Дарʼю Чульцову, якія вялі стрым з акцыі 15 лістапада, абвінавачваюць у каардынацыі пратэстаў. Ім пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.

 

У зьняволеньні па крымінальных артыкулах таксама застаюцца журналісты і работнікі СМІ: Кацярына Барысевіч, Юлія Слуцкая, Ала Шарко, Сяргей Альшэўскі, Пётр Слуцкі, Ксенія Луцкіна, Андрэй Аляксандраў.