18 міжнародных праваабарончых арганізацый патрабуюць неадкладна адмяніць прысуд Судаленку і Ласіцы

Сёння ў Гомелі быў вынесены прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да двух праваабаронцаў мясцовага аддзялення «Вясна». Кіраўнік гомельскага аддзялення Леанід Судаленка быў асуджаны да трох гадоў калоніі, а валанцёрка Таццяна Ласіца — да двух з паловай.

Судаленка і Ласіца

Судаленка і Ласіца


18 праваабарончых арганізацый заклікалі ўлады Беларусі неадкладна адмяніць гэты абуральны прысуд і зняць усе абвінавачванні як з Судаленкі і Ласіцы, гэтак і з яшчэ пяцярых праваабаронцаў «Вясны», якія ў гэты час знаходзяцца за кратамі паводле палітычна матываваных абвінавачванняў.

«Палітычна матываваны крымінальны пераслед сябраў і валанцёраў «Вясны» ажыццяўляецца ў межах «зачысткі» грамадзянскай супольнасці. Няма сумневаў, што ўлады пераследуюць «Вясну» ў помсту за яе 25-гадовую бясстрашную працу па абароне правоў чалавека», — гаворыцца ў заяве.

У заяве адзначаецца, што сусветныя арганізацыі «па-ранейшаму» заклікаюць улады Беларусі:

  • У поўнай ступені выконваць міжнародныя абавязанні ў галіне павагі свабоды асацыяцыі, свабоды мірных сходаў і свабоды выказвання меркаванняў для ўсіх людзей у краіне, як таго патрабуе Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, удзельнікам якога з'яўляецца Беларусь.
  • У поўнай ступені паважаць дзейнасць праваабаронцаў і адвакатаў, забяспечыўшы кожнаму магчымасць, не асцерагаючыся наступстваў, выказваць прэтэнзіі да дзеянняў і палітыкаў службовых асобаў і дзяржаўных органаў.
  • У рэчышчы гэтых абавязанняў неадкладна вызваліць Таццяну Ласіцу, Леаніда Судаленку, Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, Марфу Рабкову і Андрэя Чапюка, зняць усе абвінавачванні з супрацоўнікаў і валанцёраў "Вясны", у тым ліку Марыі Тарасенка, і іншых праваабаронцаў і забяспечыць ім права на прававую абарону ў сувязі з адвольным затрыманнем і неабгрунтаваным крымінальным пераследам.

Сярод падпісантаў заявы — такія аўтарытэтныя арганізацыі, як Amnesty International, Article 19, Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH) у межах Абсерваторыі па абароне праваабаронцаў, Front Line Defenders, Human Rights Watch, Libereco — Partnership for Human Rights і іншыя.