22 гады таму СССР спыніў існаванне

8 снежня 1991 года ў рэзідэнцыі «Віскулі» было падпісана пагадненне аб стварэнні СНД.



ussr.jpg

Белавежскае пагадненне паклала канец гісторыі Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Аб спыненні яго існавання аб'явілі лідары ​​тых савецкіх рэспублік, якія ў 1922 годзе яго і заснавалі. Ад Беларусі пагадненне падпісалі старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч і прэм'ер-міністр Вячаслаў Кебіч.
21 снежня, у Алма-Аце кіраўнікі 11 былых саюзных рэспублік (акрамя балтыйскіх краін і Грузіі) падпісалі пратакол, у якім падкрэслілі, што Азербайджанская Рэспубліка, Рэспубліка Арменія, Рэспубліка Беларусь, Рэспубліка Казахстан, Кіргізская Рэспубліка, Рэспубліка Малдова, Расійская Федэрацыя, Рэспубліка Таджыкістан, Туркменістан, Рэспубліка Узбекістан і Украіна на раўнапраўных пачатках утвараюць Садружнасць Незалежных Дзяржаў.
Удзельнікі сустрэчы прынялі дэкларацыю, якая пацвердзіла прыхільнасць былых саюзных рэспублік да супрацоўніцтва ў розных галінах знешняй і ўнутранай палітыкі, абвясціла гарантыі выканання міжнародных абавязацельстваў былога СССР.
У снежні 1993 года да СНД далучылася Грузія, якая пакінула яго ў 2009 годзе пасля ўзброенага канфлікту з Расіяй.
Лукашэнка неаднаразова выказваў шкадаванне з-за падпісання Белавежскіх пагадненняў і крытыкаваў кіраўнікоў Беларусі, Украіны і Расіі, якія паставілі свае подпісы пад гістарычным дакументам. Месцазнаходжанне яго арыгінала невядома.
«Апошні раз я бачыў арыгінал Белавежскага пагаднення, калі яго падпісваў,  —  распавядаў раней першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.  —  Больш я яго не бачыў. Ведаю, што на рускай мове была факсімільная копія, то бок ксеракопія, якую потым прагортваў ў дакументах. Але я зыходжу з таго, што на момант падпісання Белавежскага пагаднення яго дэпазітарыем, гэта значыць захавальнікам, выступаў МЗС Беларусі. Але пытанне  —  хто і чаму паводзіў сябе бязладна? — У мяне пакуль няма адказу...»
Паколькі Пагадненне аб стварэнні СНД было апублікавана ў афіцыйных выданнях, зарэгістравана пасля яго ратыфікацыі ў парламенце ва ўстаноўленым парадку, яно і сёння, нягледзячы на адсутнасць сапраўднага тэксту ў дэпазітарыя, не страціла юрыдычнай сілы з усімі вынікаючымі адсюль прававымі наступствамі.