25-гадоваму хлопцу з Брагіна прысудзілі два гады калоніі за абразу Лукашэнкі
29 снежня суддзя Брагінскага раённага суду Марыя Гаўрыленка ў закрытым судовым пасяджэнні пакарала мясцовага жыхара Аляксандра Кулагу 2 гадамі калоніі агульнага рэжыму за абразу Аляксандра Лукашэнкі (ч. 1 артыкула 368 КК). Мера стрымання да ўступлення прысуду суда ў сіле пакінута ранейшай — асабістае паручальніцтва.
25-гадовы Аляксандр Кулага раней не судзімы, працуе
вальшчыкам лесу ў мясцовым лясніцтве. На прыёме ў праваабаронцы Леаніда
Судаленкі асуджаны заявіў пра намер абскардзіць прысуд суда першай інстанцыі,
паведамляе «Вясна».
Інцыдэнт адбыўся пасля выбараў 16 жніўня. Аляксандра ў
нецвярозым стане даставілі ў бальніцу для медагляду. Знаходзячыся ў прыёмным
аддзяленні, ён публічна ў прысутнасці міліцыянтаў і медыкаў выказаў абразы ў
адрас чалавека па прозвішчы Лукашэнкі ў выглядзе грубых, нецэнзурных слоў.
Праваабаронца Леанід Судаленка падкрэслівае, што крымінальны
пераслед за дыфамацыю аказвае ўплыў на свабоду выказвання і ўваходзіць у
супярэчнасць з міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі ў галіне правоў
чалавека. У заўвагах агульнага парадку № 34 Камітэт ААН па правах чалавека
рэкамендаваў выключыць паклёп з разраду крымінальных злачынстваў.
«Крымінальнае заканадаўства павінна прымяняцца толькі ў
сувязі з найбольш сур'ёзнымі выпадкамі, а пазбаўленне волі ні пры якіх умовах
не павінна лічыцца адэкватнай мерай пакарання за свабоднае выказванне
меркаванняў», — такімі з'яўляюцца еўрапейскія стандарты права на выказванне
меркаванняў.
Ён таксама адзначыў, што беларускія праваабаронцы паслядоўна
выступаюць за дэкрыміналізацыю паклёпу і выключэнне з Крымінальнага кодэкса
артыкулаў аб абразе і паклёпе, якія прадастаўляюць дзяржаўным чыноўнікам і
вышэйшаму кіраўніцтву краіны дадатковую абарону ад крытыкі.
Артыкул 368 і дыфамацыя
Міжнародныя арганізацыі па правах чалавека разглядаюць дыфамацыю ў кантэксте права на выказванне меркавання і права на свабоду слова. Дэкрыміналізацыя дыфамацыйных правапарушэнняў з'яўляецца стандартам, сфармуляваным і абгрунтаваным у рашэннях шэрагу міжнародных арганізацый.
Міжнародная супольнасць пры падтрымцы праваабарончай
арганізацыі «Article
19» ў 1995 годзе прыняла Ёханесбургскія прынцыпы. Яны прызначаныя для
ўзмацнення артыкула 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах,
згодна з якім кожны чалавек мае права бесперашкодна прытрымлівацца сваіх
меркаванняў.
Згодна з
сёмым прынцыпам ніхто не можа быць пакараны за крытыку ці абразу нацыі,
дзяржавы або яго сімвалаў, урада, дзяржаўных ведамстваў або дзяржаўных і
грамадскіх дзеячаў, калі толькі гэтая крытыка ці абразу не накіраваныя на
падбухторванне да гвалтоўных дзеянняў або ж могуць пацягнуць такія дзеянні.