30 гадзін у «стакане», трое сутак у ізалятары. Супрацоўнік транспартнай інспекцыі пацярпеў за налепку, якой не клеіў

У Віцебску на машыне 39-гадовага супрацоўніка транспартай інспекцыі Юрыя Шылько знайшлі «пратэставую» налепку з «сэрцам, кулаком і вікторыяй» — сімваламі перадвыбарчай кампаніі Святланы Ціханоўскай пры падтрымцы Марыі Калеснікавай і Веранікі Цапкалы, піша «Віцебская вясна».

Ілюстрацыйны здымак. Фота «Віцебскай вясны»

Ілюстрацыйны здымак. Фота «Віцебскай вясны»

22 кастрычніка суд Кастрычніцкага раёну Віцебска разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні да 39-гадовага супрацоўніка транспартнай інспекцыі Юрыя Шылько. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве — пікетаванні (ч.1 арт. 24.23 КаАП). Інспектара затрымалі падчас нясення службы — трое сутак ён правёў за кратамі. Прычынай затрымання сталася пратэставая налепка на бамперы ягонага аўто. На судзе Юрый Шылько заявіў, што гэта была правакацыя.

Справу інспектара разбіраў суддзя Уладзімір Царыкаў.

Паводле пратаколу, супрацоўнік інспекцыі Юрый Шылько 30 верасня 2021 года «ўзяў удзел у масавым мерапрыемстве — пікетаванні, без адпаведнага дазволу адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска, што выявілася ў дэманстрацыі для няпэўнага кола асобаў выявы "сэрца, кулака і двух пальцаў рукі, накіраваных угору" на заднім бамперы аўтамабіля, які належыць яму — з мэтай публічнага выказвання сваіх поглядаў на падзеі грамадска-палітычнага жыцця».

«Якая пазіцыя? Якія масавыя мерапрыемствы?..»

На судзе Шылько заявіў, што падчас нясення службы яму патэлефанаваў супрацоўнік стаянкі і паведаміў, што на ягонай машыне пашкоджанае кола, прасіў пад'ехаць. Калі прыехаў на стаянку на вуліцы Панкова, яго там чакаў супрацоўнік міліцыі і папрасіў праехаць у Кастрычніцкі РАУС. Паводле словаў Шылько, ён нават не здагадваўся, навошта яго выклікаюць. Толькі прыехаўшы ў аддзяленне, зразумеў, у чым справа.

«Падышоў оперупаўнаважаны і кажа: а што гэта вы ўдзельнічаеце ў масавых мерапрыемствах, выказваеце сваю пазіцыю? Я кажу: якія яшчэ масавыя мерапрыемствы? У мяне яшчэ працоўны дзень. Якая пазіцыя? Якія масавыя мерапрыемствы? І ён падвёў мяне да задняй часткі бампера...» — успамінае інспектар.

У Кастрычніцкім РАУСе яго затрымалі. У машыне быў праведзены ператрус. Паводле словаў абвінавачанага — без панятых, што, на ягоную думку, было грубым парушэннем. Потым 30 гадзін Шылько правёў у міліцэйскім «стакане» — без ежы і сну. А пасля гэтага быў дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ).

Хто наляпіў налепку

Адвакат запытаўся ў супрацоўніка Кастрычніцкага РАУС Віталя Праліча, які прысутнічаў на працэсе, навошта трэба было затрымліваць чалавека, які быў на службе і ў форменнай вопратцы. «Санкцыя артыкула прадугледжвае адміністрацыйны арышт, таму ўсе асобы па гэтым артыкуле затрымліваюцца на 72 гадзіны», — патлумачыў Праліч.

Юрый Шылько заявіў на судзе, што налепка была, хутчэй за ўсё, прыклееная напярэдадні затрымання ўначы на паркоўцы каля гандлёвага цэнтру «Green», дзе ён звычайна пакідае машыну. І выказаў здагадку, што гэта мог зрабіць хто-небудзь з дальнабойнікаў, якіх ён часта штрафуе на вялікія сумы. Альбо — іншы супрацоўнік транспартнай інспекцыі, прозвішча якога назваць адмовіўся. Сам жа ён ніколі такога рабіць не стаў бы, бо «далёкі ад палітыкі».

На працэсе выступілі 5 сведак — бацькі Шылько і трое супрацоўнікаў транспартнай інспекцыі. Усе яны пацвердзілі, што Юрый ніколі не выказваў ніякіх палітычных поглядаў і не мог учыніць такое правапарушэнне.

«Адзін з лепшых па выпісванні штрафаў»

«Ніводнага разу не чуў, каб хто-небудзь з супрацоўнікаў абураўся і быў незадаволены палітыкай дзяржавы. Калі б так было, то я б, натуральна, зрабіў адпаведныя захады», — сказаў на судзе начальнік упраўлення кантролю аўтамабільнага транспарту Сяргей Глушчук. Патлумачыў, што сам ён кадравы вайсковец у запасе, быў старшынём каардынацыйнай рады грамадскіх абʼяднанняў і палітычных партый пры аблвыканкаме і «займае актыўную пазіцыю, накіраваную на кансалідацыю грамадства і канструктывізм». Заявіў таксама, што мае «дастатковы досвед выяўлення і спынення дэструктыўных элементаў на тэрыторыі дзяржавы». Таму, маўляў, калі б з боку Шылько былі хоць якія «намеры», то ён бы ўжо ў іх не працаваў.

Глушчук расхвальваў падначаленага і казаў, што той зʼяўляецца «адным з лепшых па выпісванні штрафаў». «Ён штомесяц недзе каля трох-чатырох тысяч прыносіць у даход дзяржаве. Я яго стаўлю ў прыклад іншым супрацоўнікам. Калі б усе так працавалі, то мы б перавыконвалі план па ўсіх паказніках», — казаў начальнік.

Яшчэ адзін супрацоўнік інспекцыі падтрымаў версію Шылько аб тым, што налепку яму мог наклеіць калега па працы. Паводле яго слоў, атмасфера ў калектыве не вельмі добрая: шмат зайздроснікаў, канфліктныя сітуацыі, маюць месца розныя «ананімкі». Між тым, абвінавачанага якраз збіраюцца павысіць.

Бацька Шылько расказаў, што хадзіў у «Green», дзе на паркоўцы стаяў аўтамабіль сына, і папрасіў паказаць запісы з відэакамер. Паводле яго, на запісах відаць, што, калі Юрый заязджаў увечары на паркоўку, налепкі на машыне не было, а ўжо раніцай на бамперы «праглядалася нейкая пляма». Што здарылася ўначы, устанавіць немагчыма, бо на ноч там адключаюць святло.

Царыкаў скасаваў справу

Выслухаўшы сведкаў і вывучыўшы матэрыялы справы, суддзя Уладзімір Царыкаў прыйшоў да высновы, што ў ёй не маецца якіх-небудзь доказаў таго, што менавіта Шылько наляпіў гэтую налепку.

Суддзя пастанавіў справу спыніць праз адсутнасць доказаў віны інспектара.

Аўтамабіль Шылько на момант суду знаходзіўся яшчэ ў міліцыі. Высветлілася, дарэчы, што транспартны інспектар ездзіў без тэхагляду.

Гэта зусім не першы выпадак, калі людзей судзяць за налепкі на машынах. Але, як правіла, суд у такіх выпадках выносіць абвінаваўчыя рашэнні. Гэтак, 6 верасня ў Наваполацку суд аштрафаваў на 100 базавых велічынь прафсаюзнага лідара з «Нафтану» Вадзіма Міхайлава — за налепку з «Пагоняй» на багажніку аўто. Ён таксама не прызнаў сваёй віны. Але пракурору і гэтага паказалася мала — і ён праз абласны суд адмяніў гэтае рашэнне: справу накіравалі на новы разгляд.

Ці будзе апратэставанае рашэнне Царыкава ў справе інспектара Шылько — невядома.