«Машына ва ўгоне». Мінчука спынілі супрацоўнікі ДАІ, але асудзілі за пікетаванне БЧБ-налепкай
У судзе Кастрычніцкага раёна сталіцы 22 кастрычніка разглядзелі справу 30-гадовага Андрэя Фалюка, распавядае «Вясна».

Напярэдадні машыну мінчука спынілі
супрацоўнікі ДАІ на падставе таго, што нібыта яго «машына лічыцца ва ўгоне».
Андрэю прапанавалі праехаць з імі, каб гэта праверыць. Але ў РУУСе мужчыну
сказалі, што затрымліваюць яго за БЧБ-налепку з гербам «Пагоня» на шкле машыны.
За «несанкцыянаванае пікетаванне» на Андрэя склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП.
Па словах Фалюка, налепку ён размясціў яшчэ ў 2018 годзе і зараз яна не звязана з яго палітычнымі поглядамі. У выніку суддзя Алена Жывіца прызнала Андрэя вінаватым і пакарала 15-сутачным арыштам.