А што ты зрабіў, калі ішла вайна дабра і зла?

«Мы нясём такую ж калектыўную адказнасць, як і "ябацькі"». Як беларус пакінуў сям’ю і бізнес і пайшоў ваяваць за Украіну.

c69ffe03_c77e358d079e5a6e4679ab0402b166d4.jpg

Беларус з пазыўным «Давід» жыў да нядаўняга часу ў Мінску, меў свой невялікі бізнес. Мае жонку і дзяцей. «У прынцыпе, у 2021 годзе ў мяне было ўсё добра — у асабістым і фінансавым плане», — кажа ён. Цяпер «Давід» ва Украіне, у палку Каліноўскага. Чаму? Ён расказаў пра гэта «Свабодзе».

«У 2020 годзе я нарэшце стаў свядомым грамадзянінам»

Пазыўны «Давід» беларус мае не проста так. Біблейскі цар Давід — ягоны кумір. «Ён, нягледзячы на сваю веліч, быў вельмі чалавечным. Ён рабіў мноства памылак, але пры гэтым заўжды верыў у Бога, меў свой шлях і крочыў па ім», — тлумачыць беларус.
Мужчына ўдзельнічаў у падзеях Плошчы-2010. Але кажа, што гэта быў не такі свядомы ўдзел, як у падзеях 2020 года. «У 2010-м хлопцы пайшлі — ну і я пайшоў. У 2020-м я нарэшце стаў свядомым грамадзянінам, удзельнікам палітычных і грамадскіх падзей», — кажа «Давід».
Ён уступіў у ініцыятыўную групу па вылучэнні аднаго з альтэрнатыўных кандыдатаў на пост прэзідэнта. Затым быў назіральнікам на ўчастку.
«У нас была каманда. Мы здолелі адстаяць перамогу Святланы Ціханоўскай на нашым участку. Старшыня камісіі была вымушана напісаць амаль рэальныя лічбы — 52%. Там трохі яны схібілі пры падліку, то-бок мусіла быць яшчэ прыкладна 5%. Але камісіі хапіла смеласці абвясціць хоць такія лічбы. Мы потым рабілі экстрапаляцыю, і ў прынцыпе нам зразумела, які быў рэальны вынік і хто перамог», — кажа добраахвотнік.
Давід кажа, што падзеі 9 жніўня яны з кампаніяй «праспалі».
«Мы сядзелі ў дворыку, святкавалі перамогу на нашым участку. Мне тэлефанавалі сябры з цэнтру і казалі: „Тут вайна!“. Я адказаў: „Ды якая вайна, давайце дачакаемся вынікаў!“. Але 10-11 жніўня мы з сябрамі сталі ў шэрагі. Мы былі на ўсіх акцыях, маршах. Нас не „хапнулі“, бо мы мелі сваю тактыку. Не паддаваліся страху і паніцы, эфекту натоўпу, бачылі ў натоўпе „дыверсантаў“, абыходзілі іх; калі трэба — адыходзілі, калі варта было — наступалі», — патлумачыў «Давід».

«Усё было ў мяне добра. Але справа ў тым, што я бачыў праўду»

«Пасля 2020-га я мог бы спыніцца і сказаць: «Усё, павыступалі і годзе. У мяне асабіста ў 2021-м усё было добра, у фінансавым плане таксама. Але справа ў тым, што я бачыў праўду, я бачыў, хто прэзідэнт, што ў нас робяць з людзьмі тыя, хто называе сябе праваахоўнымі органамі. Што яны парушаюць усе магчымыя законы і ўнутраныя правілы. Тое, што я бачыў, — проста жах. Як можна жыць спакойна, змірыцца? Мы змагаліся ў партызанскім фармаце», — кажа беларус.
Апошнім часам яму, як і многім беларусам, было цяжка жыць у рэжыме «прыйдуць — не прыйдуць» па цябе. 24 лютага «Давід», як толькі даведаўся пра вайну, патэлефанаваў сваякам у Кіеў. Кажа, гэта быў «першы шокавы абмен думкамі».
«Неяк па інерцыі пачаў ратаваць грошы, закрываў бягучыя пытанні ў бізнесе. Потым, пасля ўсведамлення першай інфармацыі пра вайну, прыйшло поўнае нежаданне хоць нешта рабіць. Я перастаў адчуваць смак ежы, задавальненне ад простых рэчаў», — апавядае «Давід».
Ён пайшоў на антываенную акцыю каля Генеральнага штабу 27 лютага, у дзень рэферэндуму.
«І такое агіднае адчуванне, што насупраць цябе стаяць гэтыя скаціны, нават без масак ужо, не саромеючыся, і ты нічога не можаш зрабіць», — дадаў ён.

«Што я адкажу, дзе я быў, калі ў мяне пра гэта спытаюцца праз дзесяць гадоў?»

«Давід» падзяліўся, як прыняў канчатковае рашэнне:
«Вось пройдзе 10 гадоў. І ў мяне спытаюцца: „А што ты рабіў дзесяць гадоў таму, калі ішла вайна паміж дабром і злом?“ Бо гэта сапраўды так. Тут няма шэрых паўтонаў. Нават у 2020 годзе ў нас маглі быць нейкія розныя „чытанні“ падзей. Я зразумеў, што адзіны справядлівы адказ будзе, што змагаўся на баку дабра. І я не знайшоў, як я магу сябе прымяніць у гэтай вайне з Беларусі. Не знайшоў адказу. Што ж, вырашыў, трэба ехаць ва Украіну».
З Беларусі ён не рызыкнуў запісвацца ў добраахвотнікі. Выехаў у Польшчу, адтуль падаў заяўку — у полк Каліноўскага і полк «Пагоня». Атрымаў адказы з двух палкоў. Прайшоў верыфікацыю. Вырашыў служыць у палку Каліноўскага.
«Давід» кажа, што ягоная жонка паставілася з разуменнем да такога рашэння.
«Бо яна таксама разумее, што так жыць нельга, што лёс Беларусі цяпер вырашаецца ва Украіне. Мы хочам, каб нашы дзеці гадаваліся ў вольнай краіне. Хай з агаворкамі, але яна прыняла маё рашэнне», — кажа добраахвотнік.
З маці яму было цяжэй. Дзецям жа паведамілі, што тата паехаў на заробкі.

«Полк — ваенізаванае фармаванне, таму тут ёсць нюансы»

Узровень чакання ад палку і тое, што «Давід» убачыў, прыкладна супала. «Насамрэч заснавальнікі палку, нашы хлопцы, такія маладыя, — такія малайцы! Стварылі такую махіну! Ну натуральна, ёсць пэўныя нюансы, як у любой сістэме. Але ж гэта ваенізаванае фармаванне», — кажа ён.
Пры перасячэнні мяжы з Польшчы ва Украіну ўзніклі некаторыя праблемы з дакументамі на мікрааўтобус. Польскія памежнікі доўга іх правяралі, углядаліся ў кожную паперку. «Але потым падышоў старшы па змене. І кажа мне, што мы можам пагутарыць ці на расейскай, ці на ангельскай мове. Я кажу, што як мы абодва не расейцы, то давай лепш на ангельскай. І ўсё пайшло як па масле. Нас выпусцілі, а ўкраінцы — упусцілі, вельмі добразычліва паставіліся да нас», — успамінае «Давід».
У палку яго залічылі ў вучэбную роту. Гэта было ў канцы траўня. Пасля яго адабралі на курсы байцоў сіл спецыяльных аперацый. «Давід» мусіў ехаць на перадавую.
«Але так склалася, што я меў пэўныя ініцыятывы з нагоды грамадскага іміджу палку. Гэтыя свае ініцыятывы я выклаў пісьмова ў лісце да кіраўніцтва. І вось за дзве гадзіны да выезду камандаванне зняла мяне з баявой місіі. Сказалі пакуль заняцца гэтым кірункам — палепшыць PR. Хочацца ўдзелу ў баявых дзеяннях, але ў мяне гэта яшчэ наперадзе, як тут наладзім працу», — кажа добраахвотнік.

«Чым большую паразу мы нанясём тут расейцам, тым раней вызвалім Беларусь»

Ён называе лухтой думку, быццам вайна ва Украіне «чужая нам».
«У нас агульны вораг. І калі ведаць беларускую гісторыю, то мы ведаем, хто наш сапраўды вораг. І ён цяпер вераломна напаў на братэрскі ўкраінскі народ. Наша тэрыторыя дэ-факта акупаваная. І чым большую паразу мы нанясём тут расейцам, тым раней вызвалім Беларусь», — лічыць «Давід».
Ён дадаў, што ўсе беларусы маюць не віну, але калектыўную адказнасць за тое, што з нашай тэрыторыі ляцяць ракеты, ішлі танкі на Бучу, Гастомель і Ірпень.
«І нават тыя, хто шмат чаго зрабіў у 2020 годзе. На жаль, мы прайгралі, але мы цяпер нясём такую ж калектыўную адказнасць, як і „ябацькі“», — кажа беларус.

«Мару жыць у вольнай краіне, пакуль не гатовы назваць яе»

Да смерці ў «Давіда» сваё стаўленне. З філасофскага пункту гледжання ён лічыць так: «Рабі, што трэба, і будзе, што будзе». З практычнага пункту гледжання «Давід» выказваецца так: «Усёй рызыкі пазбегнуць немагчыма. Трэба, каб сям’я, калі што, была забяспечаная. Гэты пункт закрыты. Бо кожны з нас мае кантракт з УСУ і права на кампенсацыю ад украінскай улады ў выпадку ранення ці смерці. Дэталі гаварыць не буду, але гэта неблагая сума».
Калі, хоць рэдка, «Давід» мае вольны час, ён гуляе, глядзіць знакавыя аб’екты Кіева і ваколіц. «Гэта дазваляе не забывацца, за што мы ваюем, і разумееш, што яно таго варта. Я мару жыць у вольнай краіне. І каб гэтая краіна была маёй. Наконт назвы краіны я пакуль не гатовы адказаць. Я ўсім духам люблю Беларусь. Гэта мая радзіма. Хацелася бы жыць у сваёй краіне, але толькі ў вольнай», — дадаў добраахвотнік.