У штабе абароны Вялікабрытаніі ацанілі страты расійскага войска ва Украіне

Расія страціла 50 тысяч салдат загінулымі або параненымі ва Украіне. Такую заяву зрабіў начальнік штаба абароны Вялікабрытаніі Энтані Радакін у эфіры BBC One.

image_45.jpg


Як сцвярджае Радакін, з-за страт баяздольнасць расійскіх наземных сіл ва Украіне знізілася на 30%. Паводле яго слоў, гэта дае ўкраінскаму войску «абсалютную» ўпэўненасць у тым, што ў яе атрымаецца перамагчы ў вайне.
«Яны абсалютна ясна далі зразумець, што плануюць аднавіць кантроль над усёй украінскай тэрыторыяй, і яны бачаць, як цяжка даводзіцца Расіі, якая, паводле нашых ацэнак, страціла больш за 30% сваёй наземнай баяздольнасці», — перадае словы Энтані Радакіна The Guardian.
Ён дадаў, што падчас канфлікту Расія страціла забітымі або параненымі 50 тысяч салдат, а таксама страціла амаль 1700 танкаў і амаль чатыры тысячы браніраваных машын.
Нагадаем, Мінабароны РФ у апошні раз паведамляла даныя аб загінулых вайскоўцах 25 сакавіка. Тады ў ведамстве заявілі, што на вайне ва Украіне загінуў 1351 чалавек. Украінскі Генштаб у сваю чаргу сцвярджае, што колькасць забітых расійскіх вайскоўцаў на 17 ліпеня складае 38 140 чалавек.