Абкружаныя кукурузай

Каля падвор’я пенсіянеркі Антаніны Лазоўскай калгасны трактар пры заворванні пустуючага поля паламаў частку агароджы, пасадзіў кукурузу сярод сунічных градак другой пенсіянеркі, пераараў адзіную дарогу, якая вяла ад дому 80-гадовай пенсіянеркі Ларысы Спіцынай.

kukuruza_011_logo.jpg

Механізатары аграфірмаў і СПК атрымліваюць заданні «заараць зямлю і пасадзіць кукурузу да платоў». А жыхары вёсак Аксаміты Капыльскага раёна і вёскі Бязверхавічы Слуцкага раёна пішуць у мясцовыя органы ўлады скаргі на абмежаванне свабоды перамяшчэння

Жыхары вёскі Бязверхавічы, якая мае больш за 200 двароў, лічаць сябе зараз адрэзанымі ад рэчкі, лесу і другіх вёсак.

Аграфірма «Лучнікі» акружыла нас з усіх бакоў кукурузай і пазаворвала ўсе дарогі, якія вялі на рэчку, у лес, у вёску, — скардзіцца жыхарка вёскі Наталля Царык. — Зааралі дарогу да лесу, да рэчкі Лакнеі, якая была традыцыйным месцам летняга адпачынку і знаходзіцца ў 900 метрах ад сяла. Хадзілі туды з дзіцячымі каляскамі, ездзілі на аўтамабілях, роварах. Трапляла туды і насельніцтва з суседніх вёсак: Івані, Селішча, Агароднікаў. Нават з самога Слуцка. Каб не ехалі праз поле, папярок былых дарог на з’ездах паклалі слупы. Тое ж адбылося і з дарогай да вёскі Рэтаўшчына. Дарэчы, па гэтай дарозе можна было пешшу дабрацца да ўскрайку Слуцку і гарадскога прыпынку.

Вераніка Федаровіч — маладая маці. Вельмі незадаволена тым, што не будзе прамога доступу да рэчкі.

— У нас і так няма куды пайсці з дзецьмі. Гуляем з калыскамі на вуліцы, па якой штохвілінна імчацца аўтамабілі. Я тут нарадзілася, месцы прыгожыя, хацелася б, каб і дзеці палюбілі нашу прыроду. Раней з мужам маглі паехаць на рыбалку па дарозе, што вяла ў вёску Падліпцы, — зараз таксама зааралі.

kukuruza_018_logo.jpg

Па словах Веранікі, у вёску прыязджаў прадстаўнік аграфірмы, праводзіў вясковы сход, на якім папярэдзіў аб адміністратыўнай адказнасці за парушэнне межаў.

 — Везці гной на ўчасткі мы павінны цяпер толькі праз свае двары, бо аб’язной дарогі на межах з калгасным полем цяпер няма. У некаторых падвор’і вузкія, і трактар не можа там праехаць. Спрабавалі скардзіцца ва ўпраўленне сельскай гаспадаркі — там ухвалілі дзеянні кіраўніцтва аграфірмы.

У маленькай вёсачцы Аксаміты Капыльскага раёна — свае праблемы. Каля падвор’я пенсіянеркі Антаніны Лазоўскай калгасны трактар пры заворванні пустуючага поля паламаў частку агароджы, пасадзіў кукурузу сярод сунічных градак другой пенсіянеркі і былой заслужанай даяркі. Пераараў адзіную дарогу да сяла, якая вяла ад дому 80-гадовай пенсіянеркі Ларысы Спіцынай. Пры гэтым быў знішчаны гравій, які цётка Ларыса купіла ў дарожнікаў, каб падсыпаць нізіну.

kukuruza_021_logo.jpg
kukuruza_020_logo.jpg


Трэба сказаць, што пасля нервовых зрушэнняў, просьбаў і сварак кіраўніцтва філіяла «Грозава» ВУП «ПрыёртрансАгра» ўсё-такі закапала цётцы Тоні ў агарод новыя слупы, утрамбавала частку зааранага поля пад дарогу і нават сыпанула ў нізінку новага пяску. Выконваючы абавязкі дырэктара Аляксандр Дарошчанка нават звярнуўся да ДУ «Капыльскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі» з запытам наконт магчымай санітарна-ахоўнай зоны паміж населеным пунктам і сельскагаспадарчымі землямі, на якіх распыляюцца гербіцыды і пестыцыды. Жыхарам вёскі дазволена пешшу хадзіць праз кукурузу да невялічкага напаўзарослога вадаёму.

У сваю чаргу старшыня Капыльскага раённага Савета дэпутатаў Ірына Кісляк паабяцала «папрацаваць дэтальна над пытаннямі цывілізаваных меж паміж вяскоўцамі і сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі» з тым, каб неабходныя вясковыя дарогі ў раёне не знішчаліся.

Жыхары ж вёскі Бязверхавічы Слуцкага раёна пакуль працягваюць пісаць скаргі. Начальнік землеўпарадкавальнай службы Слуцкага райвыканкама Аляксандр Курак пацвердзіў, што такая скарга паступіла ў райвыканкам.

— Будзем выязджаць на месца і разбірацца са скаргамі адпаведна Зямельнага Кодэксу. Адна рэч, калі дарогі, пра якія жыхары гавораць, на самай справе існавалі і аформлены адпаведна заканадаўству. І зусім іншая — калі яны пракладзены самавольна жыхарамі на землях, якія належаць сельскагаспадарчаму прадпрыемству. Зразумела, што трэба выконваць законы.

Вяскоўцы ж упарта лічаць, што гэтыя дарогі былі пракладзены яшчэ іх бацькамі і дзедамі, таму дзеці і ўнукі павінны таксама па іх хадзіць, нягледзячы на тое, што "нейкі чыноўнік напісаў нейкі закон".

А паколькі народныя сцежкі не зарастаюць, можна меркаваць, што хутка ў кукурузе з’явяцца неўзаконеныя «залысіны».