Абвінавачанне патрабуе для журналіста Дзмітрыя Галко 3 гады пазбаўлення волі
На судзе ў справе беларускага журналіста Змітра Галко дзяржаўная абвінаваўца запатрабавала 3 гады пазбаўлення волі за «напад на міліцыянта» (арт. 364 КК РБ) «з улікам станоўчай характарыстыкі» і таго, што раней Галко не стаяў на ўліку, паведамляе «Радыё Свабода».
16 ліпеня на працэсе над блогерам і
журналістам Змітром Галко, якога абвінавачваюць у нападзе на міліцыянта,
пачаліся судовыя спрэчкі.
Паводле прадстаўніцы пракуратуры спадарыні Арлоўскай, віна Змітра Галко ў нанясенні міліцыянту Юрыю Чыркову двух удараў цалкам даказаная. «Брыдкадсловіў у адрас супрацоўнікаў міліцыі», «нанёс 2 удары Чыркову ў сківіцу і па галаве ў цемянную вобласць», «паводзіў сябе агрэсіўна», «спрабаваў ударыць іншых міліцыянтаў», «парваў форменную вопратку міліцыянту Казаноўскаму», — сказала пра Галко абвінаваўца.
Яна заявіла, што віну Галко абцяжарвае тое, што падчас учынення злачынства ён быў у нецвярозым стане. У якасці доказаў віны Галко супрацоўніца пракуратуры назвала паказанні пацярпелых і сведак, дадзеныя экспертызы і рэчавыя доказы.
Абаронца журналіста Наталля Мацкевіч апелявала да закону, паводле якога артыкул аб нападзе на міліцыянта пачынае дзейнічаць ў выпадку безумоўнага выканання супрацоўнікам міліцыі дзейнага заканадаўства. Між тым, як даказвала адвакатка, міліцыянты ўварваліся ў кватэру Змітра Галко незаконна і гэтак жа незаконна пачалі там відэаздымку. Паводле абаронцы, участковы капітан міліцыі Юрый Чыркоў і міліцыянт Вадзім Казаноўскі парушылі і шэраг службовых інструкцый, датычных рэагавання на меркаваныя падазрэнні аб учыненні злачынства.
Працэс над Змітром Галко пачаўся 10 ліпеня.
Галко лічыць, што міліцыянт яго агаварыў
Зміцер Галко выступіў з апошнім словам, у якім сказаў, што пацярпелы міліцыянт Юрый Чыркоў яго агаварыў.
Паводле падсуднага, у сваіх паказаннях у судзе Юры Чыркоў «ад пачатку хлусіў», іншыя міліцыянты-сведкі Вадзім Чыркоў і Людміла Брыдзько падганялі свае паказанні пад ягоныя словы.
«Больш за 10 чалавек мусілі быць сведкамі нібыта майго нападу на Юрыя Чыркова, але чамусьці ніхто гэтага не бачыў», — сказаў суду ў апошнім слове Зміцер Галко.
Ён заявіў, што пацярпелы міліцыянт Чыркоў «прыдумаў яму матыў нападу» — нібыта помста за тое, што супраць сына Галко міліцыянты ўжылі спецпрыём. «Абставіны гэтага эпізоду, пра які казаў Чыркоў, таксама нікім не пацверджаныя», мяркуе Галко.
Паводле яго, следства і суд не высветлілі дакладны час ягонага здарэння і якое падраздзяленне міліцыі яго затрымлівала. Галко нагадаў пра тое, што крымінальную справу супроць яго завялі праз 10 дзён пасля інцыдэнту, пасля таго, як ён у інтэрнэце падзяліўся абставінамі здарэння. Сваёй віны Зміцер Галко не прызнаў.
Прысуд будзе абвешчаны 17 ліпеня а 17-й гадзіне.
Зміцер Галко: «Капітан Чыркоў мяне агаварыў, бо баяўся праверкі»
Падчас суда Галко выказаў меркаванне, што капітан міліцыі яго агаварыў, «бо незаконна ўвайшоў у кватэру вядомага чалавека, плюс тры юнакі ў выніку атрымалі траўмы». На пытанне, чаму ў капітана Чыркова аказаліся цялесныя пашкоджанні, Галко заявіў, што не ведае адказу. Ён прызнаў толькі, што рукой выпіхваў міліцыянта Чыркова з кватэры.
Зміцер Галко цалкам не прызнаў віны і не згадзіўся з прыпісаным яму матывам (нібыта ён напаў на міліцыянтаў з мэтай адпомсціць ім): маўляў, «я ніколі раней іх не бачыў, якая помста?». Ён толькі дапусціў, што мог ненаўмысна разбіць тэлефон міліцыянта, калі спрабаваў выправадзіць яго з кватэры, бо той «увайшоў незаконна». У першы і другі дні суду Галко заяўляў пра катаванні.
У лістападзе 2017 году ў менскай кватэры Галко падчас святкавання народзінаў сына Яна Галко нехта з суседзяў нібыта выклікаў міліцыю з прычыны шуму. Зміцер адчыніў дзверы. Пасля гэтага, паводле версіі следства, у яго здарыўся канфлікт з міліцыянтам, быў разбіты мабільны тэлефон супрацоўніка ўнутраных органаў. Сам журналіст казаў, што толькі трымаў міліцыянта за руку.
На Галко склалі адміністрацыйны пратакол за «лаянку на вуліцы». Да суду па адміністрацыйным працэсе Галко знаходзіўся ў ізалятары. Пасля інцыдэнту Галко з сынам з’ехалі ва ўкраінскі Марыюпаль. 22 красавіка, падчас вяртання ў Менск, Змітра затрымалі на беларуска-ўкраінскай мяжы.
«Рэпарцёры без межаў» заклікалі вызваліць Галко, бо «няма ніякіх падставаў, каб [гэты] журналіст быў у турме».