Адвечная згубленасць. Чаму моладзі цяжка шукаць сябе?

Калумніст budzma.by Лаймуціс Сакалоў намагаецца зразумець праблемы свайго пакалення і разбіраецца ў яго адвечнай нявызначанасці.

kedy.jpg

Падчас размоваў з моладдзю, сваімі равеснікамі, задаю пытанні: «А што цябе захапляе? Якія твае памкненні?» На што, на жаль, сутыкаюся з сумнымі адказамі, кшталту: «Я яшчэ не ведаю. Можа, і няма такога. А мо калі-небудзь і знайду». І насамрэч, вельмі часта сутыкаешся з пачуццём згубленасці: «А што мне рабіць у гэтым свеце? А што мне насамрэч падабаецца?» Чаму так? Давайце паразважаем.
Пачнём з самага пачатку. Вось нарадзілася дзіця. Хутчэй за ўсё, бацькі вельмі гэтаму рады. Што далей? Пачынаецца выхаванне. Пра тое, якая з гэтым праблема, мы ўжо раней разважалі, таму пяройдзем адразу да... дзіцячага садка. Ці існуе ў беларускіх умовах індывідуальны падыход да кожнага? Выявіць яго схільнасці, захапленні і здольнасці? Ды не, адзіны графік, заняткі, гульні — уніфікацыя адным словам, нарматыў.
Ну добра, садок скончыўся. Хтосьці нават прапусціў гэты пункцік у сваім жыцці, але ж далей тое, з чым давядзецца сутыкнуцца кожнаму, — першы раз у першы клас! І вось тут пачынаецца... Нават па сабе памятаю, як гэта — спробы перавучыць пісаць «правільнай» рукой, насіць «правільнае» адзенне, «правільна» ставіцца да «неабходных» прадметаў, прычым менавіта так і ў такім выглядзе, як напісана і сказана.
Спрачацца? Нельга, бо гэта ж не абы-хто пісаў! Пытанні нязручныя? Зашмат пытанняў! У падручніку ўсё сказана! Ён ухвалены Міністэрствам адукацыі, менш пытанняў! І вось так да бясконцасці. Пастаянна толькі глядзяць на нарматывы і нормы, дзе няма месца індывідуальнасці і дапамозе знайсці свае цікавасці, схільнасці і шлях, бо... А навошта? Не ў гэтым жа сэнс адукацыі сярэдняй, правільна?..
Ну а чым ты бліжэй да выпуску, тым больш нарастае ціск не толькі з боку школы, але і бацькоў, сваякоў: «Абавязкова паступай у ВНУ! Будзеш інжынерам, бо не будзеш галадаць! Маляваць любіш? Не нясі лухты, гэта не прафесія! Не аплацім мы табе ніякага навучання, апроч інжынера! Усё вырашана! Ніякіх пытанняў, мы лепш ведаем!» Знаёма, паважаныя бацькі, моладзь?
І вось тут у асноўным маладыя людзі, што пагаджаюцца, замест таго каб прыгледзецца, павывучаць сусвет і вырашыць, бягуць паступаць абы-куды ці з падачы бацькоў. І ў асноўным такі варыянт заканчваецца так сабе, бо ў выніку гэты дыплом дэ-факта нікому не патрэбны, апроч бацькоў, а матывацыя часам настолькі губляецца за гады ламання сябе, што на выхадзе чалавек ужо не ведае, што яму трэба, бо... Не паступаць жа зноў на сваё, улюбёнае, правільна? Толькі ж адмучыўся... І вось тут вельмі часта шчасце ў чалавека ўжо ніколі не будзе поўным. Бо там ужо па накатанай: праца, нейкі там партнёр, каб родзічы пабачылі ўнукаў, ды і так жа патрэбна, потым нарматыўная жабрацкая пенсія і... Усё.
А можа, у гэтага чалавека былі схільнасці і таленты, якія б зрабілі яго геніяльным дырыжорам/мастаком/юрыстам/сцэнарыстам/журналістам і г.д.? Дык што, атрымліваецца, гэтая сістэма проста знішчае любую прагу рэалізоўвацца і атрымаць асалоду і смак жыцця? Дык які тады сэнс жыць? Каб падаткі плаціць?
А можна ж было інакш. Прычым на любым этапе. Нават пасля ВНУ ці без яго пэўны час, можна засвоіць што заўгодна, атрымаць любую працу, дасягнуць чаго заўгодна — галоўнае паверыць у свае сілы. Лічыце, што такое з вамі не адбудзецца? А з чаго такога іншага зробленыя вядомыя і таленавітыя людзі? Міфрылу? Ды не, тая ж кроў, косткі, фізіялагічныя патрэбы ў туалеце — нічога звыш.
Проста нехта не баіцца шукаць, змяняць, эксперыментаваць, развівацца, а хтосьці чакае цуду. Але ж пакуль мы жывыя... Усё магчыма!
Таму не трэба проста заганяць сябе ў межы, якія не дадуць вам ніяк увогуле рухацца, бо такога няма. Бываюць розныя рэчы ў жыцці, але ж няма ніколі перыядаў ці сітуацый, калі ніяк нельга пачаць шукаць сябе і нешта змяняць.
Няма адзінай формулы поспеху, але ж і няма адзінай нормы «правільнага» жыцця. Няма абавязковых этапаў: жыццё — варыятыўная штука. Таму не варта баяцца шукаць, даведвацца, развіваць тое, што падабаецца, і накіроўваць сваё хобі ў кірунак таго, што будзе вас карміць і вы там станеце прафесіяналам. Ды халера, у свеце існуюць прафесійныя гульцы ў тэтрыс і з гэтага жывуць! Дагэтуль сумневы?