Адзін народ дзвюх дзяржаў

Еднасць геапалітычная і ментальная — паняцці далёка не тоесныя. Калі для першага дастаткова подпісаў некалькіх асобаў, надзеленых уладаю, то для другога патрэбны час, жаданне і адмысловыя ўмовы.



93fb9d4b16aa750c7475b6d601c35c2c.jpg

Еднасць геапалітычная і ментальная — паняцці далёка не тоесныя. Калі для першага дастаткова подпісаў некалькіх асобаў, надзеленых уладаю, то для другога патрэбны час, жаданне і адмысловыя ўмовы.
На пачатку кастрычніка ў ФРГ адзначаюць нацыянальнае свята — Дзень германскага адзінства — у гонар паспяховага афіцыйнага ўз’яднання Заходняй і Усходняй Германіі 3 кастрычніка 1990 года. Берлінская сцяна падзяляла Германію ад 13 жніўня 1961 да 9 лістапада 1989 года, ператварыўшыся ў сімвал «халоднай вайны». Цяпер ужо сам Берлін стаў сімвалам аб’яднанай Еўропы.
Трансфармацыя нямецкай дзяржавы і нацыі напрыканцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў праходзіла пад лозунгам «Wir sind ein Volk!», што літаральна азначала «Мы — адзін народ!». Дваццаць гадоў таму самі немцы сфармулявалі сваё жаданне жыць у непадзельнай краіне. Іх памкненне, узгодненае кіруючымі вярхамі дзвюх вялікіх дзяржаў — СССР і ЗША, — увасобілася ў новыя контуры на палітычнай карце Еўропы. Аднак і цяпер немцы памятаюць, што ёсць Усходняя і Заходняя Германія.
Сацыялагічныя апытанні паказваюць, што каля 60 працэнтаў усходніх немцаў лічаць сябе абдзеленымі. Не складана пачуць і меркаванне, што жыхары былога ГДР адчуваюць сябе людзьмі другога гатунку. Заробкі ў заходніх землях Нямеччыны традыцыйна вышэйшыя. «Я неаднаразова сутыкалася з тым, што мне як жыхару Усходняй Германіі плацілі за такую ж працу на дваццаць працэнтаў менш, чым маім калегам па былую лінію мяжы», — расказвае Ангела Крэллер, якая працуе экскурсаводам. Берлін Заходні — тэрыторыя элітных кварталаў, дарагіх крамаў, бізнес-цэнтраў. Усходні — чапляе вока постсавецкага жыхара знаёмымі сілуэтамі архітэктуры ў стылі канструктывісцкага мінімалізму. Усё ж дваццаць гадоў — занадта малы тэрмін, нават з улікам актыўнай інтэграцыйнай палітыкі, каб сцерці ментальны падзел. Нават у сённяшняй Беларусі праз семдзесят гадоў пасля яе аб’яднання, на ўсходзе краіны жыхароў Гродзеншчыны называюць «западэнцамі».
Дарэчы, «самая магутная жанчына ў свеце», паводле версіі амерыканскага часопіса «Forbes», канцлер Ангела Меркель вырасла ва Усходняй Германіі. Яна не адмаўляе таго факту, што ўсходнія немцы дагэтуль не дасягнулі ўзроўню жыцця жыхароў заходніх федэральных земляў. Кіраўніца Хрысціянска-дэмакратычнага саюза Германіі лічыць неабходным садзейнічаць эканамічнаму ўздыму ў новых федэральных землях, нармалізацыі сітуацыі на рынку працы, пераадоленню бюракратыі. Берлін накіроўвае ва ўсходнія землі буйныя сродкі на пераадоленне наступстваў у экалогіі і на эканамічнае развіццё. У гэтых мэтах з нямецкіх падаткаплацельшчыкаў спаганяюць «падатак на салідарнасць» у памеры 5,5 працэнта ад прыбыткаў.

Берлін. 20 год пасля падзення сцяны


Аднак большую папулярнасць, паводле нядаўніх сацыялагічных даследаванняў, спадарыня Меркель мае на Захадзе. Прычына ў такой расстаноўцы сімпатый, паводле спецыялістаў, — дагэтуль не раўназначная эканамічная сітуацыя ў рэгіёнах. Ад 1990 года ва ўсходнюю частку Германіі пераехалі многія прадпрыемствы. За 20 гадоў урад выдаткаваў больш 1,5 трыльёна еўра на развіццё і мадэрнізацыю эканомікі Усходняй Германіі. Аднак прадуктыўнасць «экс-камуністычнага» рэгіёна ўсё роўна складае ўсяго 25 працэнтаў ад паказчыкаў заходняй часткі краіны, што прымушае маладых немцаў пераязджаць з Усходняй Германіі ў яе заходнюю частку.
«Канцлер нямецкага адзінства» Гельмут Коль калісьці абяцаў усходнім немцам «квітнеючыя ландшафты» і задаволены аб’яднаннем народ пад сцягам ФРГ. Праўда, у сваіх мемуарах ён усё ж праяўляе шкадаванне ў сувязі з тым, што недаацаніў адрэзак часу, які спатрэбіцца, каб выраўняць умовы жыцця людзей на Усходзе і на Захадзе ФРГ. Эксперты прагназуюць, што гэта адбудзецца толькі праз 30–40 гадоў. І, улічваючы настойлівасць, з якой цяперашняе кіраўніцтва Германіі імкнецца да запаветнай кропкі раўнавагі, аднойчы гэта адбудзецца. Акурат да таго часу да ўлады ў краіне прыйдуць цяперашнія маладыя немцы, для якіх падзеі канца мінулага стагоддзя — толькі эпізод з гісторыі. І цалкам верагодна, што, узгадаваныя на палітыцы інтэграцыі, яны ўжо не ў маніфестацыйным запале, але з цвярозым асэнсаваннем змогуць сказаць «Wir sind ein Volk!».