«Акадэмкніга» адмовілася прадаваць часопіс пра беларускую гісторыю

Мінскі магазін «Акадэмкніга» адмовіўся ад продажу часопісаў «Наша гісторыя», «Асцярожна: дзеці!» і «Дуду». Пра гэта паведаміў выдавец гэтых СМІ.

Фота: nn.by

Фота: nn.by


Як нагадваюць выдаўцы, «Акадэмкніга» належыць Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (кіраўнік Прэзідыума Уладзімір Гусакоў, сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Аляксандр Каваленя).
Раней «Белпошта» накіравала ў рэдакцыю ліст аб скасаванні дамовы з ліпеня 2021 года. У выніку трох выданняў не будзе ў падпісных каталогах на другое паўгоддзе.
Месяц таму аналагічнае рашэнне прыняў іншы дзяржаўны манапаліст — «Белсаюздрук». Папярэдні нумар «Нашай гісторыі» не трапіў у кнігарні дзяржаўнай «Белкнігі».
Як адзначаюць выдаўцы, «Акадэмкніга» за першыя чатыры дні продажаў новага нумара «Нашай гісторыі» рэалізавала 147 экзэмпляраў, «Белсаюздрук» кожны месяц за продажы гэтага часопіса зарабляў бы каля 3,5 тысяч рублёў і г. д.
Таму рэдакцыя запускае ўласную сістэму падпіскі. Падобная схема дзейнічала ў 2006-2008 гадах, калі «Нашай Ніве» забаранілі распаўсюджвацца праз шапікі і па падпісцы.
Калі чытачы хочуць атрымліваць часопісы (пачынаючы з № 7, з ліпеня), неабходна перайсці па спасылцы і запоўніць гугл-анкету з кантактнымі данымі. Трэба указаць імя, адрас дастаўкі і тэлефон. Пакуль плаціць нічога не трэба — гэтыя звесткі патрэбныя для планавання накладу наступных нумароў.
Бліжэй да ліпеня запрацуе сайт «Наша крама» (nashakrama.by), праз які можна будзе аплаціць падпіску на любы з часопісаў на другое паўгоддзе або па месяцах. На другое паўгоддзе кошт «Нашай гісторыі» па падпісцы складзе 7 рублёў за нумар (калі падпішацеся адразу на паўгода — 35 рублёў), кошт часопісаў «Асцярожна: дзеці!» і «Дуду» — па 3 рублі (калі падпішацеся адразу на паўгода — 15 рублёў).
Пасля таго, як сайт запрацуе, людзям, якія пакінулі свае даныя, нагадаюць аб магчымасці аформіць падпіску.
Часопіс «Наша гісторыя» выходзіць з 2018 года. Гэта першы ў Беларусі глянцавы гістарычны часопіс. «Дуду» і «Асцярожна, дзеці!», якія сталі выходзіць пазней, адрасаваныя дзіцячай аўдыторыі.
Тыя, хто не гатовы аформіць падпіску, зможа купіць часопіс «Наша гісторыя» ў розніцу. Яго плануюць прадаваць у Мінску на працягу двух дзён кожнага месяца па рэдакцыйным адрасе Энгельса, 34а. Пра даты такіх продажаў будуць паведамляць на сайце nn.by і ў сацсетках.

Паводле news.tut.by