Актывісты Курапацкай варты схадзілі на «прафілактычную гутарку» па сітуацыі ля «Поедем, поедим»
Днямі адміністрацыйная камісія Папярнянскага сельвыканкама разглядала скаргі ўдзельнікаў Курапацкай варты на дзейнасць рэстарана «Поедем, поедим». Праўда, у чым сэнс і паўнамоцтвы гэтай камісіі, так і засталося незразумелым.
Каб трапіць на пасяджэнне, давялося «штурмаваць» залу
Пасяджэнне тычылася двух эпізодаў, якія адбыліся ў рэстаране ў мінулым месяцы. Так, першага чэрвеня ўстанова зладзіла ля месца масавых расстрэлаў шумнае дзіцячае свята з аніматарамі, шашлыкамі і гучнай музыкай. Удзельнікі варты абароны Курапатаў знялі гэта на відэа і выклікалі міліцыю, паколькі Генпракуратура забараніла праводзіць у рэстарацыі шумныя забаўляльныя мерапрыемствы.
Другі выпадак адбыўся ў «Поедем, поедим» 22 чэрвеня: Ганне Шапуцька адмовіліся выдаць кнігу заўваг і прапаноў, і грамадская актывістка зноў выклікала міліцыю, каб зафіксаваць парушэнне.
Супрацоўнікі Бараўлянскага РАУСа, якія выязджалі на месца падзей, перадалі матэрыялы ў Папярнянскі сельвыканкам (менавіта да яго адносіцца тэрыторыя мемарыялу Курапаты з ахоўнымі зонамі і зонай рэгуляванай забудовы). Там прызначылі пасяджэнне, на якое запрасілі як Ганну Шапуцьку, так і дырэктарку рэстарацыі Святлану Дубкову.
Разгляд першай справы быў прызначаны на 15 гадзін, другой — на 16. Але ўжо а палове на 15-ую ў калідоры перад залай пасяджэнняў сабралася каля дзясятка чалавек — усіх іх запрасілі на 15 гадзін. У прызначаны час з залы выйшла сакратарка і стала па чарзе называць прозвішчы і выклікаць людзей. Нехта выходзіў з залы праз некалькі хвілін, нехта заставаўся там паўгадзіны. Ужо прайшлі і тыя, каму сустрэча была прызначаная на пачатак 17-ай гадзіны — а пытанне Курапатаў усё адкладалася. Нарэшце бакі запрасілі — у апошнюю чаргу. Але не ўсіх ахвотных хацелі прапускаць на пасяджэнне.
— У нас могуць прысутнічаць па рашэнні нашай раённай камісіі толькі тыя, каго запрасілі! — загарадзіла ўваход у залу сакратарка Любоў Цітова.
— Вы парушаеце артыкул 39 закона «Аб мясцовым самакіраванні», паводле якога на пасяджэнні камісіі могуць прысутнічаць грамадзяне, — парыравалі актывісты, якія прыйшлі падтрымаць Ганну Шапуцька.
— А ў нас ёсць рэгламент сельскага савета, — заявілі было іншыя члены камісіі, але пасля спахапіліся, відаць, уцяміўшы, што рэгламент сельсавета не можа мець моц большую, чым закон. Нарэшце сакратарка здалася і прапусціла ўсіх у залу.
Актывісты настаялі на тым, каб усе члены камісіі прадставіліся. Старшынявала ў ёй выканаўца абавязкаў старшыні сельвыканкама Святлана Ракецкая, удзельнікамі былі кіраўніца справамі Людміла Кухто, ужо згаданая сакратарка Любоў Цітова і два ўчастковых Заслаўскага аддзела міліцыі — Кулік і Шатаў.
— У нас не судзілішча, мы запрашаем людзей для прафілактычнай гутаркі, — патлумачылі прысутным прычыну сустрэчы ў сельсавеце. Члены камісіі вымушаныя былі прызнаць, што пасяджэнне — адкрытае, і грамадзяне маюць права на ім прысутнічаць.
Навошта патрэбная камісія без кампетэнцый?
Старшыня камісіі перайшла да разгляду спраў. Першая тычылася непрадастаўлення Ганне Шапуцька кнігі заўваг і прапаноў. Міліцыянт, які складаў рапарт, угледзеў у дзеяннях службовай асобы ТАА «Амізбел» («Поедем, поедим») склад адміністрацыйнага правапарушэння, прадугледжанага артыкулам 9.24 ПВКаАП. На гэта Святлана Дубкова заўважыла, што ў той дзень людзі пад кіраўніцтвам Ганны і Віктара Шапуцькаў стаялі са сцягамі каля рэстарану, выказваючы свой пратэст. Потым яны пайшлі ва ўстанову са сцягамі і жагнаючы ўсіх навокал, і супрацоўнікі рэстарана націснулі трывожную кнопку дэпартамента аховы. Прыехала міліцыя, і ў гэты момант Ганна Шапуцька запатрабавала кнігу заўваг і прапаноў, якая была ёй прадастаўлена. Пра гэта сведчыць пакінуты ў кнізе запіс і запісы камер відэаназірання. Святлана Дубкова дадала, што пратэстоўцы некалькі разоў на тыдзень прысутнічаюць каля рэстарана, правакуюць людзей і ладзяць дэбошы і беспарадкі. У той жа час, на думку Дубковай, рэстаран працуе згодна з заканадаўствам Беларусі і ніякіх парушэнняў не мае.
Ганна Шапуцька заўважыла, што Святлана Дубкова хлусіць. У гэты дзень актывістка сапраўды зрабіла запіс у кнізе, але пазней увечары ёй кнігу ўжо не прадаставілі — і гэта зафіксавалі супрацоўнікі міліцыі. Больш за тое, калі пратэстоўцам прадастаўляюць кнігу, яе выносяць за тэрыторыю рэстарацыі — а гэта парушэнне заканадаўства.
— Так, мы супраць гэтай рэстарацыі, таму што яна пабудаваная незаконна — прадстаўленне Генеральнай пракуратуры ніхто не адмяняў. І мы будзем дамагацца таго, каб гэтая ўстанова не працавала, — дадала Ганна Шапуцька.
Як зазначыў Віктар Шапуцька, незразумела, на якой падставе гэтую справу разглядалі на пасяджэнні камісіі ў сельвыканкаме, калі, згодна з Працэсуальна-Выканаўчым кодэксам, яна трапляе пад юрысдыкцыю райвыканкама. Вынікам разгляду гэтай сітуацыі павінна быць адміністрацыйнае пакаранне, а не прафілактычная гутарка, лічаць удзельнікі Курапацкай варты. Атрымліваецца, бакі запрасілі на пасяджэнне органа, які не мае паўнамоцтваў вырашаць гэтае пытанне.
— Аб выніках мы паведамім пісьмова абодвум бакам, — стаялі на сваім члены камісіі, не канкрэтызуючы, якія менавіта гэта будуць вынікі і на падставе чаго да іх прыйдуць.
Тым часам Святлана Дубкова не стала чакаць разбіральніцтва па справе аб правядзенні дзіцячага свята ў рэстаране і сыйшла.
— Яна цудоўна ведае, што, згодна з адказам Генпракуратуры, зямельны ўчастак, на якім размешчаны аб’ект прыдарожнага сервісу ТАА «БелРэстІнвест» мае абцяжарванні ў выкарыстанні: з усходняга боку рэстарана выключаюцца ўсе віды гучных мерапрыемстваў і арганізацыя адпачынку на адкрытым паветры. На гэты конт я выклікала міліцыю і пісала заяву, — пракаментавала сыход дырэктаркі рэстарана Ганна Шапуцька.
Членам камісіі прадэманстравалі відэа таго самага свята, перадалі дакументы, распавялі пра ўскладзеныя на іх як на ўладу ахоўныя абавязацельствы адносна мемарыяла ахвярам сталінскіх рэпрэсій. Усё гэта відавочна зрабіла на іх уражанне, з абаронцамі Курапатаў яны не спрачаліся і збольшага маўчалі. Магчыма, рэгламент працы гэтай дзіўнай камісіі не прадугледжвае спрэчак і каментароў, а можа, ім проста не было чаго казаць. Іншае пытанне, ці мясцовыя выканаўчыя ўлады пойдуць шляхам закона і сумлення, альбо працягнуць далей пакрываць дзейнасць «Поедем, поедим».