Алесь Каваленка: абарона правоў каштуе ў 727 разоў даражэй, чым іхнае папіранне

18 жніўня суддзя Магілёўскага абласнога суда Мікалай Гладкі пакінуў у сіле прысуд актывісту Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры, бабруйчаніну Алесю Каваленку, які 12 траўня правёў адзіночны несанкцыянаваны пікет на сталічнай плошчы Свабоды.

kavalenka_1_logo.jpg

За гэта 11 ліпеня суддзя Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці і горада Бабруйска Наталля Чарапуха аштрафавала 68-гадовага Алеся Каваленку на 20 базавых велічынь (420 руб.). Дарэчы, на пікет пенсіянер выйшаў з плакатам «Чыноўнікі  суду, дайце адказы на пытанні майго сына і яго адваката. Хопіць хавацца за адпіскамі». 

Сын спадара Алеся адседзеў за кратамі 12 з 18 гадоў прысуду па абвінавачванні ў забойстве. Нягледзячы на тое, што Генеральная пракуратура апратэставала гэты прысуд, Вярхоўны суд не толькі адхіліў пратэст Генпракуратуры, але і не дае адказу па сутнасці пытанняў, пастаўленых у зваротах асуджанага і ягонага адваката. Апроч таго, па сфабрыкаваным абвінавачванні ў распаўсюдзе наркотыкаў бацька асуджанага быў закратаваны на 9 гадоў, аднак праз 3 гады і 2 месяцы быў вызвалены, рэабілітаваны і атрымаў грашовую кампенсацыю за матэрыяльную і маральную шкоду ад незаконнага прысуду.

 Усё гэтыя пакуты адмоўна адбіліся на здароўі бацькоў асуджанага і дабрабыце сям’і. 

Бацька перажыў аперацыю і інфаркт, зараз пакутуе ад экзэмы рук. З-за перажыванняў захварэла і маці асуджанага — спадарыня Валянціна Каваленка. Каб аплаціць паслугі адваката, сям’я вымушаная была прадаць прыватызаваную трохпакаёўку і зараз туліцца ў прыдбаным старым драўляным доме, які патроху добраўпарадкоўваецца. 

У касацыйнай скарзе ў Магілёўскі абласны суд на пастанову Наталлі Чарапухі Алесь Каваленка на сваім прыкладзе зрабіў падлік, як беларускія ўлады ацэньваюць абарону правоў чалавека і іхнае папіранне.

Так. за тое, каб цягам гадзіны пікетавання паспрабаваць данесці да гаранта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь сутнасць праблемы адпісак, за якой хаваецца чыноўніцтва, грамадзянін пакараны дзяржавай на 420 руб, або 218 даляраў ЗША, што складае амаль паўтарамесячную пенсію спадара Алеся. І гэта за тое, што ён бараніў свае канстытуцыйныя правы на зямлі продкаў, у тым ліку бацькі – баявога лётчыка Якава Каваленкі, які 8 жніўня 1941 году бамбіў Берлін, у складзе Берлінскага Чырвонасцяжнага далёкабамбардзіровачнага авіяпалку вызваляў Беларусь і завяршыў Другую сусветную вайну ў Кёнігсбергу. 

Разам з тым, памер грашовай кампенсацыі, якую атрымаў спадар Алесь Каваленка за гадзіну незаконнага закратавання цягам 3 гадоў і 2 месяцаў, складае крыху больш за 90 руб., што па курсе даляра ЗША ў верасні 2010 году адпавядае 30 цэнтам. 

Такім чынам, у Беларусі амаль у 727 разоў даражэй каштуе абарона правоў чалавека, чым іхнае папіранне.

Алесь Каваленка будзе і надалей абскарджваць прысуд Наталлі Чарапухі і Мікалая Гладкага, паколькі лічыць яго неабгрунтаваным і незаконным.