Алег Трусаў прыгадвае 25 жніўня 1991 года: Пад парламентам стаялі тысячы

24 гады таму, 25 жніўня 1991 года, Вярхоўны Савет надаў Канстытуцыйны статус дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі. Пазней, тое паседжанне парламента назавуць Сесіяй незалежнасці.



alieh_trusau_na_mitynhu_supracj_putcu.jpg

Алег Трусаў на мітынгу супраць путчу, жнівень 1991.

Як абвяшчалася незалежнасць нашай краіны, як удалося праціснуць гэтую пастанову ў Парламенце, дзе абсалютную большасць складалі камуністы, узгадвае дэпутат, намеснік старшыні фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12 склікання Алег Трусаў.

— 25-га яно ішло даволі хутка, таму што быў агульнанацыянальны пад’ём. Пад парламентам стаялі тысячы людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі, путч быў поўнасцю падаўлены, таму невыпадкова дзвюма трацінамі гэта ўсё было прынята. Што мне помніцца, дык гэта тое, як мы за незалежнасць з касманаўтам Кавалёнкам распілі бутэльку каньяку, — прыгадвае Алег Трусаў.

— У Вярхоўным Савеце адчувалася еднасць?

— Так.

— Дэмакратычная апазіцыя ў Парламенце была нешматколькаснаю, пераважалі камуністы, ажно 86% дэпутатаў. Тым ні менш, дзве траціны Вярхоўнага Савета прагаласавалі за незалежнасць. Што іх да гэтага змусіла?

— Па-першае, тыя камуністы былі адносна вольныя. Яны ўпершыню адчулі, што яны нечага вартыя, па-другое, іх усё ж такі выбіралі, як і мяне. Многіх не выбралі, а тых каго выбралі, яны сябе намнога лепш адчувалі. Дапусцім, Малафееў, ён пабаяўся ісці ў Вярхоўны Савет, а там нейкі Лукашэнка не пабаяўся, ён адчуваў сябе лепей за Малафеева, бо яго, як бы, беларускі народ выбраў, а таго – не. То бок, гэта былі адносна вольныя людзі. Яны ўпершыню вырваліся – Масквы няма, ніхто імі не кіруе, што хочуць, тое і робяць. Рэдка бывае такая сітуацыя. Ну і галоўнае, яны былі адукаванымі людзьмі, там мала было рабочых і сялян, амаль не было. Там былі людзі з дзвюма-трыма вышэйшымі адукацыямі.

— У той жа ж час тыя самыя рабочыя, вось Вы кажаце, тысячы людзей стаялі на Плошчы і ціснулі на Вярхоўны Савет, каб прымалі пастанову. То бок беларускі народ поўнасцю, і эліта, і рабочы клас падтрымалі незалежнасць.

— Так, і я скажу, што ў нас і зараз еднасць  у народзе намнога лепшая, чым ва Украіне. Не дай Бог калі нешта здарыцца, то ў нас можа быць сітуацыя з абаронай Беларусі не горшая, чым ва Украіне. Многія журналісты кажуць, што вось, тут здадуцца. Частка здасца, частка і не. Таму што беларускі народ за час сваёй гісторыі праяўляў такія моманты, пра якія ніхто і не мог падумаць. Я як гісторык магу масу такіх прыкладаў прывесці. Ціхія, ціхія, а потым – раз, і твораць такое, як і было 25 чысла.

— Вы ўзгадалі тое, як пілі каньяк з касманаўтам Кавалёнкам, таксама народным дэпутатам. Дэпутат апазіцыі  БНФ Пятро Садоўскі ўзгадваў, як пасля Сесіі Незалежнасці піў гарэлку з прэм’ерам Кебічам…

— Нічога дзіўнага. Мы не толькі ў той дзень супрацоўнічалі. Дарэчы, частка камуністаў была супраць прэзідэнцтва. Яны супрацоўнічалі з намі да канца. А вось некаторыя гэтак званыя дэмакраты рускамоўныя ўсё зрабілі каб увесці пасаду прэзідэнта і тое, што зараз. Так што, камуністы таксама розныя былі.

— Зянон Пазняк кажа, што ёсць і 27 ліпеня, і 25 жніўня, і 25 сакавіка, і не трэба гэта ўніфікоўваць і рабіць адзін Дзень Незалежнасці. На Вашу думку, ці павінна быць нейкае галоўнае Свята?

— Мая думка — 25 сакавіка павінна быць дзяржаўным святам, гэта пачатак. Іншая справа, што і 27 ліпеня, і 25 жніўня павінны быць у календары, і іх таксама трэба адзначаць, але не так, як 25 сакавіка. 25 сакавіка павінна быць галоўным Дзяржаўным Святам нашай краіны. 25 жніўня, былі і іншыя дні, яны павінны быць чырвонымі ў календары, але гэта не значыць, што ў гэты дзень усе п’юць гарэлку і не працуюць.

www.racyja.com