Алесь Міхалевіч: «Тыя, хто адсутнічаюць, заўсёды прайграюць»
Алесь Міхалевіч стаў адным з тых палітычных дзеячаў, хто пасля вымушанай эміграцыі вярнуўся у Беларусь. І хаця справу супраць яго прыпынілі, застаецца абвінавачаным у масавых беспарадках 2010 года. Тым не менш, Алесь упэўнены, што ў выбарах трэба ўдзельнічаць.
Мы сустрэліся з Алесем у арганізацыі, якая займаецца дапамогай уцекачам і кіраўніком якой з’яўляецца яго сястра. «Я прайшоў пяцігадовы курс павышэння кваліфікацыі па пытанні ўцекачоў», — жартуе Алесь пра сваю эміграцыю.
— Што было для вас самым цяжкім?
— Адразу — нічога. Калі я з’язджаў, я наіўна меркаваў, што хутка Беларусі зноў спатрэбяцца грошы, крэдыты, улада ўсіх павыпускае, і я спакойна вярнуся. У прынцыпе, так яно і адбылося, толькі я памыліўся адносна тэрмінаў. Самае цяжкае — гэта нявызначаннасць. Калі б мне сказалі: праз чатыры з паловай гады, 8 верасня 2015 года ты з Вільні прыедзеш у Мінск, я быў бы шчаслівы, я б будаваў жыццё, зыходзячы з гэтага. Але страшэнна, цяжка, калі гэтай даты няма. Ты не ведаеш, калі ты зможаш вярнуцца, і вельмі часта гэтае вяртанне адкладаецца.
Мне прапаноўвалі вельмі добрыя цікавыя працы, дзе трэба было падпісваць кантракт на 5 гадоў, што фактычна азначала прыняць рашэнне назаўжды застацца там. Бо, калі ты пачынаеш рабіць кар’еру ў прыватным сектары, калі ў цябе ідуць дасягненні, калі ты атрымліваеш унікальныя веды, якія часцяком ў Беларусі немагчыма будзе прымяніць, ты становішся вузкім прафісіяналам у той рэчаіснасці. І я ўвесь час знаходзіўся перад цяжкім рашэннем асесьці там назаўсёды.
Апошні, самы лепшы кантракт мне прапанавалі ўжо праз два дні пасля майго вяртання. Калі б я яго падпісаў да таго, як выпусцілі Статкевіча, то вялікая верагоднасць, што я б не вярнуўся.
Плюс я вельмі рэдка бачыўся з сям’ёй. Гэта вельмі моцна і істотна ўплывала і псавала настрой.
— А што сям'я?
— Спачатку мы бачыліся дастаткова часта, часам нават раз на месяц. Але ў апошні «эмігранцкі» час — максімум тры разы на год. Гэта вельмі мала. Я зайздросціў нават «татам выходнага дня», шчыра скажу — тым людзям, якія працуюць у іншым горадзе і маюць магчымасць сустракацца з сям’ёй толькі на выходныя. Мая сітуацыя была нашмат горш.
Алесь Міхалевіч з сям'ёй у Вільні, 2013 г.
— Жонка з разуменнем паставілася да вашага вымушанага ад’езда. А як дзеці?
— Дзеці у мяне рознага ўзросту. Старэйшай 15 гадоў, а малодшай толькі 6. Старэйшая разумела амаль усё. А малодшая нейкі час была ўпэўнена, што гэта нармальна: тата дзесьці там, да яго трэба ехаць, гэта класна, цікава, там падарункі, весела і г.д. Калі я вярнуўся, і ў дзіцячым садку аднагрупнікі маёй дачкі пабачылі мяне, гэта быў фурор. Бо некаторыя думалі, што дачка прыдумляе сабе нейкага тату, якога няма (смяецца). Ну, як шмат хто прыдумляў пра марака далёкага плавання. А тут аказалася, што тата ёсць.
— Эміграцыя на вас паўплывала?
— Я пачаў з большым разуменнем ставіцца да тых людзей, якім у жыцці не пашчасціла, якім не ўдалося кудысьці выбіцца, якія жывуць бедна. Калі я жыў у Беларусі, будучы з сям’і навуковай інтэлігенцыі, маючы з дзяцінства кватэру ў Мінску, безумоўна, шмат пра што я думаў троху інакш.
Я пачаў нашмат больш цаніць сям’ю. Пакуль у цябе гэта ёсць побач, табе здаецца, што так будзе заўсёды. А калі гэтага няма, пачынаеш зусім па-іншаму на гэта глядзець. Я цаню кожную хвіліну, якую магу правесці з жонкай і дзецьмі.
На пікеце ля Расійскага пасольства ў Празе
— Ці змянілася Беларусь за час, калі вы адсутнічалі? Што найбольш уразіла па вяртанні?
— Падчас выбараў 2010 года ўсё ж была адносная лібералізацыя, уздым. У параўнанні з тым часам я бачу велізарную апатыю. Я бачу ў грамадскіх арганізацыях і палітычных партыях вельмі слабыя структуры, я бачу ў грамадстве адсутнасць нейкай дзейнасці. У той год, калі я з’ехаў, былі і маўклівыя пратэсты, была акцыя «стоп бензін», якая паралізавала горад на некалькі гадзін. У параўнанні з тым часам актыўнасці меней, калі не браць проста абмеркаванні чагосьці на форумах у інтэрнэце.
А яшчэ ў Беларусі як такой палітыкі няма, зменшага, няма апазіцыйнай палітыкі. Што такое класічная палітыка? Гэта ажыццяўленне ўлады або барацьба за ўладу. У нашых варунках ані ажыццяўлення ўлады, ані сапраўднай барацьбы за ўладу я асабліва не бачу. Але ў той жа час я ведаю, што сітуацыя можа змяніцца ў кожны момант.
Алесь Міхалевіч вяртаецца на Радзіму
— Калі няма палітыкі, навошта вы збіраецеся ісці на парламенцкія выбары?
— Я буду мець магчымасць паразмаўляць з людзьмі. Хачу ведаць, што яны думаюць. Вельмі сумняюся, што пры сённяшнім падзенні заробкаў яны шчаслівыя і задаволеныя. Хачу паглядзець, наколькі глыбока ў галовах людзей «рускі мір», наколькі іх будзе пужаць тое, што я іду ад БНФ. Хачу даведацца, наколькі новы падзел (у 2010 годзе не было пытання «чый Крым») уплывае на народ, наколькі гэта для яго важна. Вельмі хочацца спадзявацца, што не. Таму што мы мусім шукаць паразуменне, мы мусім будаваць Беларусь, якая будзе аб’ядноўваць усіх, у тым ліку тых, хто мае прарасійскія погляды. Бо мы ўсе жывем у адных мікрараёнах, і ўсе зацікаўлены жыць добра.
— У якой Беларусі вы марыце жыць?
— Важна, каб была мірная Беларусь, беларускамоўная (не кажу татальна беларускамоўная, але з істотнай роляй беларускай мовы ў жыцці), Беларусь з высокім узроўнем жыцця, з якой людзям не хочацца з’язджаць, але каб у нашу краіну хацелася прыязджаць іншым.
— І як хутка Беларусь можа стаць такой?
— Я веру, што пабачу гэта на ўласныя вочы.