Тэзісы да 25-х угодкаў БСДП

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) адзначае 2 сакавіка 25-ю гадавіну свайго існавання. З гэтай нагоды старшыня Мінскай гарадской партыйнай арганізацыі Анатоль Сідарэвіч падрыхтаваў 19 адмысловых тэзісаў.



sidarevich1.jpg

Cтаршыня Мінскай гарадской партыйнай арганізацыі БСДП (Грамада) Анатоль Сідарэвіч.

1. Беларуская сацыял-дэмакратыя як палітычная плынь і арганізаваная сіла існуе 112 гадоў. У яе гісторыі быў вялікі, выкліканы гістарычнымі абставінамі, перапынак. Практычна была страчана сувязь пакаленняў.

2–3 сакавіка 1991 г., яшчэ ва ўмовах камуністычнага рэжыму, адбыўся Устаноўчы з’езд Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, якая абвясціла сябе пераемніцай традыцый Беларускай Сацыялістычнай Грамады (1903–1918) і Беларускай сацыял-дэмакратчнай партыі (1918–1924). 

29 чэрвеня 1996 г. партыя стала называцца Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыяй (Народнай Грамадой), а ў 2005 г. прыняла цяперашнюю назву – Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), БСДП.

2. Устаноўчы з’езд БСДГ вызначыў стратэгічныя мэты партыі — пабудову салідарнага грамадства на прынцыпах свабоды, роўнасці, сацыяльнай справядлівасці, дэмакратыі і прыярытэту права, пабудову незалежнай дэмакратычнай прававой сацыяльнай Беларускай дзяржавы — раўнапраўнага суб’екта еўрапейскай і сусветнай супольнасці. Партыя паставіла сваімі задачамі сцвярджэнне і абарону правоў і свабод чалавека, стварэнне шматукладнай рынкавай сацыяльнай экалагічнай эканомікі.

З прычыны сваёй прыроды БСДП асаблівую ўвагу павінна надаваць правў, свабод і інтарэсаў людзей наёмнай працы, моладзі, пажылых людзей і людзей з абмежаванымі магчымасцямі, дасягненню сацыяльнай і грамадзянскай роўнасці жанчын і мужчын.

3. За 25 гадоў ад Устаноўчага з’езду БСДГ толькі першыя 5 гадоў дзейнасці партыі прайшлі ў спрыяльных і больш-менш спрыяльных умовах. Пагаршацца ўмовы дзейнасці партыі пачалі пасля першых прэзідэнцкіх выбараў у 1994 г. і вельмі пагоршыліся пасля лістападаўскага перавароту 1996 г. Дзясяткі сябраў партыі былі пазбаўлены права на працу, аштрафаваныя, зведалі адміністрацыйныя арышты, прайшлі праз калоніі і турмы.      

4. Устаноўлены пасля лістападаўскага перавароту рэжым асабістай улады, рэжым запалохвання не мог не прывесці да пэўнай дэмаралізацыі сябраў партыі і, як вынік, да звужэння яе шэрагаў, да змяншэння яе ролі ў грамадска-палітычным жыцці і да звужэння сувязяў партыі з грамадскімі і дзяржаўнымі структурамі.

5. Ва ўмовах пэўнай разгубленасці, упадку духа і здольнасці да дзеяння многіх сябраў партыі, звужэння партыйных шэрагаў патрабавалася і сёння патрабуецца наладжванне трывалых вертыкальных і гарызантальных сувязяў у БСДП. На жаль, кіраўнікоў партыі, у тым ліку старшыняў абласных арганізацый, можна часцей бачыць у сталіцах іншых краін, чым у раённых цэнтрах.

Даводзіцца канстатаваць, што сябры Цэнтрльнага Камітэта БСДП у большасці сваёй не з’яўляюцца дакладчыкамі, прапагандыстамі і папулярызатарамі ідэй сацыял-дэмакратыі.

6. Умацаванню вертыкальных і гарызантальных сувязяў у БСДП павінен спрыяць партыйны друк: інфармацыйныя і дыскусійныя лісткі і бюлетэні. Аднак ні БСДП у цэлым, ні яе рэгіянальныя структуры за 25 год існавання партыі так і не здолелі наладзіць выпуск больш-менш рэгулярных выданняў.

Апошнім часам у БСДП стаўка робіцца на электронныя сродкі камунікацыі і інфармацыі, на працу ў сацыяльных сетках. Аднак гэтыя сродкі нярэдка выкарыстоўваюцца для задавальнення асабістых амбіцый асобных сябраў партыі, прасоўвання вузкагрупавых інтарэсаў і для звядзення міжасабовых падрахункаў. Па-другое, праца ў сацыяльных сетках не адмаўляе патрэбы ў друкаваных выданнях.   

7. За 25 год БСДП не наладзіла сістэмы адукацыі сябраў партыі, якая таксама спрыяла б наладжванню сувязяў. Семінары і трэнінгі праводзяцца ад выпадку да выпадку. Між тым ёсць вострая патрэба ў тым, каб сябры БСДП добра ведалі Статут уласнай партыі, яе Праграму і гісторыю. Такое веданне у значнай меры дапамагло б прадухіліць негатыўныя з’явы, якія назіраліся і назіраюцца ў партыйным жыцці.

Для партыйнай вучобы сябраў БСДП у Мінску, у абласных і ў некаторых іншых гарадах не патрабуюцца вялікія выдаткі. Праблема відавочна заключаецца ў нежаданні абласных камітэтаў ды старшыняў абласных арганізацый наладжваць такую вучобу і ў адсутнасці добра падрыхтаваных прапагандыстаў.

Пытанне аб партыйнай школе, якая б рыхтавала выладчыкаў і трэнераў, за 25год існавання БСДП так і не было пераведзена ў практычную плоскасць.

8. Наладжваннем працы партыйнай школы, падрыхтоўкай кваліфікаваных выкладчыкаў і трэнераў, выпускам адпаведнай літаратуры магла б заняцца прыпартыйная адукцыйная структура. Аднак пасля закрыцця ўладаю Фонду імя братоў Луцкевічаў кіраўніцтва БСДП цягам ледзь не 15 гадоў так і не парупілася стварыць нейкую новую структуру.

9. Пачынаючы з 1996 г., БСДП перажывае адзін за адным ідэйна-арганізацыйныя крызісы. Крызіс 1996 г. змяніўся крызісам 2000–2001 гг., гэты крызіс — крызісам 2004–2005 гг. Падчас крызісу 2010–2012 гг. партыі пагражала ліквідацыя.

У крызісных з’яў і працэсаў маюцца свае прычыны.

Першая прычына — неразуменне сутнасці палітычнага рэжыму, які склаўся ў Беларусі, аб чым сведчаць спробы кіраўнікоў партыі ўпісацца ў існую палітычную сістэму і ператварыць БСДП у сістэмную партыю. Пры гэтым старшыні БСДП ніяк не маглі давесці слушнасць курсу, які яны прапаноўвалі партыі. Практыка ж кожны раз паказвала, што іхнія спробы ўпісацца ў палітычную сістэму былі марныя.

Другая, не менш важная, прычына аб’ектыўная. Гэта адсутнасць рэальнай спаборнасці ў час выбарчых кампаніяў. Дэмакратычная і справядлівыя выбары ў прадстаўнічыя органы ўлады дазволілі б аб’ектыўна ацаніць здольнасці таго ці іншага дзеяча партыі. Права на лідэрства ў партыі і яе структурах абгрунтоўвалася б паспяхова праведзенымі выбарчымі кампаніямі. З тае прычыны, што дэмакратычныя і справядлівыя выбары ў краіне адсутнічаюць, барацьба за лідэрства ў партыі набывае падчас вострыя і непрыстойныя формы.

Трэцяя прычына — гэта спробы пабочных сілаў выкарыстаць БСДП дзеля сваіх інтарэсаў, навязаць ёй сваё бачанне беларускіх рэаліяў і перспектываў.

Чацвёртая прычына — імкненне некаторых сябраў БСДП выкарыстоўваць партыю дзеля задавальнення сваіх асабістых ці групавых інтарэсаў.  

10. Праўдападобна, што сёлета БСДП можа ўступіць у паласу новага крызісу. Творцы крызісу іншыя, але прычыны ранейшыя. Гэта і спробы творцаў крызісу паразумецца з аўтарытарным рэжымам, гэта і жаданне задаволіць свае амбіцыі ды інтарэсы, гэта і залежнасць ад пабочных сілаў.

11. Крызісныя з’явы ў партыі суправаджаліся і суправаджаюцца парушэннем Статута БСДП.

На абароне нормаў Статута БСДП павінны стаяць Цэнтральная Рэвізійная Камісія і рэвізійныя камісіі (рэвізоры) арганізацыйных структур партыі.

Даводзіцца канстатаваць, што ЦРК БСДП сама з’яўляецца парушальніцай Статута партыі. У Статуце запісана, што праца ЦРК рэгулюецца Статутам партыі і Рэгламентам ЦРК і рэвізійных камісій арганізацыйных структураў. Прымае Рэгламент — гэты своеасаблівы партыйны працэсуальны кодэкс — сама ЦРК, аднак да гэтага часу ён не распрацаваны і не прыняты.

Практыка паказвае, што парушальнікам нормаў Статута БСДП з’яўляюцца і асобныя сябры ЦРК партыі, калі яны выступаюць у якасці сябраў кіруючых органаў партыйных структур.

Відавочна, што у Статут БСДП неабходна ўвесці норму, паводле якой сябрам ЦРК забаранялася б займаць пасады ў кіруючых органах партыі ўсіх узроўняў.

У склад ЦРК павінны ўваходзіць людзі з належным досведам партыйнай працы, цвёрдым веданнем Статута партыі, заканадаўства аб палітычных партыях і стандартаў справаводства.

12. Крызісныя з’явы ў партыі суправаджаліся і суправаджаюцца таксама парушэннем элементарных этычных нормаў. Таму партыі неабходна стварыць Камісію па этыцы.

Вынікам працы Камісіі па этыцы мог бы стаць Этычны кодэкс БСДП. Ва ўсякім разе – незалежна ад таго, маецца Этычны кодэкс ці не, – агульнапрынятымі павінны быць такія нормы:

а) сябар БСДП, прапануючы праект рашэння, павінен быць адкрыты перад партыяй і грамадствам і, калі патрабуецца, заявіць, што праект рашэння не прадыктаваны яго асабістымі інтарэсамі;

б) прапануючы праект рашэння, сябар БСДП, калі патрабуецца, павінен давесці, што прапанаваны ім праект рашэння не прадыктаваны інтарэсамі пазапартыйных сілаў;

в) сябар партыі не можа быць намінаваны або вылучаны на выбарныя пасады пазапартыйнымі фармальнымі ці нефармальнымі структурамі; сябар партыі, які згадзіўся быць намінаваным або вылучаным на выбарныя пасады пазапартыйнымі структурамі, не павінен прэтэндаваць на пасады ў кіруючых органах БСДП.

Само сабой каранымі павінны быць такія праявы, як п’янства, рукапрыкладства, публічныя абразы сябраў партыі.

Камісія па этыцы павінна складацца з сябраў БСДП, якія вядомыя ўсёй партыі тым, што ў сваёй дзейнасці не кіраваліся асабістымі ці групавымі інтарэсамі.

13. Партыі ствараюцца для барацьбы за ўладу. Хоць ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму рэальная барацьба за ўладу адсутнічае, БСДП павінна браць удзел у выбарчых кампаніях менавіта як у кампаніях палітычных.

Галоўнымі задачамі ўдзелу партыі ў палітычнай кампаніі з’яўляюцца  прапаганда ідэй сацыял-дэмакратыі, праца на станоўчы імідж БСДП, прыцягненне ў партыю новых сябраў.     

Агульным правілам павінна стаць, што партыя абавязкова намінуе на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь сябра БСДП. Такая палітыка партыі не адмяняе кампрамісу з іншымі партыямі наконт вылучэння адзінага кандыдата. 

Падрыхтоўка да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года павінна пачацца ў 2018 г.

14. Нельга не адзначыць, што БСДП застаецца пасіўнай назіральніцай за працэсамі, якія адбываюцца ў краіне. Яна не рэагуе на змяненні, якія адбываюцца ў розных сферах жыцця краіны.

Такое маўчанне партыі тлумачыцца тым, што БСДП не можа прад’явіць грамадству канцэптуальных дакументаў у розных галінах дзяржаўнага, палітычнага, гаспадарчага і грамадскага жыцця. Партыя дасюль не выпрацавала сваю пазіцыю ў галінах падатковай палітыкі, пенсійнага заканадаўства, аховы здароўя. БСДП не мае стратэгіі эканамічных рэформаў. Партыя ніяк не заявіла, як яна глядзіць на праблемы адукацыі, культуры, маладзёжнай і гендэрнай палітыкі.

15. Адсутнасць канцэптуальных дакументаў БСДП  не ў апошнюю чаргу тлумачыцца тым, што партыя цягам апошніх 15 гадоў у значнай меры страціла свой інтэлектуальны патэнцыял. Інтэлектуалы пакідалі партыю не толькі з агульнапалітычных прычын, але і з прычын унутрыпартыйных звадак і сваёй незапатрабаванасці. Іх адштурхоўвалі і будуць адштурховаць ад БСДП спробы ўсталяваць у партыі рэжым асабістай улады.

16. Беларуская Сацыялістычная Грамада ўвайшла ў гісторыю як культура-, нацыя- і дзяржаватворчая партыя.

Са смуткам даводзіцца канстатаваць, што БСДП, якая заяўлае, што вядзе свой радавод ад БСГ, ад братоў Івана і Антона Луцкевіча, Вацлава Іваноўскага, Цёткі, Алеся Бурбіса, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча ды іншых дзеячаў беларускай культуры, сёння як ніколі далёка стаіць ад праблем беларускай нацыянальнай культуры. У партыі практычна не засталося пісьменнікаў і дзеячаў мастацтваў, вучоных-гуманітарыяў.

Не можа не трывожыць моўны нігілізм асобных дзеячаў нашай партыі. Гэта асабліва трывожна цяпер, калі наша краіна раглядаецца пэўнымі сіламі як частка «русского мира».

17. Даводзіцца таксама канстатаваць, што сучасная БСДП, абвясціўшы сябе пераемніцай БСГ і “старой” БСДП, у сваёй дзейнасці цалкам ігнаруе спадчыну папярэднікаў.

Сёлета спаўняецца 125 год з дня нараджэння аўтара першай праграмы БСДП Аркадзя Смоліча. Сучасная БСДП не ўключыла юбілей гэтага выдатнага дзеяча БНР, эканаміста, географа, арганізатара навукі ў планы сваёй працы.

Сёлета спаўняецца 125 год з дня нараджэння сябра БСГ Максіма Багдановіча. У партыйных інстанцыях не парупіліся і пра гэты юбілей. Як не думалі і пра 125-годдзе беларускіх сацыялістаў Язэпа Варонкі, Лявона Гмырака, Клаўдзія Дуж-Душэўскага, Пятра Ільючонка ды Макара Краўцова.

У наступным годзе спаўняецца 75 год дня нараджэння і 25 год з дня смерці першага старшыні БСДГ Міхася Ткачова. У партыі няма плана і наконт гэтых датаў.

18. Партыя далёка стаіць не толькі ад сваёй уласнай спадчыны ды праблем нацыянальнай культуры. За 25 год існавання БСДП так і не выпрацавала канцэпцыю прафсаюзнай палітыкі. Тым часам ў краіне ўслед за фінансава-эканамічным наспявае сацыяльны крызіс, і ўзаемадзенне сацыял-дэмакратаў з прафсаюзамі павінна набыць пэўныя формы.

19. Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) стаіць перад шматлікімі выклікамі. Партыі, калі яна хоча ў гэты трывожны час прад’явіць грамадству праграму пераменаў, заявіць пра сябе як пра сур’ёзную палітычную сілу, як ніколі патрабуецца выйсці на шырокі прастор, павярнуцца тварам да інтэлектуалаў, творчай інтэлігенцыі, вызначыць сваю пазіцыію ў дачыненні да прафсаюзаў. Але перш чым партыя зможа гэта зрабіць, яна павінна прадэманстраваць грамадству сваё ідэйнае і арганізацыйнае адзінства, сваю вернасць традыцыям пачынальнікаў беларускага сацыял-дэмакратычнага руху, творцаў беларускай дзяржаўнасці, беларускай навукі і культуры.