Аліна Нагорная спрабуе падвысіць культурны ўзровень ідэолагаў

Ініцыятарка ўсталявання помніка героям Слуцкага Збройнага Чыну Аліна Нагорная даслала на імя старшыні райвыканкаму Андрэя Янчэўскага ўнушальны спіс навуковай літаратуры, прысвечанай гэтай гістарычнай падзеі.

alina_2_logo.jpg

«Справа ў тым, што намеснік старшыні райвыканкама па ідэалогіі Ларыса Дабравольская ў адмоўным адказе на калектыўны зварот аб ўшанаванні памяці слуцкіх герояў спаслалася на недастатковае навуковае даследаванне гэтай тэмы, — распавяла Нагорная. — Паколькі галоўны ідэолаг аніяк не хоча выказаць сваё меркаванне і не дае магчымасці арганізаваць у Слуцку дыскусію навукоўцаў і ўсіх зацікаўленых па гэтай тэме, мы вырашылі пазнаёміць ідэолага і яе падначаленых з абгрунтаванымі навуковымі даследаваннямі падзей 1920 года на Случчыне. А іх сапраўды шмат».

Аліна Нагорная спадзяецца, што слуцкія дзяржаўныя службовыя асобы валодаюць нейкім мінімумам патрыятызму і элементарнай культуры, і пры праглядзе спісу навуковых выданняў у іх з’явіцца жаданне азнаёміцца хаця б з некаторымі з іх.

Напрыклад, калі ў Ларысы Дабравольскай чамусьці адсутнічае жаданне прачытаць кнігу кандыдата гістарычных навук Ніны Стужынскай «Беларусь мяцежная…», яна можа азнаёміцца з нарысам доктара гістарычных навук Анатоля Грыцкевіча пад назвай «Слуцкае паўстанне». Спіс навуковай літаратуры, які Аліна Нагорная дасылае на імя намесніка старшыні райвыканкама, уключае 20 прозвішчаў і выданняў. Сярод іх ёсць і вядомы слуцкі краязнаўца Анатоль Жук.

list_5_logo.jpg
list_2_2_logo.jpg


list_3_1_logo.jpg


Грамадская актывістка просіць ідэолага Ларысу Дабравольскую не толькі адукавацца самой, але і арганізаваць адукацыйнае навучанне для супрацоўнікаў адміністрацыі раёна — дзеля таго, каб яны не спыняліся ў прафесійным росце і ў іх таксама з’явіліся веды пра гераічныя старонкі зямлі, на якой яны жывуць.

Дарэчы, Нагорная турбуецца пра патрыятызм і высокі гісторыка-краязнаўчы ўзровень намесніка старшыні райвыканкама не дарэмна. Напрыклад, вясной 2017 года ў Слуцку адбыўся Рэспубліканскі краязнаўчы форум педагогаў па школьным краязнаўстве, у якім удзельнічалі дэлегацыі з усіх рэгіёнаў краіны. Ларыса Дабравольская таксама выступала на гэтым форуме і азнаёміла яго ўдзельнікаў з гістарычным мінулым і цяперашнімі рэаліямі Слуцкага рэгіёну. Зразумела, што яна ніводным словам не ўзгадала слуцкіх змагароў за незалежнасць у 1920-м годзе і пра тых, хто зараз змагаецца за ўсталяванне ім помніка ў Слуцку.

Пасля вывучэння гістарычных крыніц ініцыятарка ўшанавання памяці слуцкіх паўстанцаў просіць разгледзець калектыўны зварот аб усталяванні помніка слуцкім героям паўторна і паведаміць ёй аб месцы і часу правядзення паўторнага разгляду калектыўнага звароту.

Таксама Нагорная паведаміла карэспандэнту «НЧ», што яна і яе аднадумцы не збіраюцца спыняцца перад «слуцкай ідэалагічнай крэпасцю».

«Плануем у блiжэйшы час даслаць падобны ліст у Адмiнiстрацыю прэзідэнта з фотакопіяй гісторыі перапіскі са слуцкімі чыноўнікамі і пазітыўным адказам з Інстытута гісторыі. Будзем прасiць загадаць  слуцкаму выканкаму дазволiць нам усталяваць помнiк па эскiзе, абранаму Грамадскiм камiтэтам па ўшанаваннi памяцi герояў Слуцкага паўстання. Паралельна з перапіскай з чыноўнікамі мы шукаем альтэрнатыўныя варыянты для ўсталявання помнiка», — кажа Нагорная.

«Апроч таго, 14 лiстапада мы плануем арганізаваць па гэтай тэме ў Слуцку кiнапрагляд i дыскусiю з гiсторыкам, а пасля атрымання эскізных праектаў помніка ад мастакоў і архітэктара запусцiм анлайн-галасаванне ў Слуцку. Пасля грамадскі камiтэт з улiкам анлайн-галасавання абярэ праект-пераможцу», — падзялілася планамі на будучыню грамадская актывістка.