Аляксандр Азараў: Улада разумее, што план «П*рамога» можа знесці рэжым Лукашэнкі

Аляксандр Азараў патлумачыў, што план «П*рамога» будзе запускацца не ў адзін дзень. І пакуль кожны беларус не даведаецца, што хутка нешта будзе, то план запускацца не будзе.

kociki_1.jpg

Фэйкі, датычныя «Плану П*рамога», мабілізацыя беларусаў, стварэнне харугваў, а таксама ціск на прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Таццяну Зарэцкую, у выніку якога яна пакінула пасаду. Гэтыя і не толькі тэмы Радыё Рацыя абмеркавала з Аляксандрам Азаравым — кіраўніком ByP*l, прадстаўніком Кабінету па аднаўленні правапарадку, а ў мінулым — начальнікам 3-га ўпраўлення ГУБАЗіКу і выкладчыкам акадэміі МУС.

 — Апошнім часам усё часцей можна ўбачыць фэйкі звязаныя з планам «Перамога». Якімі правіламі варта кіравацца, каб захаваць сваю бяспеку.

— Трэба заўсёды правяраць крыніцы, з якіх вы атрымалі паведамленні, на вас выйшлі нейкія людзі ці прыйшла інфармацыя, то трэба абавязкова яе праверыць, што прыйшло ад нас. Трэба паглядзець, знайсці наш арыгінальны канал. Там будуць усе спасылкі, трэба праверыць, каб кожная літара супадала.

Фэйкавыя боты і тэлеграм-каналы ствараюцца спецслужбамі Беларусі, напрыклад, замяняюць адну літару. Трэба, каб усё супадала. І не ватра спяшацца выходзіць на сувязь.

Калі яны запускалі план «П*рамога», то адразу дасылалі такія паведамленні людзям кшталту: «Хутчэй збірайце рэчы і бяжыце штосьці рабіць». Такога быць не можа, бо калі будзе запускацца план «П*рамога», то ён будзе запускацца не ў адзін дзень.


Напачатку мы будзем рабіць інфармацыйную кампанію, каб да кожнага давесці, што хутка штосьці будзе. Пакуль кожны беларус не даведаецца, што хутка нешта будзе, то план мы запускаць не будзем.

Цяпер людзі правяраюць, як раней ужо не вераць усяму. Атрымаўшы паведамленне нам пісалі на электронную пошту і на іншыя каналы з пытаннем, праўда ці не.

— Як вы ацэньваеце тое, што гэтыя фэйкі ўвогуле з’яўляюцца?

— Калі б улады не лічылі, што гэта сур’ёзная справа, то яны б увогуле гэтым не займаліся, не «піярылі» нас, так можна сказаць. Яны разумеюць, што план «Перамога» і наша арганізацыя можа паўплываць і знесці гэты рэжым Лукашэнкі. Таму яны бачаць у гэтым асноўную сілу з якой трэба змагацца. Таму яны робяць гэтыя фэйкі, затрымліваюць людзей, даюць ім прачытаць на паперцы, што яны нібыта запісаліся ў план «Перамога» і так далей. Гэта паказвае, што план на самой справе сур’ёзны, ён дзейнічае і ўлады яго баяцца.


— Цяпер у розных гарадах з’яўляюцца «харугвы».

— Чаму мы вырашылі ствараць харугвы. Мы праводзілі спецыяльную падрыхтоўку, праводзім ужо больш за год. Людзі, які прайшлі падрыхтоўку, вяртаюцца дадому, раз’язджаюцца па ўсёй Польшчы і Літве. Мы вучым іншых, а яны застаюцца ў рэзерве, каб людзі адчувалі плячо адно аднаго, далей займаліся самастойна і маглі вучыць новае пакаленне. Таксама мы можам з гэтых «харугваў» адбіраць людзей для далейшай падрыхтоўкі. Мы вырашылі стварыць такія клубы, ячэйкі, «харугвы» у кожным вялікім горадзе, дзе пражывае шмат беларусаў. 

У кожным горадзе не менш за дзесяць чалавек і болей, які прайшлі ў нас падрыхтоўку за гэты час. Мы іх аб’ядналі. Мы ездзілі па дыяспарах, прапаноўвалі ім гэтую ідэю. Прапаноўвалі ідэю стварэння спартыўных, культурніцкіх, клубаў, бо гэта ўсё робіцца пад эгідай кабінету.

Аліна Коўшык, прадстаўнік па адраджэнні, таксама хоча ўдзельнічаць і праводзіць культурныя мерапрыемствы. Таму мы вырашылі ствараць гэтыя «харугвы». Калі мы прыязджалі і расказвалі, то людзі ўспрымалі нашы ідэі вельмі пазітыўна. Хадзіць на акцыі пратэсту са сцягамі ўжо не вельмі цікава, ужо два гады яны ходзяць па выходных, тут ужо новы від актыўнасці, якраз такі, які можа прывезці да змены ўлады. Усе людзі, якія атрымаюць падрыхтоўку, змогуць паўдзельнічаць у гэтым.