Амаль 800 «айцішнікаў» з Беларусі перабраліся ў Польшчу
Амаль 800 іт-спецыялістаў з Беларусі скарысталіся праграмай рэлакацыі ў Польшчу, яшчэ 1200 з’ехалі ва Украіну.
Як адзначае dev.by, згодна з праведзеным імі апытаннямі, большасць айцішнікаў разглядаюць у якасці прыярытэтнага варыянту для рэлакацыі менавіта Польшчу. За гэту краіны выказалася амаль 65% рэспандэнтаў. У тройку краін, куды збіраюцца пераехаць беларускія ІТ-спецыялісты, — таксама ўвайшлі Літва і Украіна.
Польшча запусціла праграму рэлакацыі беларускіх ІТ-кампаній і ІТ-спецыялістаў — Poland. Business Harbour. За месяц праграмай скарысталіся 790 спецыялістаў — менавіта столькі чалавек атрымалі візы ў рамках праекта.
Праграма Poland. Business Harbour разлічаная на ІТ-спецыялістаў (яны могуць атрымаць візу ў паскораным парадку), стартапы і ІТ-кампаніі. Удзельнікам праграма растлумачаць, як пачаць працу на тэрыторыі Польшчы, атрымаць падтрымку пры перавозе супрацоўнікаў і іх сем'яў або юрыдычную і візавую дапамогу, звязацца з органамі самакіравання і адмысловымі эканамічнымі зонамі, якія ствараюць часовыя офісы і жыллё. Плюс абяцаецца падтрымка ў кантактах з інвестарамі і гранты. Акрамя таго, некалькі дзясяткаў тэхналагічных кампаній па ўсёй Польшчы падрыхтавалі для беларусаў, якія прыязджаюць па гэтай праграме, спецыяльныя прапановы па працаўладкаванні.
Польскага агенцтва інвестыцый і гандлю мае "гарачу лінію", а таксама аказвае паслугі кампаніям, якія разглядаюць магчымасць пераезду з Беларусі. Пакуль гаворка ідзе пра 22 кампаніі рознага памеру.
— Гэта замежныя інвестары ў Беларусі, кампаніі з капіталам з розных краін, якія калісьці вырашылі інвеставаць у Беларусь, але сітуацыя, якая склалася, вымусіла іх змяніць сваё меркаванне. Гэтыя кампаніі, напрыклад, разглядалі прапановы Украіны, Латвіі, Літвы, але мы змаглі прыцягнуць іх у Польшчу, — распавялі ў Польскім агенцтве інвестыцый і гандлю.
Дарэчы, ва Украіну з Беларусі з’ехала каля 1,2 тысячы беларускіх ІТ-спецыялістаў. Нагадаем, дырэктар Інстытута сацыяльна-эканамічнай трансфармацыі Украіны Ілля Несхадоўскі распавёў, што ва Украіне спадзяюцца на станоўчы эфект для эканомікі ад прыёму беларускіх "айцішнікаў". Адзін такі спецыяліст вырабляе ў сярэднім каля 100 000 долараў у год дабаўленага кошту: "Калі прыехала 1200 спецыялістаў, то, груба кажучы, атрымліваецца 120 мільёнаў долараў у год дадатковых паступленняў валюты ў Украіну", — падкрэсліў эксперт.