АПБ просіць забараніць вясновае паляванне на птушак і капканы, што захопліваюць лапу жывёлы
Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) адправіла асабісты зварот Лукашэнку з просьбай забараніць вясновае паляванне на птушак і выкарыстанне капканаў, якія захопліваюць нагу жывёлы.
Цяпер рыхтуюцца змены ў Правілы палявання.
У звароце адзначаецца, што ў Беларусі дазволена паляваць на вадаплаўных птушак вясной 28 дзён, а ў рамках тураў — усе 58 дзён: з 14 сакавіка да 10 траўня ў гэтым годзе. Для параўнання, у Расіі сезон вясной толькі 10 дзён, а ў ЕС такое паляванне цалкам забаронена. Бо гэта якраз перыяд вясновай міграцыі і размнажэння. А ў Беларусі ў гэты час шэрых гусей, колькасць якіх у нас невысокая, дазволена страляць, калі ў іх ёсць кладкі і нават маленькія птушаняты (канец красавіка). Прычым абмежаванняў на здабычу вадаплаўнай дзічыны ў нас у краіне няма, і нярэдка ў сетцы можна ўбачыць фота паляўнічых з дзясяткамі здабытых гусей альбо качак — хто колькі можа. Паляўнічыя хваляцца адзін перад адным, хто больш настраляў.
Пад стрэлы па памылцы трапляюць самкі качак (здабываць вясной дазволена толькі качароў), а таксама рэдкія віды, падобныя да паляўнічых відаў. Стральба распуджвае і іншых водных і каляводных птушак, і яны кідаюць кладкі. У тым ліку гэта датычыцца і відаў, уключаных у нацыянальную Чырвоную кнігу. Выкарыстанне электронных вабікаў забаронена ў Расіі і ЕС, бо яны спрыяюць знішчэнню птушак. У нас жа яно дазволена.Многія паляўнічыя скардзяцца на форумах, што на восеньскім паляванні месцамі няма на каго паляваць: усё выбіта вясной. Частка паляўнічых прынцыпова не палюе вясной.
У звароце адзначана, што ў Беларусі дазволена ўжываць капканы, якія захопліваюць нагу жывёлы. Жывёла, трапляючы туды, памірае пакутлівай смерцю, часам адгрызае сабе лапу. У такі капкан не заўсёды трапляе тая жывёла, на якую разлічвае паляўнічы. Часам гэта «чырванакніжны» від, напрыклад, арол-маркут або арлан-белахвост. У ЕС і ў Расіі (за некаторым выключэннем) дзейнічае забарона на такія пасткі.
Такім чынам Беларусь вылучылася сярод усіх краін Еўропы, але не ў лепшы бок.
У АПБ вельмі разлічваюць на тое, што ўдасца пераканаць улады забараніць знішчальную практыку вясновага палявання і жорсткае абыходжанне з жывёламі з выкарыстаннем капканаў.
Паводле прэс-рэлізу