Аптымісты

Усе казалі, што пасля выбараў пачнуцца эканамічныя праблемы. Аднак яны памыліліся. Афіцыйна выбары яшчэ не паспелі скончыцца — толькі 28 верасня ЦВК зацвердзіць вынікі выбараў, а людзі ўжо пабеглі ў абменнікі за валютай.



7.jpg

Прычым валютны ажыятаж прыкметны не толькі сярод звычайнага насельніцтва. Юрыдычныя асобы таксама рэзка нарасцілі аб’ём куплі замежнай валюты. Гэта сведчыць пра тое, што бізнэс таксама вырашыў падстрахавацца і перавесці вялікую частку сваіх актываў з ненадзейнага беларускага рубля ў больш устойлівыя замежныя валюты.

Аналітыкі лічаць, што валютны бум быў справакаваны шэрагам фактараў. Гэта не толькі рост заробкаў напярэдадні выбараў. Нацбанк РБ знізіў стаўку рэфінансавання — да 30,5%, а да канца года гэты паказчык можа ўпасці да 20–23% гадавых, прычым кіраўнік банка Надзея Ермакова не выключае і падзення да 13–15%. То бок, ёсць небяспека, што стаўка па рублёвых укладах таксама будзе зніжацца, а гэта было адзіным прывабным бокам захоўвання зберажэнняў у рублях.

Але ж на фоне лёгкай панікі насельніцтва наш урад і нашы правадыры ўпэўнена працягваюць крочыць у светлую будучыню, нягледзячы ні на што. Указамі прэзідэнта 25 верасня зацверджаны важнейшыя параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця і Асноўныя кірункі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2013 год. Плануецца, што ў наступным го­дзе рост валавога ўнутранага прадукту будзе 8,5%, прадукцыйнасць працы (па валавым унутраным прадукце) узрасце на 9,3%, экспарт тавараў і паслуг павялічыцца на 15,2%.

Асабліва цікава, як можна прагназаваць такі паказчык, як «прадукцыйнасць працы». Гэта што, усіх працоўных пазбавіць перакураў? Ці, можа, перайсці на 12-гадзінны працоўны дзень? Альбо рэзка павысіць колькасць кваліфікаваных кадраў? Нейкі нязграбны паказчык у нас…

Сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі чакаецца станоўчае на ўзроўні 0,7% да ВУП, зніжэнне энергаёмістасці ВУП — на 7%. Прыцягненне прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове прагназуецца ў аб’ёме 4,5 мільярда долараў ЗША, увод у эксплуатацыю жылля — 6,5 мільёна квадратных метраў.

Ну, гэта ў нас традыцыйна чакаецца. Ладна, увод у эксплуатацыю жылля. А вось інвестыцыі ні Захад, ні Усход ніяк нам даваць не хочуць, трасца на іх! Ці выстаўляюць такія ўмовы, што хоць воўкам вый. Казалі ж ім — «Беларуськалій» каштуе 30 мільярдаў долараў. А яны кажуць — 10 мільярдаў і ні цэнтам болей. Вось зверы!

Тое ж самае з дадатным сальда. Ужо па ўсім свеце бегаем, ужо загадана ў Афрыку беларускія лядоўні прадаваць — не бяруць, сволачы! Бяруць толькі нафтапрадукты, якія нам Расія рэгулярна «абразае».

Наблыталі, здаецца, і з прагнозам росту заробку. Мяркуецца, што рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва ў 2013 годзе павінны скласці 106,5% да ўзроўню гэтага года.

І вось тут варта крыкам крычаць. Якія 106,5%?! Прэзідэнт жа перад выбарамі ясна сказаў: калі зараз 500 долараў, то ў 2013 годзе павінна быць 600! Хіба сто баксаў — гэта 6,5%? Гэта значна вышэй! Як гэта — павелічэнне заробку на 6,5%? Што ж вы нам нахлусілі?

Такія ж аптымісты распрацавалі і беларускі бюджэт. Рэспубліканскі бю­джэт на 2013 год будзе бездэфіцытным. Гэта прадугледжана праектам бюджэту, паведаміў журналістам 26 верасня старшыня камісіі па бюджэце, фінансах і падатковай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Антоненка.

«Рэальныя даходы бюджэту вырастуць прапарцыянальна росту ВУП і складуць прыкладна 30%», — паведаміў ён. Антоненка таксама распавёў, што бюджэт носіць выразны сацыяльны характар і прадугледжвае апераджальны рост тэмпаў расходаў на ахову здароўя, навуку і адукацыю.

Так, давайце і тут разбярэмся. Даходы бюджэту вырастуць прапарцыйна росту ВУП. Рост ВУП, як казалася ў прагнозе, складзе 8,5%, а даходы бюджэту — 30%. Дзе ж прапарцыйнасць? Калі рэальныя даходы бюджэту складаюць 30%, то гэта не бездэфіцытны, а прафіцытны бюджэт. А вось што такое «апераджальны рост расходаў»? Ён што, апераджае даходы? Які ж гэта «бездэфіцыт»?

Такое магчыма толькі з мыльнымі бурбалкамі. Якога б памеру яны ні былі, у іх усё роўна толькі паветра. Можна казаць, што адна большая за другую, але якасная сутнасць гэтага не змяняецца.

Дарэчы, пра мыльныя бурбалкі. Кіраўніцтва кластара інфармацыйных тэхналогій расійскага інавацыйнага фонду «Сколкава» зацікавілася вопытам беларускага Парка высокіх тэхналогій (ПВТ) у фармаванні спрыяльнага асяроддзя для развіцця ІТ-бізнэсу, паведамляе адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій. 21 верасня ў Мінску прайшла сустрэча дырэктара адміністрацыі ПВТ Валерыя Цапкалы і дырэктара па навуцы і даследаваннях кластара інфармацыйных тэхналогій «Сколкава» Мікалая Суеціна. Прадстаўнік расійскага фонду цікавіўся асаблівасцямі працы ПВТ і ўмовамі, створанымі ў ім для ІТ-кампаній. Бакі таксама вызначылі прыярытэтныя кірункі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

І смех, і грэх. Што Сколкава, што беларускі ПВТ яшчэ нават недабудаваныя. Забудову тэрыторыі Парка высокіх тэхналогій плануецца завяршыць да канца 2013 года. А завяршэнне будаўніцтва першага будынка «Сколкава» — «Гіперкубу» — намечана толькі на восень 2012 года. Аб’екты першай чаргі «Сколкава» будуць уведзены ў эксплуатацыю толькі ў 2014 годзе, цалкам будаўніцтва аб’ектаў будзе завершана да 2020 года. І гэта толькі па планах!

Якія могуць быць «прыярытэтныя кірункі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва», што ў аднаго недабудаванага праекта, што ў другога? Калі б досведам абменьваліся, скажам, ПВТ і «крэмніевая даліна», тут яшчэ можна было б нешта падумаць. А Сколкава і ПВТ пакуль што могуць абменьвацца толькі адным — досведам «распілу» дзяржаўнага бабла. Таго самага бю­джэту, які плануецца ў нас быць ці то бездэфіцытным, ці то прафіцытным, ці то дэфіцытным. З завышанымі чаканнямі і без увагі на неспрыяльныя знешнія і ўнутраныя ўмовы.

Адным словам, спадзяванні ў нас толькі на наш аптымізм. Больш спадзявацца няма на што.