«Пратэсты зменяцца, але не знікнуць. Я за калектыўныя вынаходніцтвы»

Надзіва пры вялікіх адрозненнях у меркаваннях і густах, у дзяўчат атрымліваецца яднацца і рабіць агульны пратэст.

Удзельніцы жаночага маршу ў Менску. 12 верасня 2020 года. Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv

Удзельніцы жаночага маршу ў Менску. 12 верасня 2020 года. Фота: Аляксандр Васюковіч / Vot-tak.tv

Шэсць суботаў у Мінску ды іншых гарадах краіны жанчыны выходзяць на акцыі салідарнасці і пратэсту супраць гвалту. Удзельніцы апошніх двух маршаў сутыкнуліся з непрадказальнай жорсткасцю сілавікоў.

Belsat.eu пагутарыў з арганізатаркай жаночых пратэстаў (яна папрасіла пра ананімнасць) і філосафкай ECLABу, чальцом Каардынацыйнай рады Вольгай Шпарагай пра рэакцыю на маршы ды іх будучыню.

Жанчыны зрабілі тое, чаго ад іх не чакалі, перакананая арганізатарка жаночых акцыяў. Паводле яе, ролю жаночага руху складана пераацаніць: «Улічваючы такую агрэсіўную рэакцыю на жанчын, якую мы бачым цягам некалькіх суботаў, роля жанчын нарэшце стала для ўсіх зразумелая.

Зразумелы наш уплыў: сітуацыя ў краіне атрымала розгалас, нават на міжнародным узроўні пайшла пагалоска».

 

Жанчыны прайшліся мірным шэсцем ад плошчы Свабоды да БНТУ і назад да плошчы Перамогі. Жаночы марш, 12 верасня, Менск. Фота: Belsat.eu

Жанчыны прайшліся мірным шэсцем ад плошчы Свабоды да БНТУ і назад да плошчы Перамогі. Жаночы марш, 12 верасня, Менск. Фота: Belsat.eu

Суразмоўца belsat.eu адзначыла, што рух жывы і развіваецца разам з сітуацыяй: «З самага пачатку былі проста маўклівыя ланцугі салідарнасці. Яны былі даволі бяспечныя і разышліся па ўсіх гарадах. Потым з’явіліся маршы. Самы неверагодны быў Гранд-марш, калі жанчыны збіраліся ў групкі паводле ўзросту, статусу, прафесіяў і іншага.

Бліскучы марш быў такім карнавалам абсурду, каб падкрэсліць абсурд, што адбываецца ў краіне.

Цяпер зразумела, што трэба трансфармаваць і маршы. Самае цікавае, што за сябе мала хто хвалюецца, а больш пераймаюцца адна за адну, за сваіх блізкіх. Бо вельмі цяжка бачыць, як затрымліваюць тваіх сябровак, мацярэй, настаўніц, актывістак. Калі гэта датычыць кожнай, то ўсё складаней маршыраваць. Таму маё меркаванне — марш мусіць трансфармавацца ў нешта зусім іншае, не менш відовішчнае. Мы ўжо навучыліся гуртавацца і ідзем на крок раней за тых, хто намагаецца нам супрацьстаяць. Мы пакуль не ведаем, якая гэта будзе форма, але паглядзім у наступную суботу».

Спыняць акцыі пратэсту сэнсу няма: «Жаночаму руху канца не будзе. Былі раней моманты, калі надзея затухала.

 

Жаночае шэсце міру ў Мінску. 5 верасня 2020 года. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Жаночае шэсце міру ў Мінску. 5 верасня 2020 года. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Цяпер нясмелая надзея ператварылася ва ўпэўненасць, што пакуль гэты жах і гвалт не скончыцца, ні адна жанчына не супакоіцца.

У мяне ёсць такая суполка, як лакмусавая паперка, — гэта чацік шматдзетных мамачак. Паводле іх я прыкладна мераю пратэставы градус. У звычайным жыцці матуль з некалькімі дзеткамі вельмі складана на нешта заахвоціць, бо іх жыццё поўнае клопатаў пра сямʼю. А цяпер яны проста касмічныя, яны знаходзяць нейкае другое дыханне, каб яшчэ і жыць такім актыўным сацыяльным жыццём. Яны гатовыя выходзіць на пратэсты і далей. Калі мне робіцца сумна, я іду да мамачак. У іх такая энергія, што знікае сумнеў, быццам нешта затухне — яны, як і ўсе, нічога не забудуць».

 

Удзельніцы Жаночага шэсця міру ў Менску. 5 верасня 2020 года. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Удзельніцы Жаночага шэсця міру ў Менску. 5 верасня 2020 года. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Чуць пра тое, што маршы і ланцугі праплочаныя, для арганізатаркі смешна: «Вельмі шмат жартаў пра тое, што акцыі нехта фінансуе. Мае сяброўкі палічылі, што калі суму, якую агучылі ў дзяржаўных навінах, падзяліць на ўсіх, то атрымлівалася па 3 цэнты на ўдзельніцу. Але рэч у тым, што ніхто з гэтых жанчын сваё сумленне не прадасць, яны вельмі ідэйныя, і гэта натхняе. Іншая справа, калі ў сямʼі нехта верыць тэлевізару больш, чым блізкаму чалавеку — вось дзе драма».

Для спадарыні з самага пачатку было істотна падкрэсліваць мірны кірунак пратэсту: «Поўная адсутнасць агрэсіі да сілавікоў, поўная адсутнасць правакацыі з нашага боку, каб не скочвацца да іх узроўню.

Я бачу гэты рух не толькі як жаночыя міратворчыя сілы, а як стваральную плынь, як апошнюю мірную мяжу.

 

Удзельніца Жаночага шэсця міру ў Менску. 5 верасня 2020 года. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Удзельніца Жаночага шэсця міру ў Менску. 5 верасня 2020 года. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Надзіва пры вялікіх адрозненнях у меркаваннях і густах, у дзяўчат атрымліваецца яднацца і рабіць агульны пратэст. Я адчуваю бязмежную любоў і ўдзячнасць да ўсіх жанчын, якія працягваюць змагацца, адчуваю нас адной вНадзіва пры вялікіх адрозненнях у меркаваннях і густах, у дзяўчат атрымліваецца яднацца і рабіць агульны пратэст. ялікай стваральнай сілай. Кожную хацелася б абняць».

Вольга Шпарага лічыць пачаткам выбітнага жаночага руху сярэдзіну лета. «Актыўнасць пачалася яшчэ ў ліпені, калі адбылося гуртаванне людзей вакол парыжскай школы Евы, калі ўсе пачалі насіць майкі з гэтай выявай. Потым зʼявіўся абʼяднаны штаб.

Гэта істотна, што жанчыны выявілі сябе як субʼекты, прапанавалі новыя мірныя стратэгіі, сталі сімваламі мірнай і крэатыўнай барацьбы.

А пасля жнівеньскага тэрору жанчыны сталі салідарызавацца ў пратэставыя акцыі. У гэтым ёсць логіка, бо жанчыны сталі палітычным субʼектам, які шукае мірныя шляхі выражэння нязгоды з рэжымам. Жанчыны бяруць на сябе функцыю весці грамадства таму, што мужчыны аказаліся ў складанай сітуацыі, і таму, што жанчыны самі актыўныя, крэатыўныя. Арт-элемент вельмі істотны».

 

Удзельніца Жаночага шэсця міру ў Менску. 5 верасня 2020 года. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Удзельніца Жаночага шэсця міру ў Менску. 5 верасня 2020 года. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Філосафка падкрэсліла, што ў шэсць разоў вырасла агрэсія ў дачыненні жаночых маршаў: «Лукашэнка таксама да апошняга не ўспрымаў усурʼёз Ціханоўскую і абʼяднаны штаб, а грамадства ўспрыняло і падтрымала Ціханоўскую. Гэта кажа, што наша грамадства прасунулася наперад ад патрыярхальных поглядаў улады. Мы ведаем, як паступілі з Марыяй Калеснікавай, за мяжой апынулася Ціханоўская. Памянялася стаўленне ўлады да жанчын на вуліцах, была хваля затрымання грамадскіх актывістак, мастачак. Жанчыны ператварыліся ў новы субʼект, а ўлада стала даваць адпор».

Такую рэакцыю і гвалт Шпарага лічыць ўласцівай для цяперашніх уладаў, не прыдатных да дыялогу: «Гэтая грубая сіла дэградавала да таго, што на вуліцах — людзі ў масках, без апазнавальных знакаў.

Яны выглядаюць як бандыты і паказваюць, што закон ім не пісаны, але гэта старыя тэндэнцыі ў новым выглядзе. Улада не ўмее іначай камунікаваць з грамадствам.

 

Жаночы марш міру каля Камароўскага рынку ў Менску. 5 верасня 2020 года. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Жаночы марш міру каля Камароўскага рынку ў Менску. 5 верасня 2020 года. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Што ўсе мітынгі і акцыі праплочаныя — улады пяюць гэтыя песні, колькі я сябе памятаю. На іх меркаванне, грамадства можа быць толькі паслухмяным, а калі грамадзяне нешта робяць, то ім нехта плаціць. Гэта адмова нам у субʼектнасці. Не толькі жанчынам, але ўсім. Бо праплачанасць значыць, што за нас нібыта нехта вырашае. Быццам ў нас няма і не павінна быць сваіх інтарэсаў, патрэбаў, меркаванняў, мэтаў і волі, а мае быць толькі пакорлівасць».

Філосафка таксама ўпэўнена, што жаночыя акцыі зменяцца, але не знікнуць: «Жанчыны паказваюць, што яны такі крэатыўны рухавік. Можа быць, варта адмовіцца ад маршаў. Мы бачылі, што былі розныя формы, і яны ўсе працавалі, былі істотныя для грамадства. Я за калектыўныя вынаходніцтвы. Нешта новае дакладна зʼявіцца».

Марыя Грыц, Belsat.eu