Асудзілі Уладзіміра Жыхара, які падчас маршу ў Дразды нібыта адабраў у амапаўца траўматычны пісталет

Суд Савецкага раёна Мінска 30 красавіка вынес прысуд Уладзіміру Жыхару, які нібыта падчас маршу на Дразды выхапіў у супрацоўніка міліцыі траўматычны пісталет «Аса» і нанёс цялесныя пашкоджанні некалькім амапаўцам.

Уладзімір Жыхар на Маршы герояў 13 верасня.

Уладзімір Жыхар на Маршы герояў 13 верасня.

Уладзіміра Жыхара абвінавацілі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса:

•    ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»);

•    арт. 364 КК («Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»);

•    ч. 2 арт. 206 КК («Рабаванне, спалучанае з гвалтам, альбо з пагрозай прымянення такога гвалту»).

Справу разглядаў суддзя Аляксандр Якунчыхін. Дзяржабвінаваўца — пракурор Анастасся Маліко.

Па справе праходзілі восем пацярпелых супрацоўнікаў АМАПа: Дзямідаў, Кісялёў, Грыбоўскі, Колчын, Назараў, Леснікоў, Бурак, і Крукаў. 

Пацярпелыя амапаўцы ў судзе.

Пацярпелыя амапаўцы ў судзе.

Паводле матэрыялаў следства, 13 верасня Жыхар з групай асоб удзельнічаў у парушэнні грамадскага парадку (парушэнне працы транспарту, цырульні «Кот Матроскін», крамы "Fix Price", "Белфармацыі"), тым самым абмежавалі права грамадзян на свабодную працу і адпачынак.

Па дарозе ў Дразды, па Ціхім завулку каля дома нумар 6, маючы ідэю прымянення гвалту да супрацоўніка АМАПа Грыбоўскага, схапіў яго і паспрабаваў выцягнуць з аўтамабіля. Пагражаў прымяненнем гвалту камандзіру Бураку, Дзяміду, Кісялёву, Крукаву з мэтай перашкодзіць іх абавязкам. Спрабаваў таксама выхапіць траўматычны пісталет.

Пракурор Анастасія Маліко запрасіла для Жыхара пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Прадстаўнік прадпрыемства «Мінсктранс» прад’явіў Жыхару матэрыяльную шкоду з-за перабояў у працы грамадскага транспарту ў памеры 30 тысяч 1 рубель 82 капейкі.

У сваім апошнім слове Жыхар сказаў, што ў нас адабралі права абараняць сваё жыццё і што хочацца верыць, што некалі краіна стане свабоднай і наш народ будзе жыць на сваёй зямлі.

Суддзя Якунчыхін абвясціў прысуд: прызнаць вінаватым па арт. 342 КК і прызначыць пакаранне тэрмінам тры гады абмежавання волі ў выпраўленчай установе адкрытага тыпу, па арт. 364 КК — чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і па арт. 206 КК — два гады калоніі агульнага рэжыму.

У сукупнасці, шляхам частковага накладання, прызначыць канчатковае пакаранне — пяць год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Кампенсацыя маральнай шкоды:

Грыбоўскаму — 1 000 рублёў;

Дзямідаву — 1 000 рублёў;

Кісялёву — 1 000 рублёў;

Крукаву — 1 000 рублёў;

Бураку — 1 000 рублёў;

Леснікаву — 3 000 рублёў;

Колчыну — 1 000 рублёў.

Таксама суд прызнаў права «Мінсктранса» аб спагнанні з Жыхара матэрыяльнай шкоды ў памеры 30 тысяч 1 рубель 82 капейкі ў грамадзянскім працэсе.