Да 6,5 гадоў зняволення. Вынеслі прысуд 14 фігурантам «пінскай справы»

Сёння ў судзе Маскоўскага раёну Брэста вынеслі прысуд 14 фігурантам пінскай справы. Усіх іх прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса), паведамляе «Свабода».

6a488de7_d2b6_4630_b76f_0218906ce811_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.webp

Суддзя Яўген Брэган прысудзіў:

Сяргею Маўшуку і Аляксандру Цярэшку — 6 з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Раману Багнаўцу, Даніілу Богнату, Рыгору Гунько, Сяргею Ляжэнку, Станіславу Міхайлаву, Вячаславу Рагашчуку, Ігару Салаўю, Артуру Халімончыку — 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Шматдзетнай маці Алене Маўшук — 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Дэвіду Масціцкаму, Алегу Рубцу, Вячаславу Шэлямету — 5 з паловай гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Раней такія ж самыя тэрміны для абвінавачаных запатрабаваў пракурор.

Суддзя таксама пастанавіў спагнаць з усіх асуджаных агулам 520 тысяч рублёў кампенсацыі. 

Сяргей Маўшук, які да выраку быў пад хатнім арыштам, з бацькам перад вынясеннем прысуду

Сяргей Маўшук, які да выраку быў пад хатнім арыштам, з бацькам перад вынясеннем прысуду

Суды над 14 пінскімі палітвязнямі працягваліся з 23 сакавіка. У ходзе судовых пасяджэнняў віну прызналі Артур Халімончык і Сяргей Ляжэнка. Цалкам не прызналі — Ігар Салавей, Станіслаў Міхайлаў, Данііл Богнат, Аляксандр Цярэшка. Астатнія абвінавачаныя прызналі віну часткова.

У чым абвінавацілі фігурантаў

·        Ва ўдзеле ў несанкцыянаванай масавай акцыі.

·        Закліках дэмантаваць тратуарную плітку.

·        Закліках «біць сілавікоў».

·        Пашкоджанні маёмасці.

·        Кіданні камянёў, фрагментаў тратуарнай пліткі, палак, бутэлек.

·        Ударах па сілавіках рукамі і нагамі.

Паводле абвінавачання, падсудныя далучыліся да дзеянняў іншых асоб і адно да аднаго «ў мэтах дасягнення адзінага выніку, што выразілася ў непасрэдным гвалце над асобай, а таксама ў пагромах, пашкоджаннях і знішчэнні маёмасці». 

Людзі каля дзвярэй судовай залі перад вынясеннем прысуду

Людзі каля дзвярэй судовай залі перад вынясеннем прысуду

Што расказваюць пінчукі пра падзеі 9–10 жніўня

Паводле жыхароў Пінска, з якімі раней пагаварыла «Свабода», 9 жніўня пасля 20:00 людзі прыйшлі да выбарчых участкаў, каб паглядзець на выніковыя пратаколы. Аднак сябры выбарчых камісій паведамілі, што ўжо перадалі вынікі ў Пінскі гарадскі выканаўчы камітэт.

Каля 21:00 некалькі тысяч чалавек наблізіліся да будынку гарвыканкама, падыход да якога заблакавалі супрацоўнікі ГАУС і РАУС. Да людзей выйшлі начальнік ГАУС Дзмітрый Каравякоўскі. Ён прапанаваў вылучыць 5 дэлегатаў для перамоў з кіраўніцтвам горада.

Цягам дзвюх з паловай гадзін пратэстоўцы чакалі вяртання сваіх дэлегатаў. У выніку да гарвыканкама прыехала падмацаванне сілавых структур. Яны ўзялі некалькі дзясяткаў людзей у кола, з якога пратэстоўцы вырашылі прарывацца.

Пазней людзі пачалі адціскаць сілавікоў, выкарыстоўваючы для абароны падручныя матэрыялы (выламаныя з лавак дошкі, сметніцы). Прагнаўшы АМАП, пінчукі праз некаторы час разышліся па дамах. На наступны дзень, 10 жніўня, людзі зноў выйшлі на пратэст, аднак ён скончыўся масавымі жорсткімі затрыманнямі. 

Начальнік міліцыі справакаваў сутычку з пратэстоўцамі?

Паводле слоў сваякоў абвінавачаных, у адным з відэафайлаў, які пракуроры прадставілі ў ходзе перадапошняга судовага пасяджэння 13 красавіка, высветлілася, што сутыкненні паміж грамадзянамі і сілавікамі пачаліся пасля каманды начальніка пінскага ГАУС Дзмітрыя Каравякоўскага «Да бою» і яго закліку на выцясненне.

На скрыжаванні вуліц Заслонава і Леніна ў момант сутыкненняў начальнік ГАУС прамаўляў таксама «Усім здацца» і «Атачаем і затрымліваем усіх». А крыху пазней у мегафон ён даў распараджэнне «Адкрыць агонь!».

Усе гэтыя каманды 10 жніўня чулі і пратэстоўцы. Паводле прадстаўнікоў абароны абвінавачаных, людзі ўспрымалі іх літаральна. Думалі, што да іх прыменяць сілу, таму і пачалі абараняцца. Адвакаты падсудных таксама сцвярджаюць, што падзеі маглі б развівацца інакш, калі б начальнік міліцыі агучваў каманды ў завуаляванай форме, якую маглі б зразумець выключна сілавікі.

Пры гэтым сам Каравякоўскі раней у судзе заяўляў, што ніякіх загадаў асабіста не аддаваў. А самі міліцыянты, згодна з матэрыяламі справы, дзейнічалі ў межах паўнамоцтваў, не чынілі гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў і ажыццяўлялі ахову грамадскага парадку «з мэтай спынення несанкцыянаванай масавай акцыі каля будынку гарвыканкама».

Родныя ж палітвязняў кажуць, што на пасяджэнні 13 красавіка паказалі таксама фота і відэа падсудных, зробленыя пасля іх затрымання 10–11 жніўня. Сваякі фігурантаў прызналіся, што былі ў шоку. На прадстаўленых кадрах, кажуць яны, «хлопцы былі страшна збітыя».