Пінчукі папрасілі праверыць псіхічнае здароўе мясцовых праваахоўнікаў. Што ім адказалі?

«За бяспеку грамадзян павінны адказваць супрацоўнікі праваахоўных органаў з устойлівай псіхікай», — напісалі пінчукі ў звароце, які накіравалі ва Упраўленне ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама. Цяпер ім прыйшоў адказ, паведамляе Media-Polesye.

milicziya_zdanie_pinsk.jpg

Сваю занепакоенасць патлумачылі тым, што ў судзе па справе аб «пінскай бойні» супрацоўнікі выказаліся аб тым, з-за перажытага адчуваюць трывогу і страцілі сон, але не звярталіся па дапамогу да спецыялістаў.

«Мы, жыхары Пінска і Пінскага раёна, выказваем сур'ёзную занепакоенасць: ці дазваляе маральна-псіхалагічны стан гэтых супрацоўнікаў выконваць задачы па абароне грамадзян Рэспублікі Беларусь ад крыміналітэту, супрацьстаяць забойцам, рабаўнікам і гвалтаўнікам, якія стаяць перад органамі ўнутраных спраў? Лічым рашэнне апісанай вышэй праблемы надзвычай важнай справай, бо за бяспеку грамадзян павінны адказваць супрацоўнікі праваахоўных органаў з устойлівай псіхікай», — пазначана ў звароце.

Пінчукі стварылі петыцыю і сабралі больш за тры тысячы подпісаў. У ёй адзначылі, што просяць правесці пазачарговую атэстацыю ўсіх пацярпелых супрацоўнікаў пінскіх ГАУС і РАУС, прыцягнуць для правядзення названай атэстацыі кваліфікаваных псіхолагаў і псіхатэрапеўтаў.

На зварот быў атрыманы адказ: «Псіхалагічнае здароўе супрацоўнікаў Пінскага ГАУС і РАУС у цяперашні час у поўнай меры дазваляе выконваць задачы, ускладзеныя на органы ўнутраных спраў. Падставы для правядзення пазачарговай атэстацыі супрацоўнікаў Пінскага ГАУС і РАУС адсутнічаюць».