«Сын усім кажа, што яго тата – герой». Размова з жонкай фігуранта «пінскай справы»

«Скажы сыну, што я не злодзей, не забойца, а сяджу за праўду», — распавяла «Белсату» жонка палітвязня Сяргея Ляжэнкі Вольга.

Пінчук Сяргей Ляжэнка прызнаны палітычным вязнем. Разам з жонкай Вольгай і сынам Маркам. Фота з сямейнага архіва

Пінчук Сяргей Ляжэнка прызнаны палітычным вязнем. Разам з жонкай Вольгай і сынам Маркам. Фота з сямейнага архіва

28-гадовы пінчук Сяргей Ляжэнка 9 жніўня разам з сябрамі пайшоў на выбарчы ўчастак, каб даведацца пра вынікі галасавання. З участка ўсіх накіравалі ў выканкам. Там і здарыўся інцыдэнт, які пазней стаў вядомы як «пінская справа».

Як распавядалі ўдзельнікі, міліцыя пачала страляць у паветра, людзі абараняліся. Сяргей прызнаў, што біў палкай па міліцэйскіх шчытах. Але, у той жа час, дапамог апрытомнець міліцыянту, якога нехта ўдарыў — і той страціў прытомнасць. На судзе міліцыянт казаў, што, калі б не Сяргей, яго затапталі б. Пракурор запатрабаваў для пінчука 6 гадоў узмоцненага рэжыму.

Людзі патрабавалі мірных перамоў — міліцыя пачала страляць

Пра Сяргея Ляжэнку і яго гісторыю «Белсат» паразмаўляў з жонкай палітвязня Вольгай.

— У той вечар, 9 жніўня, я была дома з дзіцём. Сяргей прыйшоў уначы, распавёў, што іх атачылі, спрабавалі затрымаць, людзі адбіваліся, — прыгадала жанчына паслявыбарчыя падзеі, якія сталі лёсавызначальнымі для яе сям’і. — Сяргей палітыкай ніколі асабліва не цікавіўся, але гэтым разам з сябрамі пайшоў на ўчастак чакаць вынікаў выбараў. Адтуль усіх адправілі ў выканкам. Там чыноўнікі запрасілі некалькі чалавек унутр, калі тыя выйшлі, то перадалі вынікі: больш за 80 % — за Лукашэнку. Людзі не паверылі, пачалі патрабаваць мірных перамоў. Адначасова з’явілася міліцыя, былі стрэлы, так усё і пачалося.

Сяргею тады ўдалося вярнуцца дамоў. Нейкі час Ляжэнкі жылі спакойна, хоць разумелі, чаго можна чакаць. Вольга пытала ў мужа, ці не з’ехаць за мяжу, пакуль ёсць час. Сяргей адказваў пытаннем на пытанне: чаму ён павінен уцякаць з уласнай краіны, падціснуўшы хвост, калі ні ў чым не вінаваты? Вольга пагадзілася з мужам, бо і сама не хоча пакідаць Беларусь.

27 жніўня па Сяргея прыйшлі. Пасля 72 гадзін у ізалятары часовага ўтрымання мужчыну адпусцілі пад хатні арышт з абвінавачаннем паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі («Удзел у масавых беспарадках, які суправаджаўся гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці ці ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады»).

«Буду чакаць столькі, колькі спатрэбіцца»

Ляжэнку зноў затрымалі 23 верасня. Матывавалі арышт тым, што Сяргей мог уцячы за мяжу. Накіравалі ў СІЗА ў Баранавічы. 

Турма ў Баранавічах. Студзень 2021 г. Фота: ТК / «Белсат»

Турма ў Баранавічах. Студзень 2021 г. Фота: ТК / «Белсат»

На судзе, паводле Вольгі, Сяргей прызнаў, што біў палкай па міліцэйскіх шчытах.

Ні адзін са 109 пацярпелых не сказаў, што Сяргей некаму з іх учыніў нейкую шкоду. А адзін з міліцыянтаў распавёў, што, калі нехта ўдарыў яго па галаве і ён страціў прытомнасць, Сяргей прывёў яго ў пачуцці і адвёў убок, за тыя самыя шчыты: калі б не Ляжэнка, то яго затапталі б там.

Пракурор запатрабаваў для Сяргея Ляжэнкі 6 гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму. 30 красавіка абвесцяць вырак.

Вольга згадвае, што калі на судзе пачула пра 6 гадоў, то была ў ступары.

— Я плакала і не магла супакоіцца, — кажа жанчына. — Сяргей мне махаў рукою, маўляў, не плач. А я глытала таблеткі, каб узяць сябе ў рукі. Я не хачу верыць, што насамрэч будзе такі тэрмін. Надзея памірае апошняй, але, гледзячы на выракі іншым, з кожным днём гэтай надзеі ўсё менш і менш. Але нават калі і шэсць гадоў, я буду чакаць. Столькі, колькі спатрэбіцца.

«Галоўнае, што з табой і сынам усё добра, а я — як-небудзь»

Вольга бачылася з мужам толькі на судах. Спаткання ў СІЗА — ні ў Баранавічах, ні ў Брэсце — сужэнцам так і не далі. Жанчына кажа, што з Баранавіцкага СІЗА хоць лісты добра даходзілі, а пасля этапавання ў Брэст пачаліся затрымкі на тыдзень-два.

У той жа час, пра брэсцкае СІЗА Сяргей адгукаецца добра: піша, што і стаўленне лепшае, і ежа смачнейшая, тэлевізар ёсць. Хоць і на Баранавічы асабліва не скардзіўся.

— Ён у мяне ўвогуле такі хлопец, які не прывык скардзіцца, — зазначае Вольга. — Кажа, галоўнае, маўляў, што з табой і сынам усё добра, а я ўжо як-небудзь, жывы, здаровы — гэтага хопіць.

Паводле Вольгі, Сяргей вельмі шкадуе, што ўсё так адбылося, што яна цяпер засталася адна з малым дзіцём, што ім не хапае сродкаў на жыццё.

— Ён у мяне вельмі працавіты, заўсёды шмат працаваў, падпрацоўваў, з адной працы на іншую, я нават злавалася часам, крычала на яго: пабудзь ты хоць адны выхадныя дома, — распавядае жонка вязня.

Да затрымання Сяргей Ляжэнка працаваў аператарам аўтаматычных і напалову аўтаматычных ліній на «Пінскдрэве». І падпрацоўваў укладчыкам кафлі і бруку. 

photo_2021_04_29_15_54_44.jpg

«Сын усім кажа, што яго тата — герой»

У Ляжэнкаў — пяцігадовы сын Марк. Вольга цяпер пераехала да бацькоў, каб было каму даглядаць малога, пакуль жанчына на працы. Жанчына таксама працуе на «Пінскдрэве», раней правіла шпон, але змяніўся графік — стаў вельмі нязручным. Дырэктар, паводле пінчанкі, пайшоў насустрач і запрапанаваў працу прыбіральніцы. Заробак — 500 рублёў.

— На жыццё гэтага, вядома, не стае, але бацькі дапамагаюць, — кажа Вольга. — Матэрыяльна нам адчувальна горш стала без Сяргея. Яшчэ ж і яму патрэбныя там грошы. На адну перадачу ў мяне сыходзіць 250 рублёў. А ў Брэст збірала яму адзенне — 300 рублёў аддала.

Напярэдадні прысуду ў лістах Сяргея адчувальна падае настрой. Мужчына пытае, навошта ён патрэбны жонцы, бо толькі праблемы стварыў, ды іншае ў такім родзе. Але Вольга, не зважаючы на ўсе гэтыя цяжкасці, не асуджае мужа. 

Вольга і Марк Ляжэнкі. Фота з сямейнага архіва

Вольга і Марк Ляжэнкі. Фота з сямейнага архіва

— Калі б я была на яго месцы, таксама не трывала б здзекаў. Не біла б палкай, але ўпэўненая, што не змагла б спакойна глядзець на тое, што адбываецца. Я разумею Сяргея, — кажа пінчанка.

Вольга распавядае, што Сяргей папрасіў сказаць сыну, што ён у арміі.

— Я так і зрабіла, і цяпер Марк усім кажа, што яго тата — герой, абараняе краіну, — распавядае жанчына. — Натуральна, калі раптам сапраўды будзе шэсць гадоў, то дзіця падрасце, будзе задаваць пытанні. Давядзецца расказаць праўду. Сяргей на гэты выпадак прасіў: маўляў, толькі скажы яму, што я не злодзей, не забойца, што я сяджу за праўду.

«У лістах Сяргей піша, што марыць пра дачку»

Сяргей і Вольга разам восем гадоў, з іх пяць — у шлюбе і тры гады сустракаліся да вяселля. Вольга кажа пра мужа, што ён вельмі спакойны, неканфліктны, вясёлы, усмешлівы. Палітыкай не цікавіўся аж да выбараў-2020. Любіць спорт. У вольны ад працы час займаўся веславаннем, лёгкай атлетыкай, веласпортам. Вельмі любіць дзяцей, заўсёды можа хутка з імі паразумецца. У апошніх лістах Сяргей пісаў, што марыць пра дачку.

Вольга Ляжэнка ўпэўненая, што ў Беларусі хутка будуць перамены.

— Да гэтага ўсё ідзе. Я бачу, што краіна змянілася, па стаўленні людзей да сітуацыі. Нават мая мама, якая раней была ярай лукашысткай, цалкам змяніла сваё меркаванне. Яна спачатку вельмі асуджала Сяргея, але калі пабачыла, што робіцца, усё зразумела. У людзей расплюшчваюцца вочы, — кажа жанчына. 

Пратэсты ў Пінску ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 г. Фота: media-polesye.by

Пратэсты ў Пінску ў ноч з 9 на 10 жніўня 2020 г. Фота: media-polesye.by

Сама Вольга таксама не цікавілася палітыкай, не хадзіла на выбары, нават летась, у той час як муж галасаваў за Святлану Ціханоўскую:

— Не тое каб мяне ўсё задавальняла ў краіне, але не было ні часу, ні жадання заглыбляцца ў гэта, я жыла і жыла сабе.

Стаўленне да палітычнай сітуацыі ў жонкі палітычнага вязня змянілася пасля выбараў. Жанчыну ўразілі жорсткасць і гвалт, ужытыя ўладамі супраць мірных людзей:

— Гэта занадта. За што збіваюць, забіваюць людзей? За тое, што людзі выказваюць сваё меркаванне? Проста выходзяць на вуліцу? За гэта трэба пазбаўляць волі, біць і забіваць?