Таццяна Севярынец: Будзем патрабаваць адкрытага суду над палітзняволенымі

Маці вядомага палітыка Паўла Севярынца абураная тым, што судовы працэс над яе сынам і актывістамі «Еўрапейскай Беларусі», прызначаны на 12-га траўня, хочуць зрабіць закрытым.

2021_04_30_lipka_tseviarynec_f1.jpg


Таццяна Севярынец кажа, што рыхтуе зварот у суд Магілёва, дзе мае адбыцца разбіральніцтва па крымінальнай справе, распачатай супраць яе сына:
 — Я зараз звяртаюся да праваабаронцы, да юрыста, які дапаможа мне скласці патрабаванне, каб працэс быў адкрытым. Ва ўмовах беззаконня ў нас няма іншых сродкаў, як выкарыстоўваць законныя сродкі абароны! Мы гэтага будзем патрабаваць.
На думку Таццяны Севярынец, судовае разбіральніцтва хочуць правесці ў закрытым рэжыме, каб схаваць ад грамадскасці ілжывасць і беспадстаўнасць абвінавачанняў. Таксама яна расцэньвае гэта як здзек з падсудных і іх сваякоў: і адны, і другія цягам некалькіх месяцаў былі пазбаўленыя магчымасці ўбачыцца, і цяпер гэтая практыка працягваецца.
Таццяна Севярынец заклікае родных і блізкіх іншых палітвязняў таксама пісаць звароты ў абласны Магілёўскі суд з патрабаваннем адкрытага працэсу.
Зараз у Магілёве, у турме №4 чакаюць судовага працэсу сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец і актывісты грамадскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Афнагель, Павел Юхневіч, Дзмітрый Казлоў, Максім Вінярскі і Андрэй Войніч.
racyja.com