Дзень народзінаў за кратамі. «Я бліжэй, чым ты думаеш»
Дзяніс Гуцін, адміністратар тэлеграм-канала «Кіроўцы 97», быў затрыманы 22 верасня. Яго абвінавачваюць па арт. 342 КК, ч. 1.2. Суд над Дзянісам мусіў адбыцца 13 красавіка, аднак за дзень да гэтага пасяджэнне раптоўна адмянілі па невядомых прычынах.
У Дзяніса на волі — жонка і трое дзяцей, два з якіх — блізняткі. Малодшае дзіця мае групу інваліднасці. Жонка Аляксандра не змагла атрымаць дазвол на спатканне з мужам, каб абмеркаваць аперацыю, якую трэба зрабіць на вочы сына.
Дзянісу 1 траўня споўніцца 31 год. Лісты ад жонкі Дзяніс не атрымлівае ўжо месяц, таму Аляксандра не ўпэўненая, ці дойдуць яе віншаванні. Праз газету «Новы Час», якую Дзяніс атрымлівае, Аляксандра перадае мужу шчырыя словы віншавання і падтрымкі:
«Родны мой, вось набліжаецца твой дзень народзінаў… Не так даўно быў верасень — і мы думалі, як будзем святкаваць мае народзіны, а цяпер наступіў ужо і твой дзень… Каханы, упершыню за столькі гадоў у гэты дзень мы не будзем разам, аднак ведай: ты — наша ўсё, мы — адно… Мы ж Гуціны! Каханы мой, дзякуй табе за 11 гадоў нашага сямейнага жыцця і за нашых неверагодных дзяцей! У твой дзень, хай і ў мільённы раз, я хачу сказаць табе, што кахаю цябе і табой ганаруся. Цябе мне паслаў лёс. І я не магу выказаць словамі, якая ж я шчаслівая быць тваёй жонкай! Ты стаў для мяне сябрам, братам і самым каханым і смелым мужчынам.
Родны мой, хачу пажадаць табе трываласці, бо мы праходзім праз цяжкі перыяд нашага жыцця. Здароўя, каб ты пражыў яшчэ шмат гадоў. Жадаю табе не падаць духам і не сумнявацца ў сваіх сілах, а ўпэўнена і смела крочыць да сваіх мар.
Глебушка жадае табе хутчэй вярнуцца дадому, Ульяшка — каб усе цябе любілі і паважалі. Маркусік зычыць табе хутчэй усіх нас пабачыць. Мы ўсе цябе вельмі любім і чакаем. Я бліжэй, чым ты думаеш. З нецярпеннем чакаю цябе дома.
P.S. Сябры вельмі чакаюць, калі змогуць пакарміць з табой качак».
«Новы Час» таксама віншуе Дзяніса з Днём народзінаў! Жадаем моцы, вытрымкі, аптымізму і хуткай сустрэчы ў вольнай Беларусі!
Адрас для лістоў: СІЗА–1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2.