Ашуканцы за год скралі ў беларусаў 9 мільёнаў. А колькі грошай удалося вярнуць?
Колькасць махлярстваў у дачыненні да пенсіянераў вырасла за год у 5 разоў. Колькі злачынцаў-ашуканцаў знайшлі беларускія праваахоўнікі?
Сума шкоды ад махлярства ў 2022 годзе склала амаль 9 мільёнаў рублёў. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў «Доме прэсы» распавёў старшы пракурор упраўлення Генеральнай пракуратуры Вячаслаў Бабашынскі, піша «Myfin».
Па словах супрацоўніка пракуратуры, колькасць выпадкаў махлярства павялічылася практычна ў два разы, а ў адносінах да асобных катэгорый грамадзян, такіх, напрыклад, як пенсіянеры — у 5 разоў: з 376 да 1902 злачынстваў.
Што тычыцца людзей, старэйшых за 70 гадоў, то колькасць махлярстваў у дачыненні да іх вырасла больш чым у 10 разоў: з 114 да 1250 злачынстваў. Менавіта гэтыя грамадзяне з-за свайго ўзросту і даверлівасці з'яўляюцца найбольш уразлівымі, падкрэсліў Вячаслаў Бабашынскі.
Ён таксама адзначыў, што ў большасці выпадкаў махлярствы здзяйсняюцца з дапамогай інтэрнэту і ўсяго, што з ім звязана. Аналіз крымінальных спраў дазваляе сцвярджаць, што павышэнне ўзроўню махлярстваў адбылося за кошт павелічэння колькасці паведамленняў людзям сталага ўзросту з ілжывымі звесткамі аб нібыта дарожна-транспартных здарэннях з блізкімі сваякамі, неабходнасці аказання ім дапамогі матэрыяльнага характару, каб пазбегнуць адказнасці.
«Сума нанесенай шкоды менавіта ад гэтага віду тэлефоннага махлярства ў 2022 годзе склала амаль 9 мільёнаў рублёў. Кампенсавана толькі 6,5% — каля 600 тысяч рублёў. Устаноўлены 242 кур'еры, якія маюць дачыненне да здзяйснення гэтага віду злачынстваў, 75 крымінальных спраў ужо накіраваны ў суд», — паведаміў Вячаслаў Бабашынскі.
Старшы пракурор прывёў некалькі прыкладаў. Так, у беларускай сталіцы пацярпелая 1935 года нараджэння аддала ашуканцам 21 тысячу долараў, 200 еўра і 11 тысяч рублёў за вызваленне ад крымінальнай адказнасці сына, які нібыта ўчыніў ДТЗ. А ў Гродне жанчына 1937 года нараджэння «выратавала» ўнучку за 150 тысяч долараў і 125 тысяч еўра.
Праваахоўнікі сцвярджаюць, што злачынствы-ашуканствы, здзейсненыя праз інтэрнэт, раскрываюцца складана, аднак сілавікі паспяхова вызначаюць тых, хто паставіў лайк пад «няправільнай» публікацыяй, знаходзяць людзей з фота, зробленых падчас пратэстаў, дабіваюцца экстрадыцыі з Расіі адміністратараў пратэсных тэлеграм-каналаў. Ці не таму колькасць нераскрытых ашуканстваў за год вырасла так значна — і адначасова павялічылася колькасць беларусаў, арыштаваных паводле палітычных спраў?