Бабруйскія рабочыя: Жыццё простага чалавека нічога не значыць для ўладаў
Рабочыя не збіраюцца спыняць сваю барацьбу і будуць далей адстойваць сваё права на працу.
У Беларусі жыццё і здароўе простага чалавека нічога не значыць для ўлады, гаворыцца ў заяве чацвярых звольненых з Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў (БЗТДіА) рабочых, якія з 5 да
14 лістапада праводзілі галадоўку.
Нагадаем, у кастрычніку дзевяць сябраў Свабоднага прафсаюза БЗТДіА звярнуліся з адкрытым лістом да Лукашэнкі. Яны абвінавацілі дырэктара завода Аляксандра Аграновіча ў падрыве эканамічнага стану
дзяржавы, паколькі той звальняе высокакваліфікаваных работнікаў, пераследуючы іх праз прыналежнасць да Свабоднага прафсаюзу. Жаданне данесці да кіраўніка дзяржавы інфармацыю пра сітуацыю на заводзе і
стала прычынай галадоўкі чатырох звольненых работнікаў — Мікалая Жыбуля, Алега
Шаўчэнкі, Аляксандра Варанкіна і Аляксандра Грамыкі.
12 лістапада Грамыка і Жыбуль пабывалі на прыёме ў старшыні Бабруйскага гарвыканкама Андрэя Каваленкі, які адмовіўся вырашыць пытанне іх аднаўлення на працы. 14 лістапада ўдзельнікі акцыі
пратэсту спынілі галадоўку, не дабіўшыся сваіх патрабаванняў.
«Мэтай галадоўкі, што праводзілася намі з 5 да 14 лістапада, з'яўлялася прыцягненне ўвагі грамадзян краіны і ўлады, уключаючы прэзідэнта Лукашэнкі, да існага на заводзе прававога
бязмежжа, з тым каб яго спыніць і мы былі адноўленыя на працы», — гаворыцца
ў заяве, распаўсюджанай вечарам 16 лістапада.
Рабочыя мяркуюць, што адной мэты яны часткова дасягнулі. «Пра тое, што дырэктар ААТ «Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў», ён жа дэпутат Магілёўскага
абласнога савета дэпутатаў, Аляксандр Аграновіч пераблытаў закон з усёдазволенасцю, «напляваў» нават на ўказ прэзідэнта № 278 і звальняе высокакваліфікаваных спецыялістаў толькі за
іх сяброўства ў Свабодным прафсаюзе, даведаліся дзесяткі тысяч грамадзян краіны», — сцвярджаюць былыя работнікі БЗТДіА.
Разам з тым яны прызнаюць, што аднавіцца на заводзе з дапамогай галадоўкі ім не ўдалося. «14 лістапада мы спынілі галадоўку, разумеючы, што ў нашай краіне правы працоўных, а таксама
жыццё і здароўе простага чалавека нічога не значаць для чыноўнікаў і ўлады, у тым ліку кіраўніцтва краіны. Ніхто з прадстаўнікоў улады не захацеў спыніць расправу над намі за тое, што мы скарысталіся
канстытуцыйным правам і не захацелі пакідаць Свабодны прафсаюз, не пацікавіўся нашым здароўем», — пішуць звольненыя рабочыя.
Яны выказваюць падзяку тым, хто падтрымліваў іх, і асабліва тым, хто далучыўся да галадоўкі з салідарнасці. «Мы не збіраемся спыняць сваю барацьбу і будзем далей адстойваць свае правы
на працу і на сяброўства ў Свабодным прафсаюзе ўсімі даступнымі спосабамі», — заяўляюць чацвёра рабочых.
Каментароў кіраўніцтва завода і прадстаўнікоў улады што да заявы звольненых работнікаў пакуль не было. 14 лістапада прадстаўнікі адміністрацыі прадпрыемства, адказваючы на адкрыты ліст рабочых
да кіраўніка дзяржавы, сцвярджалі, што звальненне працоўных не звязанае з сяброўствам у Свабодным прафсаюзе.
Усе чацвёра ўдзельнікаў галадоўкі цяпер абвінавачваюцца па пункце 1 артыкула 23.34 КаАП (парушэнне ўсталяванага парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання) за
праведзеную акцыю пратэсту. Сваёй віны яны не прызнаюць.
naviny.by