БХД заклапацілася правамі жывёлаў

Справы мінскага маньяка — забойцы жывёлаў ускалыхнулі ўсю краіну. Людзі пішуць заявы ў міліцыю, нехта прапануе ўзнагароду за інфармацыю пра жывадзёра. Аргкамітэт па стварэнні партыі «БХД» прапануе вырашаць праблему ў комплексе.



prava_na_zhyccio.jpg

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі разам з лідэрам маладых хрысціянскіх дэмакратаў Марынай Хоміч на адмысловай прэс-канферэнцыі ў Мінску звыкла асудзілі дзеянні як самога маньяка, так і бяздзейнасць праваахоўчых органаў, якія не могуць знайсці злачынцу. Таксама іх абурае і тое, што ў выпадку арышту гэтага злачынцу здолеюць пакараць толькі ў адміністрацыйным парадку, бо ў Беларусі дагэтуль не існуе крымінальнай адказнасці за катаванне жывёл.
«За тую сітуацыю з катаваннем жывёлаў, якая існуе не толькі ў Мінску але і ў іншых гарадах краіны, персанальную адказнасць нясуць дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і Адміністрацыя прэзідэнта, — заўважыў Рымашэўскі. — Бо яшчэ грамадскія арганізацыі і праваабаронцы ўжо даўно патрабуюць ад уладаў прыняць закон аб абыходжанні з жывёламі. За яго прыняццё падпісаліся больш за 28000 грамадзянаў, і ён, хоць і ў «абрэзаным» выглядзе, але прайшоў першае чытанне ў Палаце прадстаўнікоў у 2011 годзе. У 2012 годзе ён быў адпраўлены ў Адамністрацыю прэзідэнта перад тым, як разглядацца ў другім чытанні, і там быў заблакаваны», — заявіў Рымашэўскі.

Але пытанне мінскага маньяка, лічыць Рымашэўскі, з’яўляецца ўсяго толькі адлюстраваннем таго, што робіць з бяздомнымі жывёламі дзяржава. «Ужо шмат было сігналаў пра тое, што адлоўшчыкі жывёлаў, на вачах у дзяцей, проста ў дварах дамоў жорстка забіваюць тварынак. У Мінску супрацоўнікі ЖЭСаў замуроўвалі ў падвалах катоў, у Баранавісчах перад прыездам прэзідэнта на аэрадроме расстралялі бяздомных сабак. І такіх прыкладаў па ўсёй краіне багата», — адзначыў Рымашэўскі. То бок, па ягоным меркаванні, гэты маньяк не робіць нічога такога, чаго б цалкам легальна не рабіла дзяржава.


Таму БХД і МХД зоймуцца звыклай справай, якая ў іх атрымліваецца лепш за ўсё — ціскам на ўладу, каб быў найхутчэй прыняты закон аб абыходжанні з жывёламі, які б уводзіў крымінальную адказнасць за катаванне жывёлаў. Ужо створаны адмысловы сайт (nashi-sjabry.org), дзе кожны можа паставіць подпіс пад патрабаваннем прыняць адпаведны закон.

«Адрозненне гэтага сайту ад папярэдніх у тым, што тут подпісы «дзейнічаюць». На сайце, напрыклад, change.org можна паставіць подпіс, але ён нікуды не пойдзе. Наш сайт аўтаматычна адсылае кожны подпіс з петыцыяй у адпаведныя дзяржаўныя органы, як зварот грамадзяніна, і на гэты зварот чыноўнікі абавязаныя рэагаваць», — падкрэсліла Марына Хоміч. Збор подпісаў за прыняццё закону будзе праводзіцца і «уручную».


Таксама БХД патрабуе і змяніць практыку забойства жывёлаў адпаведнымі дзяржаўнымі службамі, а замест гэтага ўжываць практыку біястэрылізацыі альбо кантрацэпцыі.

«Нам кажуць, што гэта дорага, але намсамрэч мы трацім значна большыя сродкі на забойства. Таму што папуляцыя бяздомных жывёлаў хутка ўзнаўляецца», — адзначыў Рымашэўскі. Таму адлоў і адстрэл прыходзіца праводзіць раз за разам. А калі жывёліну стэрылізаваць і адпусціць у месца яе пражывання, яна па-першае, больш не дасць патомства, а па-другое, зойме тую тэрыторыю, якую б мог заняць «маладняк».


Больш актыўныя дзеянні БХД і МХД яшчэ абмяркуюць з усімі зацікаўленымі бакамі на наступным тыдні. Але спадзяюцца, што грамадзяне будуць актыўна падпісвацца пад такімі патрабаваннямі ўжо зараз.