БЧБ-шкарпэткі, значок «Пагоня» і паднятую руку. За што судзілі затрыманых у Дзень Волі
У МУС паведамілі, што ў Дзень Волі, 25 сакавіка, у Беларусі былі затрыманыя 200 чалавек. У пятніцу адміністрацыйныя справы многіх з іх разгледзелі ў судзе. У пазбаўленага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», ёсць судовыя рашэнні па 138 з іх. Большасць атрымалі «суткі» — мінімум 12, максімум 30. Дзякуючы валанцёрам «Вясны», мы можам расказаць некалькі гісторый.
73-гадовы мінчанін Мікалай Саламонаў 25 сакавіка планаваў схадзіць на спатканне з жанчынай, з якой ён пазнаёміўся напярэдадні. Калі яны сустрэліся ў раёне плошчы Якуба Коласа і накіраваліся ў кавярню, на мікрааўтобусе пад'ехалі сілавікі, якія сталі затрымліваць моладзь — і заадно Мікалая з ягонай сяброўкай. Сведка-міліцыянт на судзе сцвярджаў, што мужчына стаяў у пікеце і крычаў «Жыве Беларусь». Пенсіянер жа тлумачыў у судзе, што крычаць не мог з-за праблем з голасам. Тым не менш суддзя Таццяна Шоцік адправіла яго пад арышт на 13 сутак.
Менчука Аляксандра Сцепаненку затрымалі на плошчы Перамогі, калі ён сядзеў і піў каву. У судзе ён некалькі разоў прасіў праявіць гуманнасць і прызначыць штраф, паколькі яму будзе цяжка перанесці арышт па стане здароўя — ў яго эпілепсія. Суддзя Сяргей Кацэр прызначыў яму 30 сутак: Сцепаненка «папаўся» ў другі раз.30 сутак суддзя Сяргей Кацэр прызначыў і 45-гадоваму мастаку Сяргею Белавокаму — ён чакаў аўтобус — «сотку» пасля працы на прыпынку ля Белдзяржцырка.
Суддзя Максім Трусевіч арыштаваў на 15 сутак 25-гадовага супрацоўніка Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі Цімура Бойка. Яго абвінавацілі ў пікеце «шляхам размяшчэння на заплечніку значка з «Пагоняй». Значок, дарэчы, таксама арыштавалі.
Такі ж тэрмін, 15 сутак, атрымаў і 34-гадовы Віктар Кулакоў. Паводле пратаколу, на праспекце Пушкіна ён «зладзіў адзіночнае пікетаванне ўзняццем рукі з жэстам «Вікторыя» з двух пальцаў. У судзе сваю віну не прызнаў, зрэшты, гэта не пераканала суддзю Юлію Блізнюк.
54-гадовая Святлана Чарняўская атрымала «суткі» за налепку на чужым аўтамабілі. Як распавяла жанчына на судзе, яе і яшчэ трох чалавек падвозіў знаёмы. У філармоніі супрацоўнікі ДАІ спынілі машыну і забралі людзей у РУУС для высвятлення асобы. Там на яе склалі пратакол. Паводле версіі міліцыі, яна пікетавала «шляхам размяшчэння налепкі з гербам «Пагоня» на багажніку аўтамабіля, на якім яе падвозілі». Жанчына казала, што не ведала ні аб якой налепцы. Гэта не пераканала судзьдзю Сьвятлану Чараповіч: вынік — 12 сутак.
А 27-гадовая Крысціна Малашэвіч атрымала ад суддзі Аляксандра ваўка 15 сутак за «пікетаванне ў БЧБ-шкарпэтках». Менавіта гэта было паказана ў яе пратаколе затрымання каля кінатэатра «Кастрычнік».
Яшчэ аднаго аматара БЧБ-шкарпэтак, 21-гадовага Дзяніса Сташэўскага, затрымалі каля БНТУ на праспекце Незалежнасці. Акрамя шкарпэтак яго знайшлі «дзве налепкі пратэстнага толку». А аўтазаку, куды ён прайшоў добраахвотна, хлопец аддаў сваю барсетку супрацоўнікам міліцыі, а пры вопісу ў РУУС у ёй знайшлі бел-чырвона-белы сцяг. Малады чалавек на судзе запэўніваў, што сцяг яму падкінулі. Суддзя Таццяна Ліннік прызнала яго вінаватым у непадпарадкаванні і ў парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Вынік: 30 сутак.
52-гадовага Віктара Міхайлаўскага затрымалі на праспекце Незалежнасці з роварам. Паводле версіі міліцыі, ён пікетаваў «шляхам размяшчэння БЧБ-налепкі трохгаловага дракона з надпісам «Цмок-Змагарыч». Суддзя Святлана Чараповіч пацікавілася-з якой мэтай мужчына катаўся па горадзе? І арыштавала яго на 12 сутак.
Яшчэ адзін веласіпедыст, Сяргей Баранчук, вырашыў адкрыць 25 сакавіка веласезон. Каля цырка ён спыніўся на чырвоны сігнал святлафора і вырашыў сфатаграфаваць праспект Незалежнасці. Паводле яго слоў, ні аўтазакі, ні АМАП яго не цікавілі, але вось міліцыю веласіпедыст-фатограф зацікавіў. Яго прывезлі ў міліцыю ўстанавіць асобу і склалі пратакол за непадпарадкаванне. Суддзя Міхаіл Макарэвіч прызнаў яго вінаватым і даў 14 «сутак».
Паводле tut.by