Галоўны вынік Дня Волі

Яшчэ год таму здавалася, што трэба будзе доўга тлумачыць людзям, чаму 25 сакавіка павінна быць абвешчана дзяржаўным святам... Але цяпер ясна, што пасля падзення рэжыму наданне гэтаму дню такога статусу не запатрабуе нейкіх надзвычайных высілкаў, піша пра галоўныя вынікі ўчарашняга Дня Волі Сяргей Навумчык у сваім тэлеграме.

29994698_1670276646375453_548077262_o_logo_2.jpg


Дзесяцігоддзямі гадавіна незалежнасці БНР была святам для пэўнага кола.

Гэтае кола было немалым, і пра гэта сведчаць шматлюдныя шэсці: у 1996-м — 30 тысяч чалавек, шмат сабралося і ля Опернага тэатру на 100-годдзе БНР у 2018-м. Але якасны склад удзельнікаў быў пастаянным, хаця і змяняўся новымі пакаленнямі: людзі з высокай ступенню нацыянальнай самасвядомасці.

Лукашэнка нават знайшоў для іх тэрмін: «свядомыя» (дзіўная здольнасць у Аляксандра Рыгоравіча апаганьваць словы, якія ў іншых краінах маюць выключна станоўчае значэнне; тое ж тычыцца і «змагароў»).


Гэтым разам сітуацыя змянілася кардынальна, і сведчанне гэтаму — феерверкі ў розных мікрараёнах Мінска і аўтамабільныя гудкі на праспектах. Істотны момант: сігналілі і раней, але тое было знакам салідарнасці з пратэстоўцамі, каля якіх праязджалі машыны. Цяпер праспекты былі амаль пустыя. Аўтамабілісты сігналілі ў знак Дня Волі, прычым пад пагрозай штрафаў (якія і адбыліся).

Ну, а такія феерверкі 25 сакавіка, здаецца, упершыню.

Яшчэ год таму здавалася, што пасля змены ўлады трэба будзе доўга тлумачыць людзям, чаму без БНР не было б сучаснай Рэспублікі Беларусь, чаму 25 сакавіка павінна быць абвешчана дзяржаўным святам. Праўду пра гістарычныя падзеі даводзіць трэба заўсёды, гэта было і застаецца абавязкам дзяржавы, у тым ліку і ў сферы адукацыі. Але цяпер ясна, што пасля падзення рэжыму наданне гэтаму дню такога статусу не запатрабуе нейкіх надзвычайных высілкаў.


Тое ж тычыцца і «Пагоні» з бел-чырвона-белым сцягам. Хаця ў гэтым выпадку павінны дзейнічаць прававыя механізмы: рэферэндум–95 адбываўся з парушэннямі Канстытуцыі і законаў, а збіццё дэпутатаў парламента ў час яго прызначэння, паводле слоў былога члена Канстытуцыйнага Суду прафесара Міхаіла Пастухова, робіць вынікі гэтага плебісцыту «юрыдычна нікчэмнымі».