73-гадовы мужчына хацеў схадзіць на спатканне, а трапіў на «суткі»
Для 73-гадовага мінчука спатканне скончылася 13-ю суткамі арышту.
Мікалай Саламонаў 25 сакавіка планаваў сустрэцца з жанчынай, з якой напярэдадні пазнаёміўся. Яны сустрэліся каля плошчы Якуба Коласа і хацелі схадзіць у кавярню. Але планы змянілі сілавікі, якія пад'ехалі на бусе і сталі затрымліваць маладых людзей. Мікалая з яго жанчынай таксама затрымалі.
У Ленінскім РУУСе на яго склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП. Сведка-міліцыянт сцвярджае, што асабіста назіраў удзел Саламонава ў пікетаванні, калі той крычаў «Жыве Беларусь». Сам 73-гадовы Мікалай Паўлавіч сцвярджае, што гэта немагчыма, бо ў яго праблемы з голасам.
Суддзя Таццяна Шоцік прызнала пенсіянера вінаватым па арт. 24.23 КаАП і арыштавала яго на 13 сутак.