Беларусь, якая выжыла: этнакрама «Цудоўня» адзначыла 7 год

Мы часта кажам нашу любімую фразу «Жыве Беларусь!» – але ці заўжды нам хапае ўвагі, часу, магчымасці заўважыць тых, дзякуючы каму гэтая самая Беларусь жыве? Сёння «Новы Час» раскажа вам пра такіх людзей.

cudounja6.jpg

Гродзенская этнакрама «Цудоўня» адзначыла 7-годдзе. Здаецца, невялікі час, але для людзей, якія яе стварылі, развівалі і правялі праз незлічоную колькасць выпрабаванняў, гэта сапраўды значны тэрмін. «Месца, дзе жывуць цуды» — так пазіцыянуе сябе крама, і бясспрэчна тое, што — з улікам усіх грамадска-палітычных падзеяў апошніх дзесяцігоддзяў — само яе існаванне і ёсць проста цуд.

cudounja14.jpg

Цёплы вясновы дзень, гродзенскія вуліцы запоўненыя ўрачыстай мітуснёй: вернікі спяшаюцца ў касцёлы пасвяціць велікодныя стравы. І ў ціхім дворыку ў самым цэнтры таксама святочная атамсфера, але з іншай нагоды. Менавіта тут знаходзіцца «Цудоўня», і сёння яна працуе ў напаўсвяточным фармаце — таму што, нават адзначаючы дзень народзінаў уласнай крамы, яе гаспадары ні за што не адмовяць тым, хто завітаў за годнымі беларускімі рэчамі.

Заснавальнік «Цудоўні» Андрэй Несцяровіч узгадвае, як у 2015 годзе крама нарадзілася і пачала свой неверагодны жыццёвы шлях. Ужо на той момант у Андрэя быў вялікі досвед удзелу ў гістарычных фэстах, у асноўным у Расіі – і гэта наштурхнула яго на разважанні пра стан беларускай традыцыйнай культуры. «Тое, што я бачыў у Расіі, як яны шануюць, як папулярызуюць свае рамесныя традыцыі… А нават тое, што не сваё — выдаюць за сваё і таксама папулярызуюць. Мне было вельмі крыўдна за беларускую культуру ў гэтым плане, за тое, што мы беларусы так мала ведаем пра свае традыцыі». Так і ўзнікла ідэя стварыць «Цудоўню». Пачатковую канцэпцыю крамы складалі сучасныя вырабы паводле гістарычных узораў, але даволі хутка асартымент пачаў развівацца ў этнаграфічным і нацыянальным кірунку.

cudounja15.jpg


Сёння палічкі крамы цікавыя і разнастайныя: тут можна знайсці керамічны і парцалянавы посуд, самыя розныя драўляныя рэчы для дома, упрыгожанні, цацкі, адзенне, торбы і заплечнікі, сувеніры і гравюры, і вельмі цікавыя традыцыйныя і сучасныя музычныя інструменты. Уся гэтая разнастайнасць паяднаная важнымі адметнымі рысамі: усе рэчы створаны менавіта беларускімі майстрамі і зроблены ўручную. А кожная рэч ручнога вырабу – абсалютна непаўторная, гэта сапраўдная раскоша, якую тым не менш вельмі лёгка ўпісаць у сваё паўсядзённае жыццё і карыстацца не проста таму, што трэба, а яшчэ і з вялікай асалодай. «Цудоўня» яднае пад сваім дахам творчасць каля 150 майстроў з усёй Беларусі, і ў гэтым надзвычайная каштоўнасць гэтага месца. Ці часта мы ведаем нават пра тых рамеснікаў, што могуць жыць зусім побач і штодня займацца стварэннем прыгожых густоўных рэчаў? Далёка не заўжды. А між тым менавіта такімі таленавітымі працавітымі людзьмі мае ганарыцца краіна. І як мінімум жыхарам Гродна вельмі лёгка адкрыць для сябе гэты свет дзякуючы «Цудоўні». Ну а ўсім астатнім заўжды можна завітаць на сайт крамы.

cudounja13.jpg

cudounja10.jpg

cudounja7.jpg

cudounja11.jpg
cudounja5.webp


Значнае і ганаровае месца ў краме займаюць палічкі з беларускімі кнігамі. Гэта адзінае месца ў горадзе, дзе можна знайсці столькі самай разнастайнай літаратуры па-беларуску: дзіцячай і дарослай, мастацкай і гістарычнай, класічнай і сучаснай. «Сучасная беларуская літаратура клёвая і цікавая, - заўважае Андрэй. – А людзі яшчэ так шмат аўтараў не ведаюць, памятаючы толькі Коласа і Купалу».  

Алёна Несцяровіч, дзякуючы якой у «Цудоўні» пануе казачная і высокаэстэтычная атмасфера, некалі патрапіла сюды выпадкова, на фотасесію ў вышыванках для газеты. Цяпер Алёна ўзгадвае, што некалі нават не ведала пра краму, хаця ўвесь час захаплялася культурай Беларусі, шукала кнігі на беларускай мове, адзенне ў этнастылі. І атрымалася так, што не толькі знайшла шмат цікавага і патрэбнага адразу, але і стала часткай «Цудоўні», засталася працаваць і прыўносіць у гэтае месца новыя ідэі.

cudounja12.jpg

Але зусім несправядліва лічыць і называць «Цудоўню» проста крамай.  Усе сем год існавання гэтае месца выконвала важную ролю культурнай пляцоўкі, на якой адбываліся дзясяткі разнастайных імпрэзаў: выступы пісьменнікаў, журналістаў і гісторыкаў, творчыя вечары, канцэрты і тэатральныя прадстаўленні, майстар-класы, танцы, выставы, курсы беларускай мовы. Уся тая значная частка беларускай культуры, якая па вядомых прычынах не знаходзіла падтрымкі ў дзяржаўных установах, трапляла да людзей дзякуючы «Цудоўні». Алёна ўзгадвае і ўласны праект пра кінапрагляды па-беларуску на свежым паветры ў дворыку каля крамы і плануе яго аднаўленне і працяг.

З культурнымі пляцоўкамі падобнай значнасці ў беларускіх гарадах, цяпер ужо нават у сталіцы, вельмі складана. А што тычыцца беларускай мовы, без яе сапраўдная беларуская культура проста немагчымая. На жаль, нават у такім гістарычна значным месцы, як Гродна, беларуская мова — нячастая з’ява. Таму такую важную ролю для горада адыгрывае «Цудоўня» — месца, дзе заўжды ёсць з кім і аб чым паразмаўляць па-беларуску.

cudounja9.jpg

cudounja4.jpg

Калі ў 2020 годзе здарылася эпідэмія каронавіруса, «Цудоўні», канечне, давялося няпроста. Не абмінулі яе і рэпрэсіі ўладаў, бо крама далучалася да агульнанацыянальнай забастоўкі. Але «Цудоўня» выжыла, цалкам захавала свой фармат і працягвае развівацца. На тле татальнай эміграцыі беларусаў за мяжу і перамяшчэння туды самых розных ініцыятыў ды ўстаноў часам можа падавацца, што ў самой Беларусі ўжо нічога і не засталося — але гэта зусім не так, і «Цудоўня» — адзін са шматлікіх таму доказаў.

Алёна і Андрэй Несцяровічы

Алёна і Андрэй Несцяровічы

...Пакуль гаспадары прымаюць віншаванні ад сяброў і знаёмых, «Цудоўня» працягвае жыць сваім жыццём, ні на хвіліну не спыняючы сваю важную місію. Пара, якая завітала за падарункам для сяброў за мяжой, хлопец, якому спатрэбіліся кантакты беларускіх гісторыкаў – кожны зможа знайсці тое, што яму трэба. «Ёсць людзі, якія пастаянна крычаць “куды каціцца гэты свет?”, а ёсць людзі, якія кацяць гэты свет», — заўважае адзін з гасцей, маючы на ўвазе пад апошнімі, канечне ж, каманду «Цудоўні». Напэўна, у гэтым яна і ёсць, беларуская нацыянальная ідэя: у руплівай стараннай працы, у любові да сваёй краіны, яе самабытнасці, яе гісторыі і жаданні рабіць усё магчымае, каб навучыць гэтай любові іншых. Мы часта кажам нашу любімую фразу «Жыве Беларусь!» – але ці заўжды нам хапае ўвагі, часу, магчымасці заўважыць тых, дзякуючы каму гэтая самая Беларусь жыве? А ведаць, заўважаць, памятаць, падтрымліваць адно аднаго — варта. Для таго, каб Беларусь жыла, не толькі на словах, але і на справе, і не толькі за мяжой, але галоўным чынам на радзіме.
Фота: Радыё Рацыя, facebook.com